Беларуская Служба

Былы кіраўнік МЗС Літвы перасцерагае Польшчу ад выхаду з ЕЗ

30.04.2020 11:53
Польскія дыпламаты ў Вільні перакананыя, што такія заявы Валіёніса ідуць на руку тым, хто «бачыць карысць у рознагалоссях паміж чальцамі ЕЗ і НАТА». 
.
.pixabay.com/CC0 Public Domain/S. Hermann & F. Richter

Антанас Валіёніс, літоўскі дыпламат, шмат гадоў звязаны з Варшавай, мяркуе, што выхад Польшчы з Еўрапейскага Звязу стаў абсалютна рэальным. – І гэта было б нядобра для Літвы, – заявіў палітык падчас інтэрвʼю для штодзённай газеты Rzeczpospolita.

- Польшча, кіраваная «Правам і справядлівасцю», павольна рухаецца ў недэмакратычны бок, што пачалося з захопу Канстытуцыйнага суда, і цяпер гэта відаць на прыкладзе падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў. Ідэалогія кіруючай партыі можа прывесці ў доўгатэрміновай перспектыве да PolExit. Хоць пераважная большасць палякаў цяпер выступае за знаходжанне ў Еўразвязе, – падкрэслівае ў гутарцы з газетай Rzeczpospolita былы міністр замежных спраў Літвы Антанас Валіёніс.

Некалькімі днямі раней на партале папулярнага Літоўскага тэлебачання TV3 ён упершыню перасцярог ад рызыкі выхаду Польшчы з ЕЗ.

На гэта адрэагавала «са шкадаваннем» польская амбасада ў Вільні. У паведамленні ў Facebook дыпламатычная пляцоўка назвала заяву Валіёніса «несправядлівай і аднабаковай» і, перш за ўсё, ударам па стратэгічным партнёрстве Польшчы і Літвы. Польскія дыпламаты ў Вільні перакананыя, што такія заявы Валіёніса ідуць на руку тым, хто «бачыць карысць у рознагалоссях паміж чальцамі ЕЗ і НАТА». Амбасада Польшчы ў Літве таксама прыгадвае словы прэмʼер-міністра Матэвуша Маравецкага аб тым, што «ніхто ў Польшчы не думае» аб выхадзе з Супольнасці.

Антанас Валіёніс займаў пасаду міністра замежных спраў Літвы ў 2000-2006 годзе. Да гэтага – з ліпеня 1994 па лістапад 2000 – быў літоўскім амбасадарам у Варшаве, да дыпламатычнай карʼеры атрымаў доктарскую ступень у Варшаўскім універсітэце. Цяпер Антанас Валіёніс дыпламат у адстаўцы. Ён падкрэслівае, што выказвае асабістае меркаванне, а не афіцыйную пазіцыю ўраду Літвы. Каментар былога літоўскага дыпламата і рэакцыю на яго асвятлялі ў штодзённцы Rzeczpospolita.

эж