Беларуская Служба

Павал Латушка абазначыў тры кірункі дзейнасці, неабходнай для таго, каб беларусы змаглі вярнуцца дадому

24.10.2022 13:28
Павал Латушка выступіў на Першым з’ездзе беларусаў Чэхіі.
Аўдыё
  • Павал Латушка абазначыў тры кірункі дзейнасці, неабходнай для таго, каб беларусы змаглі вярнуцца дадому
Павал ЛатушкаНАУ

Кіраўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Павал Латушка абазначыў тры галоўныя кірункі дзейнасці, неабходнай для таго, каб вымушаныя беларускія мігранты змаглі вярнуцца дадому. Павал Латушка выступіў на Першым з’ездзе беларусаў Чэхіі.

Два гады таму было створана Народнае антыкрызіснае кіраванне, а 9 жніўня 2022 быў створаны Аб’яднаны пераходны камітэт. Мэты абедзвюх структур аднолькавыя: вярнуць беларусам родны дом. Усе намаганні палітычных сіл у эміграцыі робяцца дзеля светлага і ўтульнага роднага дому, казаў Павал Латушка.

-Што такое дом? Гэта бяспека, недатыкальнасць, абароненасць, як мінімум. Дом – гэта права вольна ў ім жыць. Ці тыя, хто цяпер быццам бы дома, жывуць сапраўды дома? Да цябе ў любы момант могуць уварвацца ўзброеныя людзі, пакласці тварам у падлогу і ўчыніць пагром за каментар, ці за наш гістарычны бел-чырвона-белы сцяг у акне. Потым могуць кінуць за краты і давесці да суіцыду, а нават забіць. Ці гэта дом, калі ён пераўтвараецца ў прахадны для салдат чужой краіны? Калі тыя, хто абавязаны ад іх абараняць, наадварот ім дапамагаюць? Няўжо гэта бяспека, калі ты не ведаеш, калі ў суседзяў скончыцца церпялівасць, і калі ў адказ прыляціць ракета?

Сёння дом беларусаў узурпаваны марыянеткай Крамля, кажа Латушка.

Палітык адзначыў, што аднаго жадання вярнуцца ў Беларусь мала. За пытаннем, чаго мы хочам, павінна ісці пытанне, як гэтага дасягнуць. Што ў сённяшніх умовах значаць словы: вярнуць сабе дом? Гэта значыць знесці рэжым Лукашэнкі і выгнаць расійскія акупацыйныя войскі, кажа Латушка. Іншага шляху няма.

-Што мы можам зрабіць, знаходзячыся не ў Беларусі? Па-першае, інфармацыйная барацьба. Кожны павінен быць крыніцай інфармацыі для беларусаў унутры краіны. Па-другое, падтрымліваць Украіну. Сёння ўкраінцы змагаюцца і за нашу будучыню, будучыню ўсёй Еўропы. У нас агульны вораг. Прыярытэтна важна дапамагаць беларускім добраахвотнікам – ад данатаў да стварэння вайсковай адзінкі. Трэцяе: заставайцеся палітычна актыўнымі. Не сыходзьце ва ўнутраную міграцыю. Нам цяжка, але памятайце пры тых, каму цяжэй – пра палітычных зняволеных у Беларусі.

Дыяспары павінны рабіць усё, каб Беларусь не сыходзіла з павесткі дня. Пераконваць урады сваіх краін аказваць ціск на рэжым Лукашэнкі і ўводзіць санкцыі, як адказнасць за масавыя рэпрэсіі. Важна рабіць намаганні па прызнанні Аб’яднаннага пераходнага кабінету. Неабходна заклікаць афіцыйна прызнаць Беларусь акупаванай тэрыторыяй, паколькі гэта дае права на дэакупацыю і на стварэнне вызвольнага руху, пералічваў Павал Латушка.

ав