Беларуская Служба

Польшча і Латвія ўзмацняюць супрацоўніцтва ў барацьбе з гібрыднай пагрозай з боку Беларусі

17.08.2023 10:40
Апошнім часам, як Польшча, так і Латвія фіксуюць рашучы рост колькасці спробаў нелегальнага перасячэння мяжы з Беларусі.
Аўдыё
  • Польшча і Латвія ўзмацняюць супрацоўніцтва ў барацбе з гібрыднай пагрозай з боку Беларусі
Прэзідэнты Латвіі і Польшчы Эдгар Рынкевічс і Анджэй Дуда PAP/Paweł Supernak

Польшча і Латвія падкрэсліваюць неабходнасць абароны ад гібрыднай атакі на мяжы з Беларуссю. Згаданая тэма была адной з галоўных падчас учарашніх перамоваў прэзідэнтаў Анджэя Дуды і Эдгара Рынкевічса ў Варшаве.

Кіраўнікі абедзвюх краін абмеркавалі меры па ахове мяжы. Прэзідэнт Латвіі звяртаў увагу на неабходнасць цеснай каардынацыі паміж Варшавай і Рыгай перад абліччам гібрыдных пагрозаў з Усходу. У Варшаве Эдгар Рынкевічс падкрэсліў, што Аляксандр Лукашэнка выкарыстоўвае мігрантаў як зброю:

- Цяпер у Беларусі з'явіліся тэрарысты з «Групы Вагнера» і трэба рыхтавацца да нейкіх правакацый. Мы гатовы прымаць узгодненыя рашэнні, назіраючы за разгортваннем гэтай драматычнай сітуацыі.

У сваю чаргу прэзідэнт Анджэй Дуда на сумеснай прэс-канферэнцыі сказаў, што размовы тычыліся спосабаў аховы мяжы:

- Мы гаварылі пра тое, якія меры прадпрымаем па ахове мяжы; як выглядае праблема штодзённых інцыдэнтаў на мяжы. Я казаў пра нашыя дзеянні, у тым ліку, пра накіраваннне на мяжу дадатковых вайсковых сілаў для падтрымкі функцыянераў Памежнай службы. У Латвіі такія дзеянні таксама прадпрымаюцца.

Прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў таксама, што для паляпшэння адносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Беларусь павінна спыніць гібрыдныя атакі на мяжы. Такім чынам кіраўнік польскай дзяржавы пракаментараваў нядаўнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі. На мінулым тыдні беларускі дыктатар заявіў, што хоча палепшыць адносіны паміж Беларуссю і Польшчай:

- Не сакрэт, бо ў нас ёсць доказы ў выглядзе відэаматэрыялаў, што называць гэтыя дзеянні гібрыднай атакай можна не беспадстаўна. Таму, што не хто іншы, як прадстаўнікі беларускіх службаў, беларускія функцыянеры ўдзельнічалі ў выцясненні мігрантаў да лініі мяжы.

У апошнім часе фіксуецца рост колькасці спробаў нелегальнага перасячэння мяжы з Беларуссі. Сёлета ў Польшчы іх адбылося больш за 19 тысяч, летась – 16 тысяч за ўвесь год.
Колькасць нелегальных мігрантаў на мяжы з Беларуссю фіксуецца таксама ў Латвіі і Літве, кажа кіраўнічка Балтыйскага аддзела Інстытута Цэнтральнай Еўропы Аляксандра Кучыньска-Зонік(Aleksandra Kuczyńska-Zonik):

- Балтыйскія краіны называюць гэта інстытуцыяналізаванай міграцыяй. Гаворка ідзе пра тое, што гэта не толькі асобы, якія нелегальна перасякаюць мяжу, але гэта таксама асобы, якіх у гэтым падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Акрамя таго, са зʼяўленнем «Групы Вагнера» ў Беларусі гэты ціск узмацніўся. У апошнія дні, асабліва ў Латвіі, мы бачым рост нелегальных мігрантаў.

Улады ў Варшаве і Рызе паведамляюць таксама аб узмацненні актыўнасці, як віртуальнай, так і рэальнай прапаганды з мэтай папаўнення шэрагаў наймітаў. Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы затрымала двух грамадзянаў Расіі, якія распаўсюджвалі ў Польшчы агітацыйныя матэрыялы «Групы Вагнера». Гэта можна лічыць сур’ёзнай пагрозай, кажа Аляксандра Кучыньска-Зонік:

- Існуе рызыка менш рацыянальных паводзінаў грамадзян. Асабліва гаворка ідзе пра Латвію, дзе рускамоўная меншасць складае 20-30 працэнтаў насельніцтва – гэта ў залежнасці ад таго, ці мы кажам пра этнічных расіян ці пра рускамоўных грамадзян Латвіі. Такім чынам частка насельніцтва можа падвяргацца прапагандзе з боку Беларусі.

Ці баяцца грамадствы Латвіі і Літвы пагрозы з боку вагнераўцаў у Беларусі? Справу ўскладняе этнічная разнастайнасць, асабліва ў Латвіі, кажа экспертка:

- Абагульняючы, калі мы гаворым пра латышскае ці літоўскае грамадствы, то, вядома, большая частка баіцца розных пагроз з боку Расіі і Беларусі. Але, калі мы сапраўды ўлічым этнічную разнастайнасць, асабліва ў Латвіі, то ўбачым, што расійскамоўнае грамадства вельмі моцна падзеленае. Іx давер афіцыйным інфармацыям, перадаваным уладамі можа адрознівацца ад таго, які выяўляюць карэнныя латышы. Таксама часта ўвага звяртаецца на пытанне эканамічнай супрацы паміж Латвіяй і Беларуссю. Санкцыі, уведзеныя супраць беларускага рэжыму за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў, закранулі ў першую чаргу расійскамоўныя асобы, якія пражываюць на памежжы. Яны могуць абвінавачваць улады Латвіі за адсутнасць супрацы з Беларуссю.

– кажа кіраўнічка Балтыйскага аддзела Інстытута Цэнтральнай Еўропы Аляксандра Кучынска-Зонік.

Нагадваем, раней Польшча, Літва і Латвія заявілі, што ў выпадку эскалацыі напружанасці з боку ўладаў у Мінску сумесна прымуць рашэнне аб поўным закрыцці памежных пераходаў з Беларуссю. Верагодна пра гэта 28 жніўня ў Варшаве будуць размаўляць міністры з краін Балтыі і Польшчы.

У бліжэйшую пятніцу Літва плануе закрыць два КПП з Беларуссю – у Шумску і Цверачы. Улады ў Вільні паясняюць, што гэта рэакцыя на пагрозу з боку наймітаў з «Групы Вагнера», якія знаходзяцца ў Беларусі, а таксама на спробы вербавання літоўцаў, якія падарожнічаюць у Беларусь.

Між тым, падчас сустрэчы ў Варшаве прэзідэнты Анджэй Дуда і Эдгар Рынкевічс пацвердзілі намер паглыблення супрацы ў рамках ініцыятывы «Рэгіён трох мораў». Кіраўнікі Польшчы і Латвіі гаварылі пра важнасць гэтага фармату, які абʼядноўвае краіны, распаложаныя паміж Адрыятычным, Балтыйскім і Чорным морамі.

Акрамя пытанняў бяспекі і гібрыдных пагроз з боку Расіі і Беларусі, прэзідэнты абмеркавалі і эканамічныя пытанні. Анджэй Дуда згадаў заснаваную летась у Рызе Польска-латвійскую гандлёва-прамысловую палату. Ён таксама звярнуў увагу на значэнне рэалізацыі такіх інфраструктурных праектаў, як Via і Rail Baltica.

IAR/PR1/аз

Беларусь – адна з галоўных тэмаў візіту прэзідэнта Латвіі ў Польшчу

16.08.2023 07:01
У асноўным гаворка ідзе пра мяжу з Беларуссю і штучна створаны Мінскам і Масквой міграцыйны ціск.

Прэзідэнт Анджэй Дуда: Спыненне гібрыдных атакаў – умова паляпшэння адносінаў з Польшчай

16.08.2023 16:00
На мінулым тыдні беларускі дыктатар нечакана заявіў, што хоча палепшыць адносіны паміж Беларуссю і Польшчай.