Беларуская Служба

У Польшчы змяніўся кантынгент арміі ЗША, які размяшчаецца ў рамках вайсковай супрацы

08.07.2021 15:02
Планавая ратацыя танкавых брыгад і баявой авіяцыі арміі ЗША ў Еўропу праводзіцца з 2017 года.
Фота мае илюстрацыйны характарBumble Dee/ Shutterstock

Як паведамілі ў арміі ЗША, першы эшалон цяжкой ваеннай тэхнікі танкавай брыгаднай баявой групы арміі ЗША прыбыў марскім шляхам у Еўропу, чытаем на сайце defence24.pl. На гэты раз разгрузка ажыццяўляецца ў порце Гданьск, адкуль яна затым адправіцца ў польскія гарнізоны ў рамках наступнай летняй ратацыі амерыканскай арміі.

1-я танкавая брыгадная баявая група «Devil Brigade» ўваходзіць у склад 1-й пяхотнай дывізіі «Big Red One», якая звычайна знаходзіцца ў базе Форт-Райлі ў штаце Канзас, ЗША. Група складаецца з трох танка-механізаваных батальёнаў, разведвальнага батальёна (эскадрону) і асобных батальёнаў: палявой артылерыі, сапёраў і падтрымкі. Яна карыстаецца танкамі Abrams, баявымі машынамі сухапутных войскаў і самаходнымі гаўбіцамі.

Планавая ратацыя танкавых брыгад і баявой авіяцыі арміі ЗША ў Еўропу праводзіцца з 2017 года. Прысутнасць гэтых падраздзяленняў павінна падтрымаць здольнасць войскаў ЗША да хуткага рэагавання на пагрозы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Польска-амерыканскае пагадненне аб пашыраным вайсковым супрацоўніцтве (EDCA) ад жніўня 2020 года прадугледжвае ўдзел Польшчы ў пашырэнні інфраструктуры гэтых падраздзяленняў. Камандаванне бранятанкавых частак размяшчаецца ў горадзе Жагань.

Пры гэтым сертыфікацыю бранятанкавая адзінка атрымлівае ў нямецкім комплексе Графенвер-Хоэнфельс. У будучыні гэта можна будзе рабіць у Польшчы, пасля пашырэння цэнтра баявой падрыхтоўкі ў Драўску-Паморскім, чытаем на парталу defence24.pl.

аев