Беларуская Служба

Ваенны парад у Дзень Войска Польскага стаў самым маштабным у гісторыі Польшчы

16.08.2023 14:55
Калі ў суседняй краіне ідзе жорсткая вайна, Польшча не можа сабе дазволіць мець слабую армію.
         .     15 .
Прэзідэнт РП Анджэй Дуда і Галоўнакамандуючы Генеральнага Штабу ПВ ген. Раймунд Анджэйчак на парадзе 15 жніўня. Фота: PAP/Paweł Supernak

15 жніўня, у 103 гадавіну перамогі над бальшавікамі на подступах да Варшавы, у сталіцы Польшчы Войска Польскае прадставіла самую сучасную тэхніку, якая маецца ў яго распараджэнні. Нягледзячы на прагнозы сіноптыкаў, што 15 жніўня, верагодна, стане самым гарачым днём лета, вайскоўцы прыбылі ў парадных мундзірах. Таксама шматлікім жыхарам Варшавы і гасцям сталіцы не перашкодзіла 35-градусная спёка, яны прыйшлі паглядзець на сваіх воінаў, якія ў выпадку пагрозы будуць бараніць дзяржаву.

Яшчэ не так даўно ў свеце шырока панавала так званая ідэя «канца гісторыі», якую распаўсюджваў, у прыватнасці, палітолаг Фрэнсіс Фукуяма – маўляў, закончылася гісторыя вялікіх войнаў. Аказваецца, што чалавецтва зусім не збіраецца адмаўляцца ад вайны, між іншым, Расія развязала бойню ва Украіне, якой не бачна канца.

Прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што бяспека Польшчы – у тым ліку шляхам стварэння моцнай арміі – была і ёсць асновай яго тэрміну паўнамоцтваў. Падчас параду з нагоды Дня Войска Польскага Дуда заявіў, што пасля 2015 года адбыўся адыход ад небяспечнай палітыкі скарачэння колькасці ўзброеных сілаў і ліквідацыі шматлікіх вайсковых частак. Прэзідэнт адзначыў: «Мы гэта спынілі і цалкам памянялі полюсы».

- У дадзены момант ствараецца ўжо пятая дывізія, сфармаваная 18-ая механізаваная дывізія і 1-ая дывізія пяхоты легіёнаў, ствараецца 2-гі механізаваны корпус у Кракаве. Практычна з нуля былі збудаваныя войскі тэрытарыяльнай абароны, якія налічваюць цяпер 37 тысяч вайскоўцаў. На працягу апошніх гадоў яны не раз паказалі, наколькі яны важныя для бяспекі полек і палякаў. Сёння Войска Польскае налічвае ўжо больш за 175 тыс жаўнераў. Мы робім высновы з вайны за нашай усходняй мяжой.

Віцэ-міністар унутраных справаў і адміністрацыі Мацей Вонсік (Maciej Wąsik) кажа, што ўчорашні парад з нагоды Дня Войска Польскага мае важнае значэнне ў мэтах міжнароднай палітыкі. Госць першага каналу Польскага радыё адказаў на закіды апазіцыі, што парад выкарыстоўваецца ўладамі для правядзення выбарчай кампаніі. «Мы павінны паказаць нашым суседзям, што мы вельмі моцныя», – падкрэсліў Вонсік.

- Калі гаворка ідзе пра тое, што парад павінен быў прадэманстраваць палякам, на што мы выдаткоўваем іх сродкі і што армія стала значна больш сучаснай, дык можам сказаць, што ён выкарыстоўваўся ў палітычных мэтах. Дарэчы, дэманстрацыя сілы была і падчас ранейшых парадаў. Аднак, дзеля гэтага менавіта ладзяць парады на ўсім свеце – каб паказаць сілу, каб паказаць гонар. Я не бачу ў гэтым нічога дрэннага, на маю думку, трэба ганарыцца нашай традыцыяй і тым, што польская армія моцная.

Ва ўчорашнім парадзе прынялі ўдзел больш за дзве тысячы вайскоўцаў, было прадстаўлена больш за дзвесце адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку амерыканскія танкі Abrams і карэйскія танкі K2. Былі прадстаўленыя і самалёты, у тым ліку знішчальнікі Ф-16. Увагу гледачоў прыцягнулі вайскоўцы з баявымі сабакамі. Дарэчы, перад парадам у СМІ прайшла дыскусія, ці парад у такую спёку не будзе надта небяспечным для жывёлы, але іх апекуны не адмовіліся ад паказу.

Увечары кіраўнік Мінабароны Марыюш Блашчак сустрэўся з жаўнерамі, якія нясуць службу на польска-беларускай мяжы. На вайсковай базе пад Баброўнікамі падчас вячэры на адкрытым паветры ён падзякаваў салдатам за службу і нагадаў пра нядаўнія рашэнні па нарошчванні абароназдольнасці.

- Я прыехаў сюды, каб вам падзякаваць за вашу службу тут, на польска-беларускай мяжы. Я ўпэўнены, што нашы суайчыннікі высока цэняць вашу службу. Задача міністра абароны – павышаць абароназдольнасць дзяржавы, таму мы ствараем новыя баявыя адзінкі. Акрамя таго, войска павінна мець сучаснае ўзбраенне, якое мы набываем. І моцная супраца з паўночна-атлантычным саюзам. Так што дзякуючы вашай службе Польшча бяспечная.

Салдаты нясуць дапамогу памежнікам па ахове дзяржаўнай мяжы ўжо звыш 700 дзён. Паводле словаў прадстаўніка Падляскай брыгады капітана Лукаша Вільчэўскага, на першым этапе гэта была дзейнасць па выяўленні асоб, якія займаліся перакідваннем нелегальных мігрантаў, а пасля расійскага ўварвання ва Украіну, на мяжы праходзіць рэгулярная служба.

- З часу поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну, мы праходзім службу на польска-беларускай мяжы. На гэтым адрэзку мяжы няма сцяны з увагі на прыродны ландшафт, але гэта не азначае, што яна не ахоўваецца. Мы нясем тут службу 24 гадзіны ў суткі, 7 дзён у тыдзень, ужо больш за 700 дзён.

Цяпер, акрамя пагранічнікаў, польска-беларускую мяжу ахоўваюць некалькі тысяч вайскоўцаў розных фармаванняў. Некалькі дзён таму міністр нацыянальнай абароны выдаў загад аб фармаванні спецгрупы аператыўнага рэагавання на магчымыя беларускія правакацыі.

Выданне Niezalezna.pl прыводзіць вытрымкі публікацыі нямецкіх СМІ, што Польшча набывае сучаснае ўзбраенне. Партал газеты «Frankfurter Allgemeine Zeitung» (FAZ), падкрэслівае, што «палякі разумеюць, што існаванне нацыі залежыць ад яе здольнасці абараніць сябе», гэта неаднаразова паказала гісторыя. І нагадвае, што 15 жніўня – важная дата для Польшчы, гадавіна бітвы, калі Польшча спыніла бальшавіцкую Расію ў паходзе на Еўропу.

Парады польскага войска не праводзіліся апошнія тры гады. Сёлета мерапрыемства мела вялікі размах, і многія тысячы гледачоў захапляліся новымі сістэмамі ўзбраення, замоўленымі з Амерыкі ці Паўднёвай Карэі. Польшча адчувае пагрозу, таму што з мінулага лета шмат чаго адбылося з боку Расіі ці Беларусі. Таму Польшча ўзбройваецца, а «трывожным сігналам было не толькі поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну, але і агрэсія супраць Украіны ў 2014 годзе.

Як адзначае FAZ, Польшча амаль адразу перадала Украіне значную частку ўзбраення, мае амаль 500 танкаў старэйшай мадэлі. Замоўлена 540 адзінак, а міністр абароны Марыюш Блашчак паўтарае, што ў Польшчы хутка будзе самая моцная сухапутная армія ў Еўропе.

«Я не ведаю ніводнай іншай нацыі, якая б так любіла сваю армію, як Польшча, вышэй за партыйныя падзелы», – сказаў былы палкоўнік бундэсверу Ёахім Франке.

Навучаная горкім вопытам, Польшча шукае моцных і надзейных саюзнікаў. Германія і Францыя такімі не з'яўляюцца, што паказаў першы год вайны ва Украіне. Такім чынам, Варшава ўскладвае спадзяванні на Вашынгтон і Лондан, брытанскія і амерыканскія салдаты маршыравалі ў Варшаве ў аўторак. Германія, хоць і зʼяўляецца найважнейшым гандлёвым партнёрам Польшчы, на парадзе не была прадстаўлена.

IAR/нг