Турнэ дзяржсакратара ЗША Майка Пампеа па краінах, якія раней уваходзілі ў склад СССР, вельмі занепакоіла Расію, – піша Вацлаў Радзівіновіч на старонках выдання «Gazeta Wyborcza» (GW). Каментатары ў Маскве пісалі, што ўсе суседзі «уцякаюць з братэрскіх абдымкаў Расіі».
Кіраўнік амерыканскай дыпламатыі Майк Пампеа ў пятніцу пабываў ва Украіне, у суботу ў Беларусі, у нядзелю наведаў Казахстан, а ў панядзелак Ташкент, дзе на сустрэчу запрасіў міністраў замежных справаў Узбекістану, Казахстану, Кыргызстану, Таджыкістану і Туркменістану. На гэтай сустрэчы з чальцамі АДКБ (Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан) ён абмяркоўваў ваеннае супрацоўніцтва.
«Независимая газета» напісала, што на тэрыторыі былога СССР няма ўжо дзяржавы, у якой ЗША не спрабуюць заняць месца, пакінутае Расіяй. Паводле штодзёнкі, цяпер Беларусь можа пайсці па шляху Украіны, дзе ў мінулым усё пачалося збліжэннем з НАТА, а закончылася парваннем адносін з Расіяй.
Крэмль найбольш непакоіць новая якасць ва ўзаемадачыненнях Вашынгтона і Мінска. Пампеа заявіў, што неўзабаве, пасля 12 гадоў перапынку, у Беларусь вернецца пасол ЗША. Гаварыў таксама аб перспектывах супрацоўніцтва Беларусі з НАТА, а таксама пра «супрацоўніцтва спецслужбаў абедзвюх краін».
Амерыканскі дзяржсакратар таксама не шкадаваў кампліментаў у адрас гаспадара ў Мінску, якога яшчэ нядаўна амерыканцы называлі «апошнім дыктатарам Еўропы» – напісаў Вацлаў Радзівіновіч у GW.
яс