Польскія палітыкі з энтузіязмам выказваюцца пра вынікі візіту Эманюэля Макрона ў Польшчу. Называюць візіт вельмі важным і кажуць пра пералом у польска-французскіх адносінах.
Да ўчорашняга дня стасункі на лініі Варшава-Парыж акрэсліваліся як халодныя. Рознагалоссі тычыліся многіх аспектаў, між іншым, кліматычнай палітыкі, падыходу да мігрантаў, адносін з Расіяй. Французскі прэзідэнт за час свайго паўнамоцтва не прыехаў з візітам у Польшчу.
Двухдзённы візіт, які распачаўся ўчора, польскія ўлады называюць пераломным. Разам з прэзідэнтам Францыі прыехалі чатыры міністры, а таксама прадстаўнікі бізнесу. Паміж краінамі была падпісаная комплексная праграма польска-французскай супрацы, дэкларацыя аб жаданні ўзмацніць супрацу ў галіне кібербяспекі.
Эманюэль Макрон запрапанаваў у бліжэйшыя месяцы склікаць саміт Ваймарскага трохкутніка (Польшча, Францыя і Нямеччына). Дадаткова, каб сустрэча прайшла з удзелам прадстаўнікоў парламенту.
Абодва бакі на прэс-канферэнцыях згодна паўтаралі, што пачынаецца новы этап у адносінах Польшчы і Францыі. Польскі прэм’ер абмяркоўваў з прэзідэнтам Францыі пытанні бюджэту Еўразвязу і сельскагаспадарчую палітыку ЕЗ. Матэвуш Маравецкі адзначыў, што ў пытанні сельскай гаспадаркі Польшча і Францыя маюць шмат агульных элементаў. Паводле яго, гэта будзе пазітыўны крок у дыскусіі аб добрай бюджэтнай перспектыве на чарговыя гады:
- Я рады, што мы разам з прэзідэнтам пацвердзілі, на колькі важнай з’яўляецца супольная еўрапейская сельскагаспадарчая палітыка. Што мы павінны быць самадастатковымі ў вытворчасці прадуктаў харчавання. Што мы хочам захаваць сельскагаспадарчы характар тых тэрыторый, дзе цяпер фермерства развіваецца. Выраўніваць даплаты такім чынам, каб яны былі справядлівымі для ўсіх фермераў.
Паводле французскага прэзідэнта, бяспека абароны з’яўляецца важнай справай пасля выхаду з ЕЗ Вялікабрытаніі. Эманюэль Макрон падкрэсліваў, што Францыя хоча паглыбіць супрацоўніцтва на карысць бяспекі ў Еўропе:
- Калектыўная бяспека Еўропы, якая на першае месца ставіць інтарэсы еўрапейскіх партнёраў, і якая вымагае павелічэння еўрапейскіх абаронных здольнасцяў, але не супраць НАТА, а дадаткова, узмацняючы альянс. Для мяне праекты, якімі мы займаемся – аперацыйныя, у тым ліку кібербяспека, з’яўляюцца важным элементам новага этапу ў гісторыі Еўропы.
Адначасова з візітам прайшоў Першы Польска-французскі форум прамысловасці будучыні. У ім удзел прынялі больш за 400 фірм з Польшчы і Францыі, галоўным чынам з прамысловай галіны, зялёнай гаспадаркі і эканомікі закрытага цыклу.
Дырэктар Канфедэрацыі Левятан (суарганізатар форуму) Мацей Вітуцкі спадзяецца, што візіт прэзідэнта Эманюэля Макрона вызначыць новы этап у гаспадарчых адносінах палякаў і французаў.
- Ёсць вялікая надзея, што, з аднаго боку, гэта палітычны жэст – прыезд прэзідэнта і вялікай дэлегацыі міністраў. З іншага боку, гэты палітычны рух трапляе ў дакладны момант, калі Польшчы патрэбная падтрымка і ідэі ў кліматычнай палітыцы, энергетыцы, збройнай прамысловасці ці новых тэхналогій. Гэта добрае супадзенне, у выніку якога мы атрымалі палітычную згоду на найважнейшыя гаспадарчыя праекты. Таму Польшча і Францыя могуць знайсці агульны шлях.
Мацей Вітуцкі мяркуе, што Польшча і Францыя могуць супрацоўнічаць у галіне энергетыкі, у цяжкой прамысловасці, узбраеннях.
Тое, што Польшча хоча супрацоўнічаць з Парыжам у пытанні аднаўляльных крыніц энергіі, пацвердзіў польскі міністр па пытаннях клімату Міхал Куртыка. Супраца магла б тычыцца, між іншым, развіцця тэхналогій і выпуску абсталявання для вытворчасці зялёнай энергіі:
- Вытворчасць фотавальтаікі, цеплавых помпаў. Гэта прамысловасці, у якіх у бліжэйшыя гады будзе адбывацца дынамічнае развіццё. Варта, каб яны былі агульнай сферай супрацы паміж Польшчай і Францыяй. Як да гэтага часу добра функцыянавала супрацоўніцтва ў галіне эка-гарадоў.
Міністр Міхал Куртыка зазначыў, што Польшча і Францыя будуць супрацоўнічаць і пытаннях выкарыстання вадароду.
Для Польшчы Францыя з'яўляецца шостым самым вялікім гандлёвым партнёрам, а ўзровень гандлёвага абмену абедзвюх краін у 2018 годзе склаў 21 млрд еўра. Францыя знаходзіцца на чацвёртым месцы, калі гаворка ідзе пра колькасць фірм і грошы, інвеставаныя ў Польшчы.
ав