Мы паслядоўна падтрымліваем Украіну ў абароне ад расійскай агрэсіі, але для нас найважнейшы абавязак – абараняць інтарэсы Рэспублікі Польшча, а значыць, абараняць унутраны рынак і рынак ЕС. Таму чакаем, што ўкраінскія ўлады зразумеюць, што ў нас ёсць свае інтарэсы і абавязацельствы, заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў інтэрв'ю тыднёвіку Sieci.
Выданне пыталася ў прэзідэнта пра заяву кіраўніка польскага ўраду аб тым, што Польшча – нават насуперак рашэнню Еўракамісіі – не пагодзіцца зняць абмежаванняў на імпарт украінскага збожжа ў Польшчу пасля 15 верасня.
«Мы паслядоўна падтрымліваем Украіну ў абароне ад расійскай агрэсіі (...). Але другая справа – і гэта наш найважнейшы абавязак – абараняць інтарэсы Рэспублікі Польшча, у тым ліку абараняючы ўнутраны рынак і рынак Еўрасаюза, які пачынаецца з нас. Таксама ў нашых інтарэсах прызнанне гістарычнай праўды ў прасторы паміж дзяржавамі», – сказаў Анджэй Дуда.
Прэзідэнта таксама спыталі пра заяву кіраўніка Бюро міжнароднай палітыкі Марцына Пшыдача пра недастатковую ацэнку Кіевам польскай дапамогі.
«Міністр не хацеў, каб нашы сябры з Украіны кожны дзень казалі ў СМІ: «дзякуй, дзякуй, дзякуй». Мы вельмі часта гэта чуем ад звычайных людзей і вельмі цэнім гэта. Але мы чакаем разумення з боку ўкраінскіх уладаў па пэўных пытаннях – што ў нас ёсць свае інтарэсы і абавязацельствы», – сказаў кіраўнік польскай дзяржавы і дадаў, што з гэтым зразуменнем бывае «па-рознаму».
«Мы памятаем, што яны (украінцы – рэд.) знаходзяцца ў асаблівым становішчы. Таму часам трэба ім сказаць: мы разумеем, што вы ваюеце, але памятайце, што мы таксама жывем побач і ў нас таксама ёсць свае абавязкі перад польскім грамадствам», – дадаў палітык.
Адказваючы на пытанне аб чаканнях ад украінцаў і тое, чаго не хапае ў гістарычнай палітыцы, прэзідэнт заявіў, што прынцыповым крокам для польскага боку зʼяўляецца тое, каб у кожнай з ахвяр была свая магіла.
«Таму мы патрабуем магчымасці правядзення пошукавых работ. Каб астанкі былі ідэнтыфікаваныя і годна пахаваныя, а сваякі маглі паставіць свечку на сямейнай магіле і памаліцца», – дадаў ён.
Анджэй Дуда адзначыў, што гэта цяжкі працэс, і калі ён адбудзецца, сказаць складана.
«З пачатку майго прэзідэнцтва я спрабаваў гэта зрабіць. І тое, што нам удаецца атрымаць ад прэзідэнта Зяленскага ў гэтым пытанні, у тым ліку яго нядаўнюю прысутнасць у Луцку і ўшанаванне памяці ахвяраў – гэта тое, чаго мы раней не змаглі дабіцца, хоць я кожны раз за гэта хадайнічаў. Я хацеў бы, каб мы адпаведна ацанілі крок украінскага прэзідэнта. Раней, калі я ўскладаў кветкі ў полі на Валыні побач з рэшткамі разбураных польскіх вёсак, я быў там адзін», – падкрэсліў прэзідэнт Анджэй Дуда ў размове з тыднёвікам Sieci.
IAR/аз