The New York Times атрымала свежыя спадарожнікавыя здымкі намётавага лагера ў в. Цэль пад Асіповічамі, зробленыя MAXAR 14 і 16 ліпеня, паведамляе Беларускі Гаюн.
На здымку ад 14 ліпеня (пятніца) практычна не бачна якіх-небудзь змен, але журналісты пішуць, што першы грузавы аўтамабіль з'явіўся на здымку ад 13 ліпеня, што паказвае на пэўную актыўнасць у лагеры і да прыбыцця буйной калоны ПВК «Вагнер» у суботу (15 ліпеня).
Журналісты прыводзяць і здымак за 16 ліпеня (нядзеля), і на ім ужо бачны відавочны ўсплёск актыўнасці: не менш за пяць фур, аўтобусы, кантэйнеры, а таксама пікапы і УАЗы прама каля палатак. Акрамя таго, журналісты заўважылі на свежых здымках невялікую групу людзей і «буханку».
Беларускі Гаюн адзначае, што і фуры, і аўтобусы прысутнічалі ў буйной калоне ПВК «Вагнер», якая заехала ў Беларусь каля 3:00 ночы 15 ліпеня і рухалася па Р43 і М5 у напрамку Асіповічаў. Такім чынам, спадарожнікавыя здымкі цалкам пацвярджаюць, што канчатковым пунктам калоны зʼяўляўся лагер у в. Цэль, куды яны і прыбылі раніцай у суботу (15 ліпеня).
У панядзелак яшчэ адна калона ПВК «Вагнер» прыйшла ў Беларусь са сцягамі РФ і ПВК. У калоне мінімум 20 розных машын.
Па ўдакладненых дадзеных, гэта ўжо як мінімум 3-я калона з наймітамі, якая прыбыла ў Беларусь з 11 ліпеня.
За сітуацыяй уважна сочыць Польшча і яе саюзнікі. Упаўнаважаны ўрада па бяспецы інфармацыйнай прасторы Станіслаў Жарын запэўніў, што за дзейнасцю Групы «Вагнер» у Беларусі сочаць польскія спецслужбы. Ён падкрэсліў, што службы разглядаюць тры магчымыя сцэнары дзеянняў Вагнера:
-Група «Вагнер» можа ўдзельнічаць ці то ў бетаніраванні рэжыму Лукашэнкі, але таксама можа быць выкарыстана ў гібрыдных дзеяннях супраць Захаду. Таксама трэба браць пад увагу сцэнар удзелу ў адкрыцці новага фронту ў вайне супраць Украіны. Гэта надалей невядомая. Таму галоўная мэта выведкі: праверыць, што «вагнераўцы» будуць рабіць у Беларусі, і колькі іх прыбудзе.
Станіслаў Жарын адзначыў, што «вагнераўцы» таксама могуць прадстаўляць пагрозу для польскай мяжы, у тым ліку праз гібрыдныя атакі або ўдзел у нелегальнай міграцыі.
Паводле былога віцэ-міністра замежных спраў Польшчы, еўрадэпутата ад «Права і справядлівасці», прафесара Караля Карскага, расійскі рэжым пры дапамозе Групы «Вагнер» можа хацець праверыць дзейнасць пятага артыкулу дамовы НАТА:
- Якая мэта ў такіх прыватных вайсковых групах? Ва ўсім свеце – гэта паніжэнне ўзроўню ўваходу ў збройны канфлікт, без ангажавання дзяржавы. Калі межы перасякаюць жаўнеры арміі – гэта вайна. Калі мяжу перасякаюць «прыватныя» найміты, то дзяржава кажа, што гэта не яе рука. Тут можа быць мноства сцэнараў. «Вагнер», магчыма пад новай назвай, а можа і пад старой з поўначы быць задзейнічаны ў вайне супраць Украіны. То бок адбылося б вяртання да першапачатковай фазы. Нагадаю, што Кіеў знаходзіцца ў 42 км ад беларускай мяжы. Іншая магчымасць – пуцінаўскі рэжым пры дапамозе Групы «Вагнер» захоча праверыць функцыянаванне пятага артыкулу НАТА.
Паўночнаатлантычны дагавор складаецца з чатырнаццаці артыкулаў. Яго ключавым элементам зʼяўляецца пяты артыкул, які абвяшчае, што любы напад на любога з членаў Паўночнаатлантычнага альянсу павінен трактавацца іншымі дзяржавамі-членамі як напад на сябе.
ПВК «Вагнер» многімі краінамі прызнаная як тэрарыстычная арганізацыя, нагадвае кіраўнік НАУ Павал Латушка. Лукашэнка і яго рэжым, а гэта значыць і дзяржава Беларусь могуць быць прызнаныя спонсарамі тэрарызму. Палітык тлумачыць, што можа паслужыць прадпасылкамі для такога рашэння і якія наступствы чакаюць краіну:
-Перш за ўсё, гэта фінансаванне. Нехта ж плаціць за знаходжанне ПВК «Вагнер». За гэта плаціць у тым ліку і бюджэт РБ. Гэта палітычная падтрымка. Гэта дапамога абыходзіць санкцыі, бо «Вагнер» знаходзіцца пад санкцыямі. Гэта прадастаўленне зброі і боепрыпасаў, прадастаўленне сховішча. Пяць асноўных прыкмет, якія, паводле міжнароднага права, могуць сведчыць аб тым, што краіна ці ў гэтым выпадку Лукашэнка з’яўляецца спонсарам тэрарызму. Мы разумеем, што наступствы могуць быць розныя. Толькі адна краіна мае магутныя магчымасці з пункту гледжання наступстваў – ЗША. Калі б ЗША прызналі Лукашэнка, а гэта значыць і Беларусь спонсарам тэрарызму, то гэта азначала б адмову адмову ад якіх-колечы эканамічных кантактаў з Беларуссю. Усё ж я тут скептык і наўрад ці ЗША пойдуць гэтым шляхам. Іншыя краіны таксама могуць прызнаваць Лукашэнку спонсарам тэрарызму, парламенты некаторых краін прымалі такія рашэнні ў дачыненні да РФ. Парламенцкія асамблеі Рады Еўропы ці АБСЕ таксама могуць пайсці гэтым шляхам. На днях ПАРЭ прызнала «Вагнера» тэрарыстычнай арганізацыяй. Усё гэта не эканамічныя, але палітычныя рашэнні. Але палітычныя рашэнні даюць вельмі выразны сігнал, што ў такой сітуацыі лепш за ўсё не падтрымліваць з Беларуссю стасункаў. Большасць краін будзе пазбягаць эканамічных адносін з краінаю.
Упершыню пра магчымы пераход Групы «Вагнер» у Беларусь расійскія і беларускія незалежныя СМІ паведамілі ў канцы чэрвеня. Паводле іх ацэнак, гэта павінна быць каля васьмі тысяч чалавек.
ав