Беларуская Служба

«У рускай праваслаўнай царквы да ўніяцтва заўжды былі цяжкія і непрыхільныя стасункі»

12.07.2023 06:01
«Я думаю, што гэта нейкія асабістыя фобіі, думкі і ідэі, якія ёсць у галаве мітрапаліта Веніяміна».
Аўдыё
  • Руская праваслаўная царква запатрабавала ад пасланніка Папы рымскага абмежаваць дзейнасць уніятаў у Беларусі
Арцыбіскуп Клаўдыя Гуджэроці і мітрапаліт ВеніямінФота: сatholic.by

Руская праваслаўная царква запатрабавала ад пасланніка Папы рымскага абмежаваць дзейнасць уніятаў у Беларусі. Гэта здарылася на днях падчас візіту арцыбіскупа Клаўдыя Гуджэроці ў Мінск. Асноўнай тэмай перамоў ватыканскага саноўніка пры ўдзеле апостальскага нунцыя арцыбіскупа Антэ Ёзіча з экзархам Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату мітрапалітам Веніямінам быў лёс уніятаў (грэка-каталікоў) у Беларусі.

«У рускай праваслаўнай царквы да ўніяцтва заўжды былі цяжкія і непрыхільныя стасункі», – гаворыць наш суразмоўца, журналіст і аглядальнік Максім Гацак. Пры гэтым ён звяртае ўвагу на тое, што адна канфесія спрабуе дыктаваць іншай свае правілы.

Максім Гацак гаворыць, што любыя спробы адраджэння ўніяцтва ў Беларусі, якое было ліквідавана ў часы Расійскай Імперыі, заўсёды сутыкаліся з праблемамі.

Аглядальнік падкрэслівае, што прычына міжканфесійнага непаразумення – «не столькі ў Рускай праваслаўнай царкве, колькі ў мітрапаліце Веніяміне, бо пры ягоных папярэдніках, прынамсі публічна, такое пытанне не падымалася». «Я думаю, што гэта нейкія асабістыя фобіі, думкі і ідэі, якія ёсць у галаве мітрапаліта Веніяміна», – кажа Максім Гацак.

Журналіст пры гэтым зазначае, што «Ватыкан у цэлым ідзе на саступкі рэжыму і Беларускай праваслаўнай царкве, якая з ім асацыяваная».

Паводле нашага суразмоўцы, многія прыклады з мінуўшчыны добра ілюструюць тое, што Ватыкан гатовы на далейшыя саступкі ў адносінах з БПЦ Маскоўскага патрыярхату.

З Максімам Гацаком размаўляў Валеры Саўко.

размова цалкам – слухайце аўдыёфайл