Па выніках слухання КР павінна даць ацэнку і мандат на далейшую дзейнасць АПК.
Ва ўступным слове спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў адзначыў, што для дэмакратычных сіл Беларусі – гэта знакавая падзея, паколькі ўнутраная дэмакратыя не менш важная, чым змены, да якіх імкнуцца беларусы:
-Публічныя слуханні – гэта працэдура, якая адрозніваецца ад часам неканструктыўных спрэчак у сацсетках і медыя. Сённяшняя працэдура накіраваная на дасягненне ўзаемаразумення пры наяўнасці ўзаемнай крытыкі. Усё, што тут адбываецца, адбываецца адкрыта, галосна, вочна і па добрай волі ўсіх прысутных.
Слуханні адбываюцца ў рэжыме анлайн, кожны можа сачыць за імі ці то ў прамым эфіры, ці то праслухаць у запісе.
Першай са справаздачай выступіла і адказвала на пытанні прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык.
Паводле яе, нацыянальнае адраджэнне павінна быць асновай для ўсіх астатніх мэтаў:
-Нацыянальнае адраджэнне – гэта нашая мэта. Без нацыянальнага адраджэння я не бачу магчымасці рэалізацыі іншых палітычных мэтаў, якія мы ставім перад сабой. Адначасова ў кабінеце ёсць шмат аўтаномнасці і магчымасці вырашаць, чым мы будзем займацца. Але мы кансультуемся з калегамі, прымаем рашэнні галасаваннем і зацвярджаем пастановамі.
Аліна Коўшык агучыла галоўныя 6 фактаў пра дзейнасць яе прадстаўніцтва:
▪️на фінальнай стадыі падрыхтоўкі знаходзіцца стратэгія нацыянальнага адраджэння Беларусі і дарожная карта па яе рэалізацыі;
▪️наладжана супрацоўніцтва з парламентамі і профільнымі міністэрствамі краін-партнёраў (здзейснена больш за 20 замежных працоўных візітаў), а таксама са шматлікімі беларускімі дэмакратычнымі арганізацыямі і ініцыятывамі ў сферы адукацыі, навукі, культуры;
▪️захавана прызнанне беларускіх дыпломаў у Польшчы, нягледзячы на тое, што беларускі рэжым у аднабаковым парадку разарваў адпаведнае пагадненне; вядзецца праца па стварэнні сеткі беларускіх суботніх школак у Польшчы, па захаванні беларускіх ліцэяў на Падляшшы;
▪️створана Грамадская камісія па ўзнагародах пры Кабінеце для ўганаравання асоб, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі; ініцыявана стварэнне Геральдычнай радай сістэмы новых дзяржаўных знакаў гонару, вайсковых званняў і вайсковай формы;
▪️аказана падтрымка беларускім кнігавыдавецкім ініцыятывам па стварэнні сеткі рэалізацыі беларускіх кніг за мяжой, справе пашырэння даступнасці беларускай кнігі ў электронным і папяровым выглядзе;
▪️ ініцыявана абвяшчэнне 2023 года Годам беларускай мовы, а таксама вядзенне справаводства і камунікацыі Кабінета на беларускай мове.
Сярод пытанняў, зададзеных Аліне Коўшык, было пытанне аб тым, ці АПК лічыць сябе ўладай?
-Мы будзем уладай тады, калі будзем сапраўды яе мець. Але АПК лічыць сябе органам выканаўчай улады.
Са справаздачай аб дзейнасці на пасадзе прадстаўніка па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета выступіў Валерый Сахашчык.
7 фактаў пра дзейнасць яго прадстаўніцтва:
▪️створана і пабудавана ваенна-палітычная арганізацыя «Дэпартамент нацыянальнай бяспекі»;
▪️распрацавана стратэгія, якая пакладзена ў аснову работы арганізацыі ДНБ. Рэалізуецца ў першую чаргу яе сіламі, а таксама сіламі партнёрскіх арганізацый;
▪️сфарміравана беларуская асобная дэсантна-штурмавая рота ў складзе Узброеных сіл Украіны;
▪️вядзецца праца па прыцягненні высокакваліфікаваных спецыялістаў, у тым ліку падрыхтаваных прафесіяналаў з Узброеных сіл Беларусі;
▪️наладжана супрацоўніцтва з украінскімі калегамі з сілавых міністэрстваў па трох асноўных кірунках: абмен аналітыкай і стратэгічнае планаванне, праца па падрыхтоўцы спецыялістаў новых Узброеных сіл Беларусі, навукова-тэхнічнае партнёрства;
▪️створана сетка абмену аналітычнай інфармацыяй паміж сілавымі ведамствамі шэрагу еўрапейскіх краін для паляпшэння разумення сітуацыі ў Беларусі;
▪️дасягнута папярэдняя згода наконт матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі для шэрагу ініцыятыў Дэпартамента нацыянальнай бяспекі.
Валеры Сахашчык у блоку адказаў на пытанні назваў галоўныя пагрозы для Беларусі:
-Калі казаць пра знешнія пагрозы, то самая вялікая ў тым, што Расійская Федэрацыя прыкладае ўсе намаганні, каб павялічыць ступень залежнасці Беларусі ад сябе. Ніхто нават не ўтойвае, што Расія хоча, каб Беларусь увайшла ў яе склад. Калі казаць пра ўнутраныя пагрозы, то гэта ў першую чаргу раскол грамадства ў 2020 годзе. Мы павінны думаць, як выйсці з гэтай сітуацыі. Па-другое, сітуацыя ў эканоміцы. На сённяшні дзень эканоміка знаходзіцца на ўтрыманні РФ. Як толькі мы пачнем дэмакратычныя змены, мы павінны дакладна разумець, што пупавіна з Расіяй будзе адрэзана і мы застанемся без усяго таго, што цяпер атрымлівае Лукашэнка.
На думку Валерыя Сахашчыка, пагрозай з’яўляецца і падзел у дэмакратычных сілах:
-Я лічу, што нам удалося б узмацніцца, калі б удалося пераадолець раскол менавіта ў нашым дэмакратычным руху. Я лічу, што гэта таксама можна было б аднесці да пагроз, нашых унутраных. Калі б у нас атрымалася пакінуць збоку незразуменні і прэтэнзіі, а ўсе рэсурсы накіраваць на барацьбу з прапагандай, на астатнія рэчы, якія не дазваляюць нам прысутнічаць у інфармацыйным полі Беларусі, то мы несумненна маглі б зрабіць нашмат больш, чым робім цяпер.
У чацвер са справаздачаў выступіла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вольгі Гарбуновай.
6 фактаў пра дзейнасць яе прадстаўніцтва:
▪️створана каманда прадстаўніцтва, якая займаецца даследаваннем праблем уразлівых груп насельніцтва, распрацоўкай канцэпцый рэформ у сферы сацыяльнай палітыкі, праграм для аказання дапамогі беларусам, якія пацярпелі ў сувязі з палітычным крызісам і рэпрэсіямі; каманда праводзіць інфармацыйную працу, каб патлумачыць грамадству праблемы ўразлівых груп і матываваць аказваць ім дапамогу;
▪️праведзена праца па вывучэнні паспяховых прэцэдэнтаў вызвалення палітзняволеных у Беларусі і іншых краінах;
▪️распрацоўваюцца падыходы да правядзення перамоў па вызваленні палітзняволеных і падтрымліваецца камунікацыя з патэнцыйнымі медыятарамі (прадстаўнікамі краін ЕС, ЗША, міжнародных арганізацый);
▪️на фінальнай стадыі запуску знаходзіцца праект платформы «Адно акно» для аказання комплекснай інфармацыйна-кансультатыўнай падтрымкі палітзняволеным і іх семʼям;
▪️адкрыты дабрачынны фонд «21 траўня» з мэтай пошуку і збору сродкаў для ўзмацнення працы існуючых фондаў, ініцыятыў і арганізацый, якія аказваюць дапамогу палітзняволеным і іх семʼям;
▪️29 ліпеня 2023 года праведзены марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно», падчас якога сабрана дапамога палітзняволеным у памеры 574 617 еўра.
Вольга Гарбунова выказала меркаванне, што тэма палітвязняў павінна быць выключаная з палітычнай барацьбы і быць вылучанай у асобную павестку:
-Канфліктнасць у тым, што значная частка грамадскіх і палітычных дзеячаў не вераць у эфектыўнасць, у тое, што рэжым здольны дамаўляцца. Яны вераць толькі ў нарошчванне санкцыйнага ціску. Мая задача даносіць, што ў цяперашняй сітуацыі нашая галоўная каштоўнасць – гэта чалавечае жыццё. І гэта не можа быць задачай для аднаго прадстаўніцтва і аднаго чалавека. Гэта павінна быць задачай для ўсіх структур.
Апошняя справаздача – аўтарства Валерыя Кавалеўскага, адказнага за знешнюю палітыку.
8 фактаў пра дзейнасць яго прадстаўніцтва:
▪️распрацаваныя план дзеянняў па кроках на міжнароднай арэне па абароне тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Беларусі, падыходы да перагляду адносін з Расіяй – для падрыхтоўкі геапалітычнага развароту Беларусі;
▪️пасля стварэння Кантактнай групы па адносінах з Радай Еўропы, пачалася праца Кансультатыўнай групы «Беларусь – Еўрасаюз», рыхтуецца запуск Стратэгічнага дыялогу «Беларусь – ЗША»;
▪️адкрыта місія дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі пад кіраўніцтвам намесніка прадстаўніка па замежных справах У. Астапенкі, якая за гэты час стала цэнтрам беларускай актыўнасці ў сталіцы ЕС. Місіяй праведзена больш за 30 публічных мерапрыемстваў; аднаўляе сваю працу місія ў Кіеве;
▪️вядзецца праца з міжнароднымі арганізацыямі і парламентамі па прыняцці імі рэзалюцый і справаздач па Беларусі з асуджэннем злачынстваў рэжыму, заклікам да міжнароднага ціску на рэжым і падтрымкі беларускага дэмакратычнага руху: сярод найбольш значных вынікаў – другі даклад у рамках Маскоўскага механізма АБСЕ, даклад і рэзалюцыя ПАРЕ, у перспектыве – прыняцце тэматычна ўсёабдымнай рэзалюцыі Еўрапарламента і зацвярджэнне пятай рэдакцыі Акта аб дэмакратыі ў Беларусі;
▪️распачаты і развіваецца стратэгічны праект нацыянальнага пашпарта Новай Беларусі;
▪️створана працоўная група па міграцыі ў Літве з удзелам прадстаўнікоў Кабінета;
▪️на палітычным узроўні вядзецца праца па забеспячэнні міжнароднай дапамогай грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя і дэмакратычнага руху ўвогуле (найперш з Еўракамісіяй і Кангрэсам ЗША);
▪️ад пачатку вайны беларускім добраахвотнікам дастаўлена дапамогі на суму больш за 200 тысяч еўра.