Невядома, ці помнік польскім ахвярам нямецкай акупацыі будзе ўсталяваны ў Берліне. Справа ў тым, што Бундэстаг пачаў сур'ёзна разглядаць ідэю стварэння адзінага мемарыяла, прысвечанага ўсім грамадзянскім ахвярам нямецка-фашысцкіх злачынстваў у Еўропе, інфармуе Пётр Ендрошчык у сваім артыкуле ў выданні Rzeczpospolita.
З новай прапановай выступіў старшыня навуковай рады Фонду помніка забітым габрэям Еўропы прафесар Вольфганг Бенц (Wolfgang Benz). Гаворка ідзе пра гэтак званы помнік Халакосту ля Брандэнбургскай брамы.
Паводле навукоўца, праект помніка выключна польскім ахвярам уяўляе сабой небяспеку нацыяналізацыі памяці. Ён адзначыў, што могуць з'явіцца і іншыя нацыянальныя патрабаванні, пра якія, паводле яго, ужо чуваць ва ўкраінскім асяроддзі.
У лістападзе 2017 года ініцыятарам ушанавання памяці 6 мільёнаў ахвяраў нямецкіх злачынстваў у Польшчы стаў Фларыян Маўсбах (Florian Mausbach). Гэта 73-гадовы вядомы архітэктар-пенсіянер, які ў мінулым ініцыяваў шэраг іншых помнікаў, звязаных з ушанаваннем памяці габрэйскіх ахвяраў нацызму.
Паводле яго прапановы, варта ўшанаваць Польшчу, бо Другая сусветная вайна пачалася з нашэсця на яе, і тут было прапарцыйна найбольш ахвяр. Ідэю падтрымалі больш за сто нямецкіх палітыкаў, навукоўцаў і грамадскіх актывістаў. Год таму зварот па гэтай справе падтрымалі таксама прадстаўнікі пяці фракцый Бундэстага, гэта значыць, пераважная большасць парламента, апрача правай „Альтэрнатывы для Германіі”.
Але ўжо тады ў посткамуністычных левых сілах чуваць было ацэнкі, што лепей выступаць за „адно цэнтральнае мемарыяльнае месца”, прысвечанае ахвярам нямецкай вайны ва Усходняй Еўропе, то бок прысвечанае палякам, беларусам, украінцам і іншым народам.
Пасля ліста прафесара Бенца да Бундэстагу сумненні з'явіліся ў фракцыі СДПГ (Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі), кааліцыйнага партнёра ХДС (Хрысціянска-дэмакратычны саюз Германіі)/ХСС (Хрысціянска-сацыяльны саюз у Баварыі), дзе прыхільнікаў знайшла ідэя стварэння інфармацыйна-дакументальнага цэнтра, прысвечанага нямецкай акупацыі ў Еўропе.
„У нас сапраўды ёсць праблема. Зараз на парадку дня дзве ідэі: помнік польскім ахвярам і помнік усім ахвярам па ўсёй Еўропе. Я лічу, што яны не мусяць быць узаемавыключальнымі”, - тлумачыць у размове з газетай дэпутат ад СДПГ Дзітмар Нітан (Dietmar Nietan), які з самага пачатку быў заангажаваны ў ідэю стварэння новага помніка.
„З другога боку, ніхто ў Германіі не можа ігнараваць меркавання прафесара Вольфганга Бенца - вядомага гісторыка ў галіне даследаванняў антысемітызму. У яго ёсць падтрымка ў габрэйскіх колах не толькі ў Германіі”, - кажуць неафіцыйна прадстаўнікі нямецкага Міністэрства замежных спраў у Берліне.
Яны падкрэсліваюць, што значная частка габрэйскай супольнасці ў Германіі паходзіць з былога Савецкага Саюза, што можа паўплываць на пазіцыю самога прафесара Бенца. Рэалізацыя ягонай ідэі зводзіцца да паўторнага ўшанавання габрэйскіх ахвяраў нямецкага нацызму, апрача існуючага помніка Халакосту.
„Я лічу, што ягоная ідэя адзінага мемарыялу, прысвечанага ўсім ахвярам нямецкай акупацыі ва Усходняй Еўропе „ад Пірэнеяў па Урал”, можа прывесці ў выпадку Польшчы да рэлятывізацыі значэння Пакта Молатава-Рыбентропа й падзеяў, якія адбыліся паміж уварваннем Трэцяга рэйха ў Польшчу і пачаткам вайны Германіі з Савецкім Саюзам”, - сказаў газеце Rzeczpospolita гісторык прафесар Стэфан Трыбст (Stefan Troebst).
аз