Нягледзячы на актыўнасць на фронце, аналізы і дыскусіі, прысвечаныя аднаўленню разбуранай інфраструктуры, ужо вядуцца. Польшча хоча далучыцца да гэтага працэсу, выкарыстоўваючы ролю аднаго з бліжэйшых саюзнікаў Украіны.
Паводле ацэнкі Сусветнага банка, апублікаванай у сакавіку бягучага году, аднаўленне і ліквідацыя поўнага ўрону, нанесенага Расіяй, каштавала б 411 мільярдаў долараў.
Расійскае ўварванне пагрузіла ў галечу больш за 7 мільёнаў украінцаў, а вайна адкінула краіну ў эканамічным развіцці на 15 гадоў назад. Акрамя таго, страты ў сельскай гаспадарцы на дадзены момант цяжка падлічыць. Расіяне разбураюць украінскую інфраструктуру экспарту збожжа.
Хоць вайна ва Украіне ідзе, то аналізы і дыскусіі, прысвечаныя аднаўленню разбуранай інфраструктуры, ужо вядуцца. Адам Эбэрхард з Цэнтра ўсходніх даследаванняў і віцэ-старшыня Warsaw Enterprise Institute, які на мінулым тыдні быў арганізатарам канферэнцыі «Europe-Poland-Ukraine. Rebuild Together 2023», адзначае, што да адбудовы Украіны неабходна падыходзіць вельмі шырока:
-Я лічу, што гаворка ідзе не толькі пра адбудову таго, што расіяне знішчылі. Калі мы думаем у катэгорыі інтарэсаў польскага бізнесу, то неабходна думаць пра ўваход у больш маштабныя праекты па мадэрнізацыі ўкраінскай дзяржавы. У пэўным сэнсе не адбудоўваць Украіну, а будаваць яе па-новаму, паколькі многія ваенныя знішчэнні звычайна немагчыма адбудаваць. Хопіць паглядзець на карцінкі, як выглядае сёння Бахмут, а дакладней руіны Бахмуту. Тут адбудова з’яўляецца вялікім пытальным знакам. Адбудоўваць можна Харкаў, часткова Херсон. Але Украіне патрэбны шырокі план адбудовы і мадэрнізацыі цэлай краіны.
Менавіта тут Адам Эбэрхарт бачыць шанцы для польскага бізнесу. Паводле яго, неабходна правільна ацаніць магчымасці. Такімі спектакулярнымі адбудовамі як у Ірпяні, Бучы, Харкавае, паводле эксперта, зоймуцца японцы, немцы, амерыканцы. Польскі бізнес павінен заняцца пошукам магчымасцяў сярэдняга памеру:
-Неабходна выкарыстоўваць нашую перавагу, то бок сувязі на лакальным узроўні, органы мясцовага самакіравання. Трэба шукаць невялікія праекты і рэгіёны, але адбудова якіх фінансуецца за еўрапейскія ці ўкраінскія сродкі. Гэта месцы, у якія японцы ці амерыканцы будуць уваходзіць у меншай ступені, паколькі там не трэба будзе ўдзельнічаць у складаных тэндэрах Еўракамісіі. І гэта адна з магчымасцяў. Я не так даўно вярнуўся з Украіны і магу сказаць, хоць гэта не тычыцца інвестыцый, а гандлю, што ў заходняй частцы краіны ў крамах ці на базарах па 80-90% тавараў – гэта польскія тавары. Гэта таксама прыбытак для польскіх вытворцаў.
Ёсць вялікая зацікаўленасць у супрацоўніцтве з польскага боку. Цяпер ва Украіне працуе больш за 600 польскіх фірмаў, але ў рэканструкцыі зацікаўленыя каля 2,5 тысяч. З іх найбольшая колькасць будаўнічых кампаній, але ёсць і больш дробныя сямейныя прадпрыемствы, у тым ліку тэхналагічныя.
Каб адбудаваць ці пабудаваць нанова Украіну патрэбны будзе высілак цэлай Еўропы, гаворыць Адам Эбэрхарт:
-На пачатак патрэбныя грошы. Месяц таму Еўракамісія агучыла праект адбудовы Украіны, які складае каля 50 млрд еўра. Гэта каля 10% з таго, што будзе патрэбна ў перспектыве бліжэйшых гадоў. Магчыма, далейшыя сродкі будуць паяўляцца, а польскаму бізнесу спатрэбяцца здольнасці па выкарыстанні міжнародных грантаў. Магчыма, трэба будзе будаваць саюзы з тымі, хто мае вялікі капітал, то бок вялікімі фірмамі: японцамі, карэйцамі, часамі амерыканцамі. Часамі трэба будзе быць падрадчыкам. Я разумею, што падрадчык мае значна меншы прыбытак, чым галоўны інвестар, але я не хачу ствараць такога пераканання, што мы самыя ў стане, сваімі рукамі адбудаваць Украіну. Трэба шукаць нішу, вельмі рацыянальна ўваходзіць у месцы, дзе іншых яшчэ няма. Мы павінны быць першымі, паколькі часамі ў бізнесе выйграе той, хто першы, а не той, хто лепшы. І нарэшце, трэба будаваць бізнескантакты.
Вайна Расіі супраць Украіны працягваецца, яшчэ не ўсе патрэбы, звязаныя з аднаўленнем Украіны, вядомыя. Тым не менш, цяпер важна адзначыць асноўныя моманты гэтых міжнародных намаганняў. З самага пачатку вайны ЕС і дзяржавы-члены і еўрапейскія фінансавыя інстытуты вылучылі прыкладна 53 мільярды еўра фінансавай, гуманітарнай, надзвычайнай, бюджэтнай і ваеннай падтрымкі: 37,8 мільярда еўра на агульную эканамічную, сацыяльную і фінансавую ўстойлівасць, уключаючы самы вялікі ў гісторыі пакет фінансавай падтрымкі да 18 мільярдаў еўра ў 2023 годзе. Таксама гэта дадатковая ваенная дапамога ў памеры каля 15 мільярдаў еўра ў рамках Еўрапейскага фонду міру і непасрэдна ад краін ЕС.
20 чэрвеня 2023 года Камісія прапанавала стварыць новы фінансавы інструмент для падтрымкі рэканструкцыі і мадэрнізацыі Украіны. Фонд для Украіны будзе спецыяльным фінансавым інструментам, які забяспечыць Украіне паслядоўную і прадказальную падтрымку на перыяд 2024-2027 гг.
ав
слухайце аўдыё