Калі ў ліпені мінулага году міністры замежных спраў Польшчы, Літвы ды Украіны заявілі пра стварэнне так званага «Люблінскага трохкутніка», ніхто не сумняваўся, што Беларусь да гэтай структуры не далучыцца. Нягледзячы на выключна глыбокую адлігу ў адносінах краіны з заходнімі дзяржавамі ў першай палове году, было зразумела, наколькі далёка знаходзяцца беларускія ўлады ад фармату паглыбленай супрацы з заходнім, паўночным і паўднёвым суседам. Аднак пасля жнівеньскіх выбараў, на якіх імаверна перамагла Святлана Ціханоўская, беларускае грамадства паказала, што яно гатовае да інтэграцыі з Еўропай, а Ціханоўская выдатна дамаўляецца з удзельнікамі «Люблінскага трохкутніка».
Ціханоўская і Лукашэнка – зацятыя ворагі, але ў адным яны згодныя – 2021 год будзе вырашальным для Беларусі. Падобнае меркаваннем выказвае большасць экспертаў. Калі гэта так, то вельмі важна сачыць за палітычнымі працэсамі, якія адбываюцца ў Беларусі, аналізаваць іх. Дзеля гэтага ў навукова-адукацыйнай установе Студыюм Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту была створана група экспертаў, якая займаецца аналізам сітуацыі ў Беларусі і магчымасці інтэгравання яе ў еўрапейскую супольнасці пасля свабодных, дэмакратычных выбараў. Надоечы быў прадстаўлены першы даклад, падрыхтаваны вышэй названымі экспертамі.
Незалежнасць Беларусі – адно з важнейшых пытанняў для будучыні нашага рэгіёну. Аб гэтым між іншым ідзе гаворка ў дакуменце. Як толькі ў Беларусі ўдасца правесці свабодныя выбары, краіна павінна быць запрошана ў Люблінскі трохкутнік, – адзначае дырэктар Студыюму Усходняй Еўропы Ян Маліцкі.
- Калі будзе абраны дэмакратычны ўрад, і нам не прыйдзецца думаць, як дапамагчы рэпрэсаваным беларусам, мы зможам вярнуцца да канцэпцыі развіцця рэгіёну. Гаворка ідзе пра літоўскую прапанову, якая называецца Люблінская чацвёрка. Гэта новы палітычна-грамадска-навуковы фармат, у які ўвойдзе, акрамя Польшчы, Літвы і Украіны, таксама Беларусь. І такім чынам паявіцца чацвёрка замест тройкі. Да таго часу, пакуль у Мінску не адбудзецца змена ўлады на дэмакратычную, усе афіцыйныя сустрэчы будуць насіць сімвалічны характар – пустога крэсла, якое будзе чакаць дэмакратычна абранага прадстаўніка Беларусі.
Узначаліў групу экспертаў-аналітыкаў Ежы Марэк Навакоўскі – гісторык, публіцыст, дыпламат, пасол Польшчы ў Латвіі і Арменіі. Ён паўтарыў тэзісы, якія часта гучаць з вуснаў экспертаў аб тым, што Беларусь з’яўляецца важнейшым звяном стабільнасці нашага рэгіёну – без незалежнай Беларусі цяжка казаць пра незалежнасць Украіны, пра бяспеку Літвы, Латвіі ды Эстоніі, а таксама Польшчы.
- Беларускае грамадства прачнулася ў 2020 годзе, выразна заявіла, чаго яго хоча – мадэрнізацыі і дэмакратызацыі. Гэтае жаданне ўтапілі ў хвалі рэпрэсіяў. У выніку гэтых рэпрэсій вялікая частка прадстаўнікоў беларускай эліты была прымушана ўцячы за мяжу. Цяпер яны дзейнічаюць на тэрыторыі Літвы, Польшчы, Латвіі – тых суседзяў, якія ўвайшлі ў Еўрапейскі Саюз. Наша група экспертаў па ідэі павінна падказваць як беларускім дэмакратычным лідарам, так і палітыкам у Польшчы ці шырэй у ЕС і ЗША, дзе і якія назіраюцца праблемы і дзе шукаць шляхі іх вырашэння. У першым нашым дакладзе ёсць між іншым інфармацыя пра глыбокія змены ў беларускім грамадстве, на падставе даследаванняў выбітнага беларускага сацыёлага праф. Андрэя Вардамацкага.
Беларускае грамадства выразна падзеленае, адна частка не хоча слухаць аргументаў іншага боку і наадварот. Гэты раскол пачаўся нейкі час таму, але ён выразна паглыбіўся ў другой палове мінулага году. Раскол праходзіць далёка не пасярэдзіне грамадства, адна яго частка значна меншая, другая – большая. Афіцыйная прапаганда прапануе сваё бачанне развіцця Беларусі, яе месца ў свеце. Яно састарэлае, не прымальнае для маладога пакалення. Бальшыня насельніцтва Беларусі не згодная з такім бачаннем свету. Але гэта не азначае, што беларусы пачынаюць марыць пра далучэнне іх краіны да Еўрапейскага Саюзу, – адзначае доктар гуманітарных навук, галоўная рэдактарка часопісу «Грамадства і палітыка» Юстына Алендзка.
- Мы спрабуем пазбегнуць пасткі фальшывай дыхатаміі – што беларусы выбіраюць або Расію і Лукашэнку, або ЕС. Паводле нашых аналізаў, цяпер беларусы не глядзяць на свет праз ідэалагічную прызму, яны не гатовыя выбіраць праміж Расіяй і Захадам. На іх погляды больш уплываюць сапраўдныя падзеі, чым ідэалогія. Каля паловы беларусаў мяркуе, што Беларусь павінна выконваць ролю мосту паміж Расіяй і ЕС, мець добрыя адносіны з двума бакамі. Змена светапогляду адлюстроўваецца таксама ў інфармацыйнай прасторы. Ёсць у Беларусі афіцыйныя СМІ, якія слухае і глядзіць усё менш беларусаў, і ёсць сеціва, адкуль шмат людзей атрымлівае інфармацыю пра свет, а не з медыяў, кантраляваных рэжымам.
Дэбаты экспертаў прайшлі падчас прэзентацыі першага даклада, прысвечанага сітуацыі ў Беларусі, падрыхтаванага аналітыкамі Студыюму Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту.
нг