Беларуская Служба

У польскай арміі - сур'ёзныя планы мадэрнізацыі

02.01.2020 16:51
Войска Польскае плануе набыць знішчальнікі пятага пакалення і падводныя лодкі ды рэфармаваць сістэму ваенных закупак. 
Аўдыё
  • Галоўным прыярытэтам з’яўляецца пакупка знішчальнікаў пятага пакалення F-35
Myśliwiec F-35
Myśliwiec F-35PAP/ANSA

Прыйшоў новы год, і разам з ім польская армія рыхтуецца да мадэрнізацыі, неад’емным элементам якой з’яўляецца пакупка новай тэхнікі і ўзбраення. Сёлета прыярытэтамі стануць баявая авіяцыя і падводны флот, паведаміла абароннае ведамства Польшчы.

Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Мар’юш Блашчак расказаў Польскаму радыё пра прыярытэты ведамства ў галіне мадэрнізацыі арміі. Пакупка знішчальнікаў F-35 у ЗША, падводных лодак у Швецыі і стварэнне Агенцтва ўзбраення, якое будзе адказваць за пакупку тэхнікі і зброі для Войска Польскага - гэта асноўныя напрамкі працы Мінабароны, сказаў Блашчак.

- Мы размаўляем з нашым шведскім партнёрам, і перамовы знаходзяцца ў канчатковай стадыі. Нагадаю, набыццё былых ва ўжыванні лодак – гэта пераходны перыяд. У ведамства ёсць фінансавыя сродкі для рэалізацыі праграм па мадэрнізацыі арміі. Хачу зазначыць, што патрэбы Войска Польскага настолькі вялікія, што адразу мы не ў стане правесці мадэрнізацыю ўсёй арміі – гэта трэба рабіць паступова. Для пакупак тэхнікі і зброі мы плануем стварыць Агенцтва ўзбраення. Я ўпэўнены, што дзякуючы стварэнню гэтай структуры працэс закупак для арміі стане больш дынамічным.
Хачу падкрэсліць, што ў амаль што канчатковай стадыі знаходзіцца пытанне перамоў з амерыканскім бокам, якое тычыцца пакупкі знішчальнікаў F-35. Я ўпэўнены, што на пачатку 2020 года я змагу паведаміць падрабязнасці.

Паводле Мінабароны, галоўным прыярытэтам з’яўляецца пакупка знішчальнікаў пятага пакалення F-35. Нядаўна Блашчак паведаміў, што Варшава спадзяецца завяршыць перамовы па куплі самалётаў F-35 у студзені.

«Гэта самыя сучасныя самалёты ў свеце, якія, несумненна, дадуць польскім ВПС перавагу над магчымымі войскамі праціўніка. Гэта важная частка бяспекі нашай краіны», – заявіў міністр.

Рашэнне купіць амерыканскія знішчальнікі F-35 было прынятае некалькі месяцаў таму і з'яўляецца часткай больш шырокага пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне абароннай палітыкі паміж Польшчай і ЗША.

Польскі міністр абароны пазітыўна ацаніў момант супрацы пры пакупцы амерыканскай ваеннай тэхнікі. У прыватнасці, Войска Польскае ўвяло ў эксплуатацыю спецмашыны для перавозкі зенітных ракетных комплексаў «Пэтрыёт», купіла чатыры тактычныя шматмэтавыя верталёты Black Hawk для сіл спецаперацый, а актуальна вядзе перамовы па набыцці знішчальнікаў F-35 пятага пакалення.

У канцы верасня Кангрэс ЗША даў згоду на продаж Варшаве 32 шматмэтавых баявых самалётаў F-35. Паводле амерыканскіх крыніц, за 32 знішчальнікі Польшча заплаціць максімальна 6 млрд 500 млн долараў.

На ўзбраенні ВПС Польшчы з 2006 года ўжо знаходзяцца амерыканскія знішчальнікі F-16.

На пачатку снежня Варшава пачала са Стакгольмам перамовы, датычныя набыцця шведскіх падводных лодак. Плануецца, што Ваенна-марскія сілы Польшчы набудуць дзве лодкі тыпу A17-HMS Södermanland i HMS Östergötland, якія служылі ў ВМС Швецыі. Падлодкі павінны прайсці рамонт і мадэрнізацыю. Першапачаткова падводныя караблі трапілі б у Польшчы паводле кантракту лізінгу, а ў 2026 годзе сталі б уласнасцю польскіх ВМС.

Агенцтва ўзбраення, якое плануецца стварыць, было б падпарадкаванае не Міністэрству нацыянальнай абароны Польшчы, а Міністэрству дзяржаўных актываў, якое было створанае восенню. У склад агенцтва павінны ўвайсці большасць фірм, якія цяпер уваходзяць у склад канцэрну «Польская зброевая група». Сёння група складаецца з 63 кампаній і амаль поўнасцю залежная ад дзяржаўных заказаў. Так, з 5 млрд злотых даходу, які група атрымала ў мінулым годзе, 4 млрд – гэта сума заказаў Мінабароны.

вс

слухайце аўдыёфайл