Выданне Rzeczpospolita прэзентуе вынікі сацыялагічных апытанняў, праведзеных у Беларусі і прадстаўленых учора ў Варшаўскім універсітэце. Паводле апытання, толькі 1,4% беларусаў хацелі б, каб іх дзяржава стала часткай Расійскай Федэрацыі. Бальшыня жыхароў краіны (тры чацвёртыя) выказваюцца за ўтрыманне статус-кво. У сваю чаргу кожны чацвёрты беларус мяркуе, што неабходна актывізаваць супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам.
Пры нагодзе выданне змяшчае інтэрв’ю са старшынёй дэлегацыі па пытаннях кантактаў з Беларуссю Еўрапейскага парламенту Робертам Бедранем. На пытанне пра стаўленне да Беларусі, Бедрань адказвае, што Еўрапарламент стараецца супрацоўнічаць з беларускім парламентам, хаця гэта нялёгкая задача, паколькі парламенцкія выбары ў Беларусі парушаюць стандарты прававой дзяржавы. На жаль, па беларускім баку няма чыноўнікаў, з якімі можна было б весці нармальны палітычны дыялог. Тым не менш, ЕС прыняў пазіцыю гэтак званай крытычнай заангажаванасці, каб мяняць сітуацыю ў лепшы бок.
Бедрань кажа, што неўзабаве ЕП зладзіць адмысловае падарожжа ў Беларусь, у рамках якога дэпутаты намераны правесці гутаркі як з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў, так і апазіцыі ды грамадства. На думку Бедраня, цяпер ужо апошняя магчымасць, каб Лукашэнка наблізіў сваю краіну да Захаду. Ён павінен выслаць нейкі ясны сігнал, напрыклад, увесці мараторый на смяротнае пакаранне. Пакуль што такіх сігналаў з яго боку няма.
Калі ў 2014 годзе на Крым увайшлі так званыя ветлівыя людзі, свет і Еўрапарламент «рашуча асудзіў» дзеянні Расіі, але гэта нічога не змяніла. Украінскі ўрок паказвае, што неабходна дзейнічаць больш станоўча, каб падобнае не здарылася з Беларуссю. Аднак неабходныя таксама саступкі з боку самога Лукашэнкі, інакш жыхары Еўропы могуць спытаць: чаму мы ім павінны дапамагаць, калі Лукашэнка гадамі фліртуе з Пуціным?
Руслан Шошын/нг