У абедзвюх сталіцах кажуць пра рост нелегальнай міграцыі, кантрабанду ды памежныя правакацыі. Гаворыцца пра магчымае поўнае закрыццё мяжы ў адказ.
Пасля мінулагодняга зацішша, сёлета нелегальная міграцыя на беларуска-польскай мяжы стала для Варшавы адчувальнай праблемай. З пачатку года польская Памежная ахова зафіксавала больш за 18 тысяч спроб нелегальнага парушэння мяжы. За апошнія дні кожныя суткі памежнікі выяўляюць па 100-200 парушэння. Учора 154 чалавекі спрабавалі нелегальна перайсці з Беларусі ў Польшчу. Мігранты прыбылі з 12 розных краін – у тым ліку Ірана, Індыі, Марока, Таджыкістана, Егіпта і Арменіі. Замежнікі на тэрыторыю Беларусі прыбываюць з Расіі. Прэс-сакратар Памежнай аховы лейтэнант Ганна Міхальска паведаміла, што рост колькасці мігрантаў на мяжы назіраецца з траўня.
- За ўвесь мінулы год было агулам 15700 нелегальных спроб перайсці мяжу. На дадзены момант выяўлена больш за 18 тысяч парушэнняў. З мая пачаўся рост такіх выпадкаў. Беларускі бок зарабляе на гэтым, для іх міграцыя стала даходным бізнесам. Гэта ніякая не спантанная міграцыя, ніхто тут па аднаму мяжу не пераходзіць. Нівoдзін мігрант не змог бы сам пералезці цераз мур без дапамогі беларускіх служб, не кажучы ўжо пра тое, што ніхто не бог бы наблізіцца да мяжы без ведама іх служб. Там дзейнічае зона абмежаванага руху пры мяжы, туды без дазволу служб не трапіш. Мы свядомыя таксама, што наш праціўнік – гэта не нелегальныя мігранты, а беларускі рэжым.
Да праблемы з мігрантамі беларускі бок нядаўна дадаў правакацыі на мяжы. Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы заявіла, што на днях беларускія верталёты парушылі польскую паветраную прастору. «Перасячэнне мяжы адбывалася ў раёне Белавежы на вельмі нізкай вышыні, што ўскладняла выяўленне радыёлакацыйнымі сістэмамі», – гаворыцца ў паведамленні Міністэрства нацыянальнай абароны. У звязку з інцыдэнтам міністр Марыюш Блашчак загадаў павялічыць колькасць вайскоўцаў на мяжы і вылучыць дадатковыя сілы і сродкі, у тым ліку баявыя верталёты. Аб інцыдэнце паведамілі ў НАТА.
Генерал Дар'юш Вроньскі заявіў, што беларускую паветраную правакацыю ў Белавежы можна лічыць пачаткам этапу выпрабавання Польшчы Масквой. Раней падобныя захады рабіліся супраць Літвы, Латвіі ды Эстоніі. Па словах генерала Вроньскага, гэты сцэнар таксама з'яўляецца часткай расійскіх манеўраў, якія пачаліся ўчора ў Балтыйскім моры, і прысутнасці наймітаў з групы «Вагнера» ў Беларусі.
- Мы сталі тым аб’ектам, на якім ладзяць выпрабаванне польскай грамадскасці ды Захаду таксама што да іх рашучасці ды трываласці, а таксама працэдур бяспекі, якія ў нас дзейнічаюць. Гэта ўсё азначае спробу высветліць хуткасць нашай рэакцыі, а таксама расшыфраваць існуючыя працэдуры бяспекі.
Польшча выказала рашучы пратэст супраць дзеянняў лукашэнкаўскай Беларусі. Намеснік міністра замежных спраў Павал Яблоньскі заявіў, што польскі бок бачыць у гэтым правакацыю.
- Гэта тычыцца і вучэнняў, якія прайшлі непасрэдна блізу польскай мяжы, і працягу дзеянняў на мяжы па арганізацыі груп нелегальных мігрантаў для парушэння мяжы, і размяшчэнне на мяжы парамілітарных груп, «вагнераўцаў», падрыхтаваных людзей, якіх абвінавачваюць у найгоршых злачынствах.
Беларуска-расійскія правакацыі на мяжы вымусілі прэмʼер-міністра Матэвуша Маравецкага тэрмінова сустрэцца з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам. Сустрэча палітыкаў адбылася ў Сувалках. Бакі гаварылі пра патрэбу сумеснага ўмацавання бяспекі. Гаворка ідзе пра знаходжанне наймітаў Вагнера ў Беларусі і парушэнні паветранай прасторы Польшчы беларускімі верталётамі. Віцэ-міністр Аркад'юш Мулярчык сказаў Польскаму радыё пра неабходнасць паводзіць сябе адказна і не прымаць паспешлівых рашэнняў:
- Такія правакацыі здараліся і здараюцца пастаянна. Расія тэстуе сістэмы бяспекі краін НАТА. Мы мусім быць адказнымі. У такой сітуацыі беларускі бок неадкладна інфармуецца пра парушэнне мяжы і патрабуецца спыніцца. Падобная сітуацыя мела месца ў 2014 ці 2015-м годзе. Тады таксама была такая правакацыя. Мы паінфармавалі беларускі бок і запатрабавалі спыніць і забраць паветраныя апараты, якія парушылі мяжу. Мы мусім дзейнічаць адказна, а не павялічваць напружанне.
Прэзідэнт Літвы падчас размоў у Сувалках заявіў, што рэжым у Мінску працягвае выкарыстоўваць агрэсіўную рыторыку ў адносінах да суседзяў, група наймітаў ПВК «Вагнера» можа стаць вялікай спакусай для Лукашэнкі і Пуціна, каб выкарыстаць іх для правакацый супраць краін NATO, і нагадаў, што беларуская тэрыторыя надалей даступная расійскай арміі, якая можа планаваць розныя дзеянні супраць Украіны.
- Мы бачым, што Беларусь працягвае рэалізоўваць відавочныя планы па размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі. Мы бачым, што яна выкарыстоўвае агрэсіўную рыторыку ў адносінах да суседзяў і што яна адкрыла другі рэактар на АЭС у Астраўцы. Мы бачым, што некаторыя з наймітаў ужо знаходзяцца ля нашай мяжы і занялі пазіцыі ў раёне Гродна. Гэта азначае, што яны маюць спрыяльную сытуацыю для арганізацыі правакацый як на польска-беларускай, так і на літоўска-беларускай мяжы.
Польскі прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў, што будзе адназначны адказ любыя расійскія і беларускія правакацыі, у тым ліку з выкарыстаннем «групы Вагнера».
- Мы размаўлялі са сп. прэзідэнтам Літвы пра пагрозу з боку «вагнераўцаў». Паводле нашых дадзеных іх каля 4 тысяч на тэрыторыі Беларусі. Літоўскі бок лічыць, што іх можа быць больш. Такім чынам, Расія тэстуе нашу рэакцыю ды стаўленне нашых саюзнікаў.
Літва і Польшча заявілі, што робяць усё, каб бяспека абедзвюх краін не была пастаўлена пад пагрозу. Літоўскі ўрад паведаміў сёння, што Літва закрые два пункта пропуску на мяжы з Беларуссю ў звязку з прысутнасцю ПВК «Вагнер» на тэрыторыі краіны. Пра падобнае загаварылі і польскія палітыкі. Рашэнне аб межах не прынятае, польскі бок пакуль павялічвае колькасць вайскоўцаў на мяжы, прызначаючы дадатковыя сілы і сродкі, у тым ліку баявыя верталёты.
Юры Ліхтаровіч