Журналісты Gazeta Wyborcza запісалі аповеды трох расійскіх дысідэнтак, якія некалькі месяцаў таму мелі сурʼёзныя праблемы са здароўем. На думку лекараў, яны былі атручаныя. Гэта, між іншым, Наталля Арно, кіраўнічка арганізацыі Свабодная Расія, якая патрабавала ўвядзення жорсткіх санкцый супраць Пуціна за вайну ва Украіне. Яна была атручаная нервова-паралітычным сродкам, верагодна, зарынам. Дарэчы, гэтую субстанцыю іракскі дыктатар Садам Хусейн ужываў супраць курдаў, а сірыйскі дыктатар Башар Асад – супраць паўстанцаў. Расія карыстаецца гэтай атрутай, каб абясшкоджваць сваіх праціўнікаў. У Вялікабрыта6ніі быў атручаны Сяргей Скрыпаль, у Омску – Аляксей Навальны, два разы спецслужбы спрабавалі атруціць палітыка Уладзіміра Кара-Мурзу.
Газета знайшла таксама двух незалежных журналістак, якія былі атручаныя за межамі Расіі. Гэта рэпарцёрка Рэха Масквы Ірына Баблаян і журналістка «Новай Газеты» Алена Касцючэнка. Ірына апісвае сімптомы: у яе кружылася галава, яна не магла рухацца, ногі і рукі сталі гарачыя, цела пакрылася чырвонымі плямамі, у вуснах адчувала металічны смак. Жанчыны думалі, што гэта наступства інфекцыі, але аналізы паказвалі на атручванне.
Падобных выпадкаў можа быць больш. Ахвярамі расійскіх спецслужбаў, нават за мяжой, могуць стаць следчыя журналісты, апазіцыянеры, антываенныя дзеячы, – адзначае Раман Дабрахотаў, які шмат гадоў даследуе тэму атручвання расійскіх незалежных дзеячаў.
нг