Слухайце размову ў далучаным файле!
– Лукашэнка паляцеў у Маскву і да апошняга яго візіт не анансаваўся. На фота і відэа дзейны кіраўнік Беларусі выглядаў вельмі кепска. Гэта было запрашэнне, ад якога немагчыма было адмовіцца?
– Так, візіт не анансаваўся загадзя. Але гэта тычылася не толькі Лукашэнкі, а і іншых кіраўнікоў краін СНД. Больш за тое, напрыканцы красавіка прэс-сакратар Пуціна Пяскоў казаў, што нічога не будзе на 9 мая. Гэта быў парад, калі ўсё рабілі ў апошні момант, бо пасля атакі дронаў на Крэмль ёсць у Пуціна прычына хвалявацца за сябе нават на Краснай плошчы. Таксама былі пытанні, ці атрымаецца ўсё арганізаваць, ці прыедуць лідары краіны. Вядома, Лукашэнка цяпер не ў тым стане, каб адмаўляць Крамлю, тым больш у пытаннях, якія патрабуюць толькі нечага сімвалічнага. Гэта ж не ўзгадненне падатковага заканадаўства. А проста прыляцець, пасядзець, зляцець... Таму не мог адмовіцца, хоць, відавочна, ён цяпер не ў лепшым стане: выглядаў дрэнна, хадзіць нармальна не мог, гэтыя бінты з катэтарамі... І нават прыляцеўшы ў Мінск вечарам не здолеў прамаўляць, а перадаў слова Хрэніну.
З пункту гледжання аўтарытарыяў, дэманстрацыі іх моцы, гэта непрыгожы сімвал, бо ўсе бачаць што Лукашэнка старэе, слабее
Канешне, з пункту гледжання аўтарытарыяў, дэманстрацыі іх моцы, гэта непрыгожы сімвал, бо ўсе бачаць што Лукашэнка старэе, слабее і не надта можа выконваць свае паўнамоцтвы. З іншага боку, меркаваць па адным выпадку пра яго здароўе не варта, бо гэта ўвогуле тэма-таямніца.
– Пасля гэтага параду пачаліся абмеркаванні наконт сыходу Лукашэнкі. Сыход аўтарытарнага кіраўніка, дыктатара, ці азначае гэта для дзяржавы, што аўтаматычна і імгненна адбываецца пераход да дэмакратыі? Вось Лукашэнка сыдзе і чыноўнікі скажуць: «Спадар Латушка, спадарыня Ціханоўская і іншыя жадаючыя, прыязджайце – абвяшчаем свабодныя выбары». Магчыма такое?
– Канешне, нічога не адбываецца імгненна і лёгка. У такіх эмоцыях шмат хто выдае тое, што яму хацелася б: бачыць, што Пуцін і Лукашэнка памерлі, у Беларусі – дэмакратыя, вінаватыя пакараныя, вайна скончаная, рэпрэсіі скончаныя. Але так лёгка гэта не працуе. Пасля яго сыходу з улады не будзе імгненнага пераходу да дэмакратыі. Нават калі ўявіць ідэальны сцэнар, што Ціханоўская пры ўладзе, да глыбокай і сталай дэмакратыі Беларусі спатрэбіцца прайсці шмат.
Але важныя дзве рэчы. Першае, сыход кіраўніка – гэта заўсёды перамены, асабліва калі гэта заўважны кіраўнік. Канешне, у выпадку Андропава, Чарненкі іх прыход і сыход не быў вехаю ў развіцці СССР, а сыход Сталіна быў вехаю. Ці стала дэмакратыя ў СССР пасля сыходу Сталіна? Не, але шмат што змянілася ў Савецкім саюзе і жыцці людзей. Важна таксама разумець, што персаналісцкія аўтакратыі адрозніваюцца ад партыйных, бо ў партыйных зразумела адкуль браць пераемнікаў, як далей развівацца. Партыйнай аўтакратыі прасцей пасля змены кіраўніка захоўваць сістэму, а ў персаналісцкай, як беларуская, канешне, сыход Лукашэнкі будзе значна большай пераменай.
Таму перамен чакаць выпадае, але не хуткіх, не лёгкіх і не адразу да дэмакратыі. У сённяшняй сітуацыі змены гэта лепш, чым іх адсутнасць.
– Калі глядзім на паседжанні Лукашэнкі, там сілавікі і вайскоўцы. Што можа чакаць Беларусь з такім раскладам?
– Цяпер шмат сілавікоў на высокіх пасадах, гэта нармальна падчас вайны, рэпрэсій. І ўвогуле аўтакратыі схільныя абапірацца на сілавікоў, якія падпарадкоўваюцца. Хаця бачылі, што на парадзе былі і прапагандысты — розныя людзі цяпер трапляюць у фавор. Але што тычыцца зменаў у выпадку смерці Лукашэнкі, гэта будзе «чорная скрыня» — ніхто не зможа дакладна прадказаць. Верагодна, будуць грызня ўнутры, інтрыгі.
Грамадства, палітыкі ў эміграцыі разумеюць, што гэта будзе вакно магчымасцяў і на яго трэба рэагаваць. Ведаю, што тыя ж палітыкі ў эміграцыі рыхтуюць планы на гэты момант, яны разумеюць, што гэта будзе выклік і добра б мець план.
Хутчэй за ўсё пойдзе фармальна, як прапісана ў законе, паўнамоцтвы шмат у чым пяройдуць да Рады бяспекі, але калектыўны орган – гэта хісткая канструкцыя. Тым больш, што нехта будзе мець сілавую вагу, нехта наменклатурную, а той, хто будзе прэм'ерам, заўсёды можа сказаць, што канстытуцыйны рэферэндум у лютым 2022-га быў недэмакратычным, таму ўся ўлада ў прэмʼера. Хутчэй за ўсё пачнецца гульня паміж чыноўнікамі. І ў гэтай гульні стаўкі будуць і на сілавікоў, і на вуліцу, на грамадства. Гэта таксама можа спрацаваць у барацьбе за ўладу.
Магчымы, як паступовы шлях да дэмакратыі, так і ваенная хунта. Але ў любым выпадку гэта будзе новы моцны этап для Беларусі, і ўсе мусяць сканцэнтравацца, бо такі шанец нельга губляць.
– Ці бачыце вы рэальны шанец у такой сітуацыі для палітыкаў у эміграцыі?
– Я б сказаў, што ў гісторыі былі розныя выпадкі. Усяслаў Чарадзей увогуле ў Кіеве сядзеў у турме, яго вызвалілі і паставілі Вялікім князем. А калі бліжэй, то для ўсіх будзе пэўны шанец. Калі перамены пачнуцца без электаральнай кампаніі, без палітычнага працэсу, то ў грамадства асабліва і не будзе іншых лідараў, апрача тых, хто ў турме ці эміграцыі. На каго людзі маглі б паставіць? Няма тых, хто мог бы быць новым тварам. Людзі, якія ў 2020-ым выходзілі на вуліцы, а потым некалькі гадоў ціха сядзелі ў Беларусі, да каго ў іх будзе больш даверу – да Ціханоўскай ці да Качанавай або Шведа?
Як прадэманстраваў прыклад таго ж Леніна, заўсёды важна ў патрэбны момант у краіну вяртацца – не надта рана і не позна. Для тых, хто ў эміграцыі, гэта будзе сурʼёзнае пытанне, як паспець вярнуцца і не адразу сесці ў турму.
– Ці ёсць субʼектнасць у грамадства пасля працяглага перыяду рэпрэсій, разгрому?
– Цяпер магчымасці на нешта ўплываць у грамадства няма. Але гэта нічога не кажа, як людзі павядуць сябе, калі будзе гістарычны момант і адчуванне, што можна на нешта паўплываць. Выхад на вуліцу – гэта спалучэнне двух фактараў: ты верыш, што цябе не арыштуюць, і верыш, што можаш нешта вырашыць. Так было да канца восені ў 2020-ым годзе. Цяпер жа ўсё наадварот. Але, калі людзі адчуюць, што магчымасць пераменаў ёсць, то гэтае жаданне вырашаць могуць пайсці рэалізоўваць. Згадайце, як пасля смерці Івана Грознага людзі пайшлі на плошчы выказвацца «гэтага цара хоча, а гэтага не хочам». Акурат пасля смерці аўтакрата можа быць шанец на нешта паўплываць.
вх