Беларуская Служба

У Варшаве адбыўся адкрыты дыялог дэмакратычных сілаў Беларусі

07.08.2023 12:45
У польскай сталіцы прайшла канферэнцыя «Новая Беларусь 2023», каб абмеркаваць вынікі дзеянняў дэмсіл за прайшоўшы год. 
Аўдыё
  • Дыялог дэмакратычных сіл Беларусі ў Варшаве
Ілюстрацыйны здымакY:Likhtarovich

«Пытанняў шмат і давайце шукаць адказы на іх разам». Так лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святолана Ціханосўкая анансавала мерапрыемства, якое адбылося ў Варшаве. Гэта быў адкрыты дыялог дэмакратычных сілаў Беларусі падчас Канферэнцыі Новая Беларусь 2023. Падчас сустрэчы гучалі галасы пра неабходнасць яднання дэмакратычных сіл, залікі да ЕС аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі ды патрабавання кампенсацыі ад Расіі.

6 жніўня ў Варшава адбылася канферэнцыя «Новая Беларусь», якую зладзілі Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’днаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйная Рада. Мэта канферэнцыі – абмеркаваць, што змаглі дасягнуць дэмакратычныя сілы за чарговы год. Першая падобныя канферэнцыя адбылася ў Вільнюсе 8–9 жніўня 2022 года.

У гэтым годзе мерапрыемства пачалося хвілінай памяці за загінулых за свабоду Беларусі. З першай прамовай выступіла Святлана Ціханоўская.

- Канферэнцыя дала нам магчымасць ацаніць зробленае, а таксама зазірнуць у будучыню: якой будзе наша перамога і якім шляхам яна будзе дасягнутая.

Пасля выступу Ціханоўская была вымушана пакінуць канферэнцыю: польская паліцыя атрымала паведамленне, што Ціханоўскай пагражае небяспека. Пасля праверкі гатэлю беларуская лідарка змагла вярнуцца на канферэнцыю.

Прадстаўнік Аб’яднанага Кабінета Павал Латушка агучыў галоўны выклік дэмакратычных сілаў.

– Наша асноўная праблема - гэта недахоп асоб, гатовых працаваць галавою і рукамі, проста садзіцца і напісаць ліст, які сёння быў накіраваны міністрам унутраных спраў Польшчы, Літвы і Латвіі з прапановаю не закрываць мяжу хаця б дзеля гуманітарных мэт для беларусаў, якія будуць выязджаць.

Дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр нагадала пра невырашаную праблему палітычных вязняў.

- Мы ўсё яшчэ не ў Беларусі, і гэта самая галоўная няўдача. Няма ніводнага завершанага кейса ўніверсальнай юрысдыкцыі з пункту гледжання судовых рашэнняў, няма ніводнага ордара на пошук і арышт злачынцаў Лукашэнкі або самога Лукашэнкі. Павялічваецца колькасць палітвязняў.

Палітык Анатоль Лябедзька запрапанаваў запатрабаваць ад Расіі кампенсацыі для Беларусі. Палітык упэўнены, што беларусы мусяць «выставіць рахунак Крамлю і Пуціну» у тым ліку за Чарнобыль, за беларускіх палітвязняў і за страты Беларусі, якія з’явіліся праз тое, што нашая краіна не стала сябрам ЕЗ.

Прадстаўнік па замежных справах Кабінета Валер Кавалеўскі прэзентаваў праект новага нацыянальнага пашпарта Беларусі. Гэта будзе біяметрычны дакумент у адпаведнасці з усімі патрабаваннямі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі ды ЕС.

- Разлічваем, што пад канец года ці трошкі раней будуць фізічныя ўзоры пашпарту, якія будуць дасылаюцца ў Еўракамісіі, а адтуль у еўрапейскія краіны. Праз некалькі тыдняў трэба будзе пачынаць перамовы пра прызнанне. Ужо ёсць першыя станоўчыя сігналы аб магчымым прызнанні.

Дарадца Ціханоўскай паведаміў, што нацыянальны пашпарт Беларусі – гэта ўнікальны праект праязнога дакумента, які ў далейшым будзе выдавацца Кабінетам праз сетку пашпартных цэнтраў, а пасля падзення рэжыму і аднаўлення дэмакратыі будзе выдавацца ўсім грамадзянам Беларусі. Зацікаўленых у атрыманні пашпарта папрасілі прайсці спецыяльнае апытанне ад стваральнікаў платформы «Голас».

Апроч таго падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» прадстаўніца Кабінета Аліна Коўшык пасмяротна ўзнагародзіла медалём «Гонар і годнасць» актывіста Вітольда Ашурка, якога ў 2021 годзе закатавалі ў зняволенні. Мядаль атрымліваў брат Вітольда, а людзі апладзіравалі стоячы.

- Узнагародзіць медалём «Гонар і годнасць» грамадзяніна, які аддаў жыццё ў змаганні за свабоду, нацыянальныя каштоўнасці, дэмакратыю і правы чалавека – Вітальда Ашурка.

Самым спрэчным на канферэнцыі стаў выступ прадстаўніка Палка Каліноўскага Паўла «Віллі» Кухты, які раскрытыкаваў існуючыя структуры апазіцыі ды заклікаў да стварэння новай аб’яднанай інстытуцыі.

- Тая форма палітычнага жыцця апазіцыі, якая склалася на сёння ў эміграцыі абсалютна не адпавядае нашай агульнай мэце змяніць уладу ў краіне. Утварэнне палітычных партый, рухаў і бессэнсоўных ініцыятыў, занепакоенасць рэйтынгам, папулісцкія жаданні падабаецца ўсім, пусты піяр за кошт падкантрольных медыя не маюць сэнсу ва ўмовах акупацыі, у якіх ніякія выбары немагчымыя. Надзея на цуд павінна саступіць месца стратэгіі дзеяння. Трэба ствараць адзіны моцны Нацыянальна-вызваленчы рух, які складаецца з кампанентаў: ваенны складальнік як за мяжой краіны так і ўнутры яе. Мы жадаем агульную структуру. Дзе дзеянні каардынуюцца, рашэнні прымаюцца хутка, дзе ёсць дысцыпліна і адказнасць за вынікі працы. Сілавікі адказваюць сваім жыццём і здароўем, палітыкі – праз інстытут рэпутацыі і празрыстую справаздачнасць. У рамках існуючых структур гэтая сувязь не можа быць дасягнута.

Апроч абмеркавання беларускіх спраў ды праблем удзельнікі канферэнцыі выступілі з заклікам да ЕС працягваць падтрымку дзеянняў па аднаўленні дэмакратыі ў Беларусі, садзейнічаць культурнаму, адукацыйнаму і эканамічнаму абмену паміж грамадзянамі ЕС і Беларусі, пашырыць узаемадзеянне з дэмакратычнай Беларуссю ў межах Усходняга партнёрства.

Юры Ліхтаровіч