Беларуская Служба

Польшча рыхтуецца да візіту амерыканскага прэзідэнта

08.08.2019 15:37
Д. Трамп прыязджае на мерапрыемствы 80-годдзя пачатку ДСВ. Магчыма, пры нагодзе закранецца пытанне адмены віз для палякаў.
Аўдыё
  • Д. Трамп прыедзе ў Польшчу на мерапрыемствы 80-га юбілею пачатку вайны
Donald Trump
Donald TrumpPAP/EPA/Chris Kleponis / POOL

Набліжаецца круглая гадавіна пачатку Другой сусветнай вайны. 1 верасня палякі будуць з вялікім размахам адзначаць гадавіну гэтай трагічнай падзеі, калі фашысцкая Германія вераломна напала на Польшчу, даючы такім чынам пачатак самаму крываваму ўзброенаму канфлікту ў гісторыі чалавецтва.

Польскія ўлады запрасілі на ўрачыстасці высокапастаўленых гасцей, у тым ліку з замежжа. Яшчэ ў чэрвені стала вядома, што падчас свайго падарожжа па Злучаных Штатах Амерыкі прэзідэнт Анджэй Дуда запрасіў свайго амерыканскага візаві наведаць 1 верасня Польшчу і прыняць удзел ва ўрачыстасцях. На днях было афіцыйна пацверджана, што амерыканскі лідар Дональд Трамп прыбудзе ў Польшчу 31 жніўня, а адправіцца назад у ЗША 2 верасня вечарам. Ён будзе прысутнічаць між іншым на мерапрыемствах у Варшаве з нагоды 80-ай гадавіны ўспышкі вайны.

Важнай падзеяй візіт Дональда Трампа называе між іншым Павел Муха, міністр з Канцылярыі прэзідэнта Анджэя Дуды. Паводле ягоных словаў, дзякуючы прыезду амерыканскага лідара, на свеце значна пашырацца веды пра тое, што менавіта Польшча была першай краінай, якая пачала змаганне з нямецкім агрэсарам.

Павел Муха нагадаў, што падчас амаль чатырохдзённага візіту Дональд Трамп будзе ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях з нагоды юбілею пачатку вайны.

- Прэзідэнт прыязджае па запрашэнні, звязаным з 80-ай гадавінай пачатку Другой сусветнай вайны. Мы імкнемся праз розныя акцыі, якія ладзіць Польшча, паказаць свету ды Еўропе, што менавіта Польшча стала першай дзяржавай, якая аказала супраціў Гітлеру. Канешне, у Польшчы, сярод палякаў гэта элементарныя веды, тут усе ведаюць, дзе ўспыхнула вайна. Аднак на свеце ня ўсе ведаюць, што ў нас пачалася Другая сусветная вайна.

На ўрачыстасці з нагоды 80-годдзя вайны запрошаны не толькі Дональд Трамп. Запрашэнне прыехаць у Польшчу атрымалі таксама ўсе дзяржаўныя кіраўнікі краін Еўрапейскага Звязу, лідары дзяржаў НАТО, генеральны сакратар альянсу, а таксама кіраўнікі краін Усходняга партнёрства. Да гэтага часу невядома, ці ў Варшаву прыбудзе на юбілей прэзідэнт Беларусі. Вядома затое, што ў сталіцы Польшчы не будзе прэзідэнта Расеі. Уладзіміра Пуціна не запрасілі, паколькі, па словах прадстаўнікоў польскіх улад, немэтазгодна запрашаць прадстаўніка дзяржавы, якая нападае на сваіх суседзяў.

Гадавіна пачатку вайны – гэта важнейшая нагода, каб запрасіць прэзідэнта ЗША ў Польшчу. Аднак падчас яго прабывання ў краіне будзе закранацца таксама праблематыка сучасных двухбаковых адносінаў. Па словах Паўла Мухі, Дональд Трамп, верагодней за ўсё, будзе казаць пра адмену амерыканскіх візаў для грамадзянаў Польшчы. На думку міністра, гэтай тэме спрыяюць як палітычныя, так і юрыдычныя абставіны.

- Гэтая тэма паяўляецца. Маім меркаваннем, мы можам спадзявацца, што прэзідэнт Дональд Трамп прадставіць свой пункт гледжання. З аднаго боку, гэта юрыдычныя магчымасці ды абставіны, з іншага боку, падзенне адсотка адмоўных адказаў, якія атрымліваюць палякі, што падаюць заявы на атрыманне візы. Ад гэтага залежыць, ці візы адменяць. Дональд Трамп ужо нейкі час таму згадаў, што назіраецца імкненне амерыканскай адміністрацыі адмяніць візы для палякаў. На маю думку, падчас візіту ў Польшчу амерыканскі прэзідэнт закране гэтае пытанне.

Падчас прабывання амерыканскага кіраўніка ў Польшчы могуць быць закранутыя таксама іншыя пытанні, між іншым праблема выплаты кампенсацыі за габрэйскую маёмасць, якая ў выпадку адсутнасці спадкаемцаў была нацыяналізаваная ў Польшчы. Амерыканскія сенатары патрабуюць, каб гэта змянілася, і польская дзяржава выплаціла кампенсацыю за вышэй згаданую маёмасць габрэйскім арганізацыям.

Польскія ўлады рашуча пратэстуюць супраць гэтага. Павел Муха заявіў, што пазіцыя Польшчы па дадзеным пытанні не мяняецца.

- Да гэтае пары на дадзеную тэму выказалі сваю пазіцыю польскі прэзідэнт, прэм’ер-міністр, лідары буйных палітычных партый. Дарэчы, выплата кампенсацый за нерухомую маёмасць, якая пасля вайны засталася без спадкаемцаў, не была б магчымай паводле польскіх законаў. Я не бачу ніякіх юрыдычных магчымасцяў, каб хто-небудзь мог выступіць з такімі патрабаваннямі.

Польскія ўлады лічаць, што іх краіна не можа адказваць за злачынствы фашыстаў, таму яны не намераны плаціць кампенсацыю за габрэйскую маёмасць.

ПР/ПТ/нг

Больш на гэтую тэму: Дональд Трамп