«Амерыканцы правакуюць канфлікт з Іранам» – пад такім загалоўкам цэнтрысцкая Gazeta Wyborcza публікуе артыкул на тэму росту напружання на Блізкім Усходзе. Прычыны напружання – ліквідацыя ЗША ў пятніцу генерала Касема Сулеймані, аднаго з высокапастаўленых іранскіх генералаў, камандуючага элітнымі сіламі Ісламскай рэвалюцыйнай гвардыі, якія часта ўдзельнічалі ў замежных спецаперацыях. Афіцэр загінуў у выніку ракетнага ўдару з амерыканскага дрона. Афіцыйныя прадстаўнікі Вашынгтону заявілі пасля аперацыі, што Сулеймані неабходна было ліквідаваць, паколькі ён адказны за смерць амерыканцаў і салдат кааліцыйных сіл на Блізкім Усходзе.
Адразу ж пасля ліквідацыі афіцыйны Тэгеран у рэзкай форме асудзіў акцыю амерыканцаў, пагразіўшы помстай. Кіраўнік МЗС Ірана Джавад Зарыф назваў аперацыю ЗША «міжнародным тэрарызмам» і «прыкладам небяспечнай эскалацыі напружання», зазначыўшы, што Вашынгтон нясе адказнасць за «вынікі лайдацкай авантуры».
Gazeta Wyborcza паведамляе, што калі амерыканцы хацелі справакаваць іранцаў, то лепшага аб’екту для ліквідацыі выбраць не маглі. Справа ў тым, што 62-гадовы Касем Сулеймані, які меў мянушку «Чорны рыцар», на радзіме лічыўся амаль што героем і быў адной з уплывовых персон не толькі ў Іране, але і ў рэгіёне. Генерал быў «шэрым кардыналам» іранскай дыпламатыі, ён паступова пашыраў уплывы Тэгерану ў свеце. Кожная важная замежная аперацыя Ірану пачыналася ад прыезду на месца Сулеймані.
Эксперты па пытаннях Ірана ўпэўненыя: ліквідацыя Сулеймані – гэта сур’ёзная правакацыя. «Цягам 23 гадоў ён быў нешта накшталт нашага камандуючага спецсіламі, дырэктара ЦРУ і дзяржсакратара ў адной асобе», – сказала амерыканская крыніца, якая добра арыентуецца ў пытаннях Блізкага Усходу. «Ці прэзідэнт Трамп хоча, ці не, ліквідацыя Касема Сулеймані – гэта аб’яўленне вайны Ірану», – зазначае сураўмоўца.
Пасля забойства іранскага генерала цана нафты на лонданскай біржы павялічылася амаль на 4%, паведамляе Gazeta Wyborcza.
вс