Беларуская Служба

Гісторык: Яшчэ ў XVI ст. нават у Польшчы не ўсе разумелі агрэсіўную сутнасць Масковіі

02.06.2022 16:02
Калі вялікапольская шляхта прапаноўвала на польска-літоўскі трон Івана Грознага, беларуска-ўкраінскія паны гэтаму супраціўляліся, бо ведалі сутнасць Масквы, адзначае гісторык Херонім Граля.
Аўдыё
  • Варшаўскі мост. Х.Граля пра ВКЛ і ВКМ у XVI ст.
     .           .
Фрагмент кафлі з гербам ВКЛ "Пагоня". З калекцыі Нацыянальнага музея — Палаца вялікіх князёў літоўскіх у Вільні.https://www.valdovurumai.lt/muziejaus-veikla/rinkiniai

Расія і Русь — паняцці гістарычна сінанімічныя, хаця ўжо даўно набылі розныя адценні. Аднак, , напрыклад, па-англійску Russia, па-нямецку Russland — гэта даслоўна Русь. А ў канцы XVI ст. Расіяй называлі сваю бацькаўшчыну жыхары Львова. У той жа час продкі ўкраінцаў і беларусаў, лічачы сябе жыхарамі Русі–Расіі, якая ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства, суседнюю дзяржаву на ўсходзе называлі Масковіяй. Інакш кажучы, сучасныя прэтэнзіі Масквы на ўсю рускую спадчыну абсалютна беспадстаўныя.

Музей Варшаўскага ўніверсітэта, Цэнтр даследаванняў культуры Варшавы Варшаўскага ўніверсітэта і Асацыяцыя музеяў пры ВНУ ў канцы мая арганізавалі лекцыю вядомага польскага славіста, а таксама дыпламата, выкладчыка факультэта Artes Liberales («Свабодных мастацтваў») Варшаўскага ўніверсітэта Хероніма Гралі пра месца ўкраінскіх (і шырэй — рускіх, г.зн. і беларускіх) зямель у шматвяковым супрацьстаянні дзяржавы Ягелонаў, Рэчы Паспалітай і Масквы, як у тэрытарыяльным і ваенным аспекце, так і ў ідэалагічным кантэксце (кіеўская традыцыя, спадчына Рурыкавічаў, іншая грамадска-палітычная, цывілізацыйная і рэлігійная праблематыка).

Варта сказаць некалькі слоў пра Хероніма Гралю. Ён аўтар трох кніг і некалькіх соцень артыкулаў у польскіх і замежных навуковых выданнях. Вучоны з’яўляецца членам Камісіі гісторыкаў Польшчы і Расіі, былым дырэктарам Польскіх інстытутаў у Санкт-Пецярбургу і Маскве, былым першым саветнікам пасольства Рэспублікі Польшча ў Маскве.

Херонім Граля напамінае, што падзел на дзве Русі — польска-літоўскую і маскоўскую — у сярэдневякоўі быў абумоўлены ў т.л. рэлігійным фактарам.

Херонім Граля: — Лінія падзелу тэрыторыі Русі паміж Масквой і польска-літоўскай дзяржавай праходзіла таксама па лініі размежавання дзвюх мітраполій усяе Русі — маскоўскай і кіеўскай.

Тое, што тэрмін “усяе Русі” выкарыстала Масква, праігнаравалі дыпламаты дзяржавы Ягелонаў. А ў будучыні гэта адбілася і на іх, і на нас.

Пазней гэты канфлікт перарасце ў тэрытарыяльны — з-за Полацка, Смаленска, беларускіх зямель, але пачатак яго ляжыць на ўкраінскіх землях. Спярша, пры маскоўскім вялікім князі Івану ІІІ, у 90-я гады XV ст., выбухнула г. зв. дзіўная вайна — маскоўская экспансія на чарнігаўска-северскія землі. Там дзяржава Ягелонаў панесла вялікія тэрытарыяльныя страты, якія пагражалі ўсёй мадэлі дзяржавы, цэласнасці граніц.

Тое, што былі страчаны вярхоўскія княствы ў верхнім цячэнні Акі або фарпосты Альгерда, а затым Ягелонаў у раёне Барадзінскага поля, каля Мажайска і пад Вязьмай, не мела вялікага значэння. Бо ўтрымаць гэтыя тэрыторыі было амаль немагчыма. Тое ж можна сказаць пра Адоеўскае і Варатынскае княствы.

Аднак страта ўсёй Севершчыны і Чарнігаўшчыны — гэта быў магутны ўдар. Такім чынам праціўнік фактычна даходзіў да цячэння Дняпра, найважнейшай артэрыі гэтай часткі дзяржавы Ягелонаў.

Першы этап агрэсіі ВКМ паказаў, на які ідэалагічны змест будзе абапірацца маскоўская экспансія і да чаго гэта прывядзе на практыцы.

Калі гаварыць пра ідэалагічны змест, то вялікі князь маскоўскі, як Рурыкавіч, прэтэндаваў на ўсю Русь. Гэта было г.зв. збіранне рускіх зямель, якое разумелася як аб’яднанне пад скіпетрам маскоўскага князя ўсіх гістарычных рускіх правінцый, якія калісьці складалі вялікую сямейную манархію Рурыкавічаў.

Па-другое, павінна была быць забяспечана царкоўная еднасць — г.зн. падпарадкаванне той рускай царкоўнай структуры, якая служыла вялікаму князю маскоўскаму.

Херонім Граля звяртае ўвагу на тое, што праваслаўныя (рускія — у гістарычным, не ў сучасным значэнні) свяшчэннікі ў ВКЛ і Польшчы ў ВКМ успрымаліся не як патэнцыяльныя саюзнікі, а як ворагі.


Херонім Граля. Херонім Граля.

Херонім Граля: — Гэта былі вельмі лаяльныя асяроддзі, непасрэдна звязаныя з элітай дзяржавы, бо вельмі часта з яе паходзілі. Епіскапы, архімандрыты паходзілі з вядомых шляхецкіх родаў, часам княжацкіх.

І калі мы назіраем за іх паводзінамі на працягу XVI ст., ажно да Берасцейскай уніі, то на працягу ста гадоў змагання з Масквой не было ніводнага епіскапа, які перайшоў бы на бок Масквы.

Затое тыя епіскапы, якія знаходзіліся ў гарадах, занятых Масквой, былі зняты са сваіх пасад і сасланы на Ку́бенскае возера ў сучаснай Валагодскай вобласці Расіі. Гэта было, трэба сказаць, парушэннем кананічнага права. Бо маскоўскі мітрапаліт, а тым больш вялікі князь маскоўскі не меў ніякага права ўмешвацца ва ўнутраныя справы епіскапстваў, якія належалі да Кіеўскай мітраполіі, якая падпарадкоўвалася патрыярху ў Канстанцінопалі.

Херонім Граля адзначае, што калі ВКМ пачало праводзіць агрэсіўную палітыку ў адносінах да ВКЛ, то яго ўсходнія рубяжы абаранялі рускія, або, як мы сказалі б сёння, беларуска-ўкраінскія паны.

Херонім Граля: — Прайшло некалькі стагоддзяў, і мы выстаўляем ім рахункі: маўляў, гэта Русь, гэта праваслаўе — такія няўстойлівыя. А Масква мела аргумент аб этнічнай і рэлігійнай еднасці (з рускімі землямі дзяржавы Ягелонаў. — Рэд.).

Аднак на полі боя з Масквой ваявалі Астрожскія, Сангушкі, Філон Кміта-Чарнабыльскі, заснавальнік манастыроў Рыгор Хадкевіч, імя ім — легіён! І калі б нехта сумняваўся ў тым, як “наша”, г.зн. ягелонская, Русь бачыла канфлікт з Масквой, то пачытайце лісты рускіх паноў да Жыгімонта Аўгуста падчас Інфлянцкай вайны. Пан ваявода брацлаўскі Раман Сангушка піша да караля: “Не магу надзівіцца вашай міласці, што Айчыну нашу, амаль што святы край, аддаеш у рукі непрыяцелю”. Мы назіраем поўную ідэнтыфікацыю рускіх паноў з дзяржаваў Ягелонаў.

Херонім Граля напамінае, што калі польскія паны вылучалі на трон РП маскоўскіх цароў, то іх не падтрымлівалі рускія магнаты РП.

Херонім Граля: — Такую крывавую пачвару, як Іван Грозны, хто мог падтрымаць як кандыдата на польскі трон? Дакладна не рускія паны, якія праз мяжу (з Масковіяй. — Рэд.) збіралі інфармацыю і ведалі, што адбываецца ў Масковіі.

Затое шляхта Куяў і Вялікай Польшчы марыла пра тое, што цар возьме за горла магнатаў, бо Іван Грозны ўжо праславіўся апрычнінай у сваёй дзяржаве.

Аднак нашы дзеячы экзекуцыйнага руху (па сутнасці праваабарончы рух пад лозунгам захавання правоў сярэдняй шляхты ў ХVІ ст. — Рэд.) паблыталі паняцці. Бо яны мелі на ўвазе адно, а Іван Грозны — экзекуцыі. Кожны з іх меў на ўвазе сваё.

Аднак вялікапольская шляхта падтрымлівала кандыдатуру маскоўскага цара на польскі трон, але не Сангушкі і не Астрожскія.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Дырэктар Палаца вялікіх князёў літоўскіх: З XV ст. мы добра ведаем хлусню і агрэсію Масквы

26.05.2022 16:05
Дырэктар Палаца вялікіх князёў літоўскіх у Вільні Відас Далінскас атрымаў польскую Прэмію імя Гейштара за папулярызацыю спадчыны Польшчы і Літвы.