Беларуская Служба

Сяргей Бульба: Цяпер ва Украіне вырашаецца будучыня Беларусі — Украіна пераможа і гэта шанс для нас

07.07.2022 18:40
Стваральнік першых сучасных беларускіх ваенна-патрыятычных арганізацый Сяргей Бульба лічыць, што калі б Украіна прайграла ў вайне, то Беларусь не вызвалілася б ад Расіі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". С.Бульба пра бел.-укр. адносіны.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Pixabay.com

Беларусь і Украіна сёння з’яўляюцца ахвярамі агрэсіі імперыялістычнай ксенафобскай Расіі. Адно з адрозненняў сітуацыі Мінска і Кіева заключаецца ў тым, што ў Мінску кіруе прамаскоўскі рэжым, а Кіеў змагаецца са спробай Расіі захапіць Украіну.

Ва Украіне і да вайны сфарміравалася нацыя, якая ўсведамляе сваю адметнасць ад рускіх. Цяпер гэта нацыя ўмацоўваецца за кошт далучэння да яе тых людзей, якія яшчэ нядаўна адчувалі эмацыянальную сувязь з Расіяй. Пакуль гэту сувязь не абарвалі прылёты расійскіх ракет, што нясуць смерць усім жыхарам Украіны. Ляцяць гэтыя ракеты ў т.л. з тэрыторыі Беларусі.

У сувязі з гэтым у некаторых украінцаў узнікаюць пытанні, а якую ролю беларусы адыгрываюць у вайне Масквы супраць Украіны.

Сваімі думкамі па гэтай праблеме дзеліцца Сяргей Бульба, адзін з заснавальнікаў у 1990-я гг. Беларускага згуртавання вайскоўцаў, ваенна-патрыятычнай арганізацыі “Белы легіён”, якая актыўна супрацоўнічала з аналагічнымі ўкраінскімі структурамі. А цяпер Сяргей Бульба ўзначальвае ўкраінскую ГА “Беларусь 2.0. Робім разам”.

Сяргей Бульба:Беларусь неаднародная. Мы яшчэ ў 2014 г. гаварылі ўкраінцам, што Беларусь і Лукашэнка — гэта розныя рэчы. А некаторыя ўкраінцы яшчэ тады разважалі, што Лукашэнка гэта “хазяйсцвенік”, “нам бы такога”, і не чулі нас, калі мы спрабававалі ім нешта тлумачыць.

Беларусы ж падзяляюцца на некалькі груп. Самыя шкодныя для нас — гэта “рускамірцы”, іх 5-7%, якім без Расіі проста няймецца, якія хочуць увайсці ў склад РФ.

Тых, хто галасаваў за Зянона Пазняка, можна аднесці да свядомых беларусаў, “ліцвінаў”.

А трэцяя група — гэта лукашэнкаўскія савецкія беларусы, якія быццам бы і маюць нейкі сентымент да Беларусі, але ён для іх абсалютна не вызначальны.

Сяргей Бульба лічыць, што адным з галоўных маркераў, які вылучае савецкіх і свядомых беларусаў у розныя сацыяльна-этнічныя групы, з’ўляюцца адносіны да беларускай мовы.

Сяргей Бульба:Бабка, якая мяне гадавала, Надзя Бульба, была непісьменная, але ж гаварыла на цудоўнай беларускай мове, фактычна літаратурнай. На мяне гэта зрабіла такі ўплыў, што потым прачнулася — у студэнцкія, курсанцкія гады.

А бацька мой не гаварыў па-беларуску, у ім нічога не прачнулася. Ён мне тлумачыў: “Сын! Я 40 год вучыў гэту сраную рускую мову, каб мяне нарэшце перасталі падколваць, што я калхознік, і калі я зараз пачну “назад” гаварыць па-беларуску, то гэта будзе гучаць, як Лукашэнка гаворыць па-руску”.

Аднак гэтых людзей не трэба адштурхоўваць, гаварыць, што гэта не беларусы, не нашы. З імі трэба працаваць.

Бо нават ва Украіне ў 2020 г. толькі 65% лічылі Расію ворагам — дарма, што яна забрала Крым і паграміла Данецк.


Сяргей Бульба. Сяргей Бульба.

Вяртаючыся да вайны ва Украіне, Сяргей Бульба адзначае, што гэта гістарычная падзея не толькі для гэтай краіны.

Сяргей Бульба:Цяпер ва Украіне вырашаецца будучыня Беларусі. І калі мне гавораць, што гэта “не наша вайна”, то я гавару, што гэта наша вайна, бо калі б Украіна прайграла, Беларусь ужо ніколі не выбралася б з абдымкаў Расіі. Але я ўпэўнены, што Украіна пераможа — і гэта дае вялікі шанс і нам.

У 2020 г. у Беларусь на дапамогу братняму тады яшчэ народу — беларусам магло прыехаць толькі праз мяне 5 тыс. украінцаў, з баявым вопытам (у Данбасе. — Рэд.). Але Лукашэнка робіць бізнес з Украінай. І ён мае лобі ў сілавых структурах, Кабміне Украіны, дзе “працоўныя дынастыі” сядзяць. Менавіта яны ляглі касцьмі, каб у Беларусь не прыехалі ўкраінцы.

На жаль, многія беларусы знаходзяцца ў стане ахвяры, маўляў, не мы пускаем ракеты ва Украіну, не мы дапусцілі Лукашэнку. Мы... І нам прыйдзецца навучыцца браць за гэта адказнасць, прайсці ўсім народам гештальт.

Сяргей Бульба не раіць беларусам чакаць, што нехта ім прынясе свабоду.

Сяргей Бульба:Памылка 2020 г. грунтуецца на тым, што нас выйдзе сто тысяч, і міліцыя пяройдзе на на наш бок. Не, не пяройдзе. Чаму яна мусіць пераходзіць? Яны за сваю стабільнасць баяцца. З іх выгадавалі асобную касту.

Так што нам давядзецца многа што перагледзець у саміх сабе...

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Дырэктар Палаца вялікіх князёў літоўскіх: З XV ст. мы добра ведаем хлусню і агрэсію Масквы

26.05.2022 16:05
Дырэктар Палаца вялікіх князёў літоўскіх у Вільні Відас Далінскас атрымаў польскую Прэмію імя Гейштара за папулярызацыю спадчыны Польшчы і Літвы.

Гісторык: Яшчэ ў XVI ст. нават у Польшчы не ўсе разумелі агрэсіўную сутнасць Масковіі

02.06.2022 16:02
Калі вялікапольская шляхта прапаноўвала на польска-літоўскі трон Івана Грознага, беларуска-ўкраінскія паны гэтаму супраціўляліся, бо ведалі сутнасць Масквы, адзначае гісторык Херонім Граля.