Беларуская Служба

«Смерць Прыгожына - гэта выразны сігнал для ўзурпатара Лукашэнкі»

24.08.2023 13:34
Сёння спаўняецца два месяцы пасля вагнераўскага бунту. 
Аўдыё
  • «Смерць Прыгожына - гэта выразны сігнал для ўзурпатара Лукашэнкі»
 ,
Абломкі самалёта, якім ляцей Прыгожын PAP/EPA/ANATOLY MALTSEV

Расійскія ўлады інфармуюць, што кіраўнік «Групы Вагнера» Яўген Прыгожын і яго намеснік Дзмітры Уткін знаходзіліся на борце прыватнага самалёту, які разбіўся ў Цвярской вобласці. Адначасова паведамляецца, што для апазнання цел неабходна правесці аналіз ДНК, паколькі целы ахвяр моцна абгарэлі.

Вядома, што на борце самалёта знаходзіліся дзесяць чалавек — тры члены экіпажа і сем пасажыраў. Некаторыя сведкі падзення самалёта казалі, што бачылі ў небе сляды ракет і чулі выбухі, што магло б сведчыць аб тым, што самалёт быў збіты. Іншая меркаваная версія – выбухоўка на борце самалёту. Так ці інакш, амаль усе каментатары лічаць, што гэта не надзвычайная сітуацыя, а спланаваная ліквідацыя Прыгожына, якая стала асабістай помстай Уладзіміра Пуціна.

Сёння спаўняецца два месяцы пасля вагнераўскага бунту. 24 чэрвеня найміты з «Групы Вагнера» пад камандаваннем Яўгена Прыгожына захапілі расійскія гарады Растоў-на-Доне і Варонеж і пачалі паход на Маскву. Паўстанне завяршылася пагадненнем, дасягнутым з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Пасля бунту частка вагнераўцаў пераехала ў Беларусь.

Апошнія паведамленні пра Яўгена Прыгожына паступалі тры дні таму - заснавальнік наймітаў «Групы Вагнера» запісаў відэа, у якім распавядае, што знаходзіцца ў Афрыцы.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павал Латушка лічыць, што выбух самалёта, на якім мог быць Прыгожын, гэта выразны сігнал Лукашэнку:

- Быў ці не быў Прыгожын на борце разбіўшагася самалёта, гэта выразны сігнал для ўзурпатара Лукашэнкі аб тым, што з ім адбудзецца ў выпадку, калі ён здрадзіць свайго гаспадара. Дарэчы, Лукашэнка даваў гарантыі бяспекі Прыгожыну. Ну што ж, Лукашэнка сам сябе загнаў у вугал.

Інфармацыю пра смерць Прыгожына пракаментавала Святлана Ціханоўская:

Па Прыгожыне ў Беларусі не будуць сумаваць. Ён быў забойцам, і яго трэба памятаць як такога. Чакаем ліквідацыі «Групы Вагнера» у Беларусі, што знізіць пагрозу нашай краіне і суседзям. Смерць Прыгожына паказала, чаго вартыя «гарантыі бяспекі», дадзеныя Лукашэнкам.

Калі інфармацыя аб гібелі Яўгена Прыгожына пацвердзіцца, яна не стане нечаканасцю, адзначае прэс-сакратар польскага ўрада Пётр Мюлер. Ён лічыць, што за авіякатастрофай, у якой, верагодна, загінуў Яўген Прыгожын, стаіць Уладзімір Пуцін. У эфіры TVP Info палітык адзначыў, што забойства апанентаў было тыповымі паводзінамі кіраўніка крамлёўскага рэжыму на працягу многіх гадоў:

- Усе падзеі, якія цяпер адбываюцца ва Украіне, абвяргаюць тэзу, якая распаўсюджвалася раней, што Уладзімір Пуцін не здольны на такія рэчы. І гэта адбываецца не толькі цяпер, але і раней, да 2010 году. Уладзімір Пуцін забівае людзей у многіх краінах. І гэта не новая інфармацыя. Яшчэ тады, будучы апазіцыяй, мы аб’яўлялі, што палітыка аднаўлення адносін з Расіяй небяспечная як для Польшчы, так і для Еўропы.

Па словах міністра замежных спраў Польшчы Збігнева Раўа, інфармацыя аб гібелі Яўгена Прыгожына пацвердзіцца. Кіраўнік польскай дыпламатыі ў эфіры TVP Info сказаў, што гэта не можа быць выпадковасцю:

- Так ужо бывае, што палітычныя праціўнікі, якіх Пуцін палічыць пагрозай для сваёй улады, не паміраюць натуральнай смерцю. Два месяцы таму вялікай нечаканасцю стаў яго бунт. Не меншым здзіўленнем было тое, што яму ўдалося гэта перажыць – і біялагічна, і палітычна.

Пра прысутнасць Яўгена Прыгожына ў самалёце сведчыць толькі спіс пасажыраў. Некаторыя незалежныя аглядальнікі сумняваюцца, ці насамрэч на борце машыны былі кіраўнік «вагнераўцаў» і ягоны намесьнік Дзмітры Уткін.

Дзяніс Караткоў з сайта расследаванняў «Дас’е» не ўпэўнены, што Яўген Прыгожын сапраўды загінуў у авіякатастрофе:

Я не буду рызыкаваць і не буду рабіць ніякіх прагнозаў і здагадак. Усё магло здарыцца. Толькі калі будзе труп і нам яго пакажуць, гэта значна знізіць рызыку магчымай містыфікацыі, арганізаванай самім Прыгожыным.

Іншы незалежны публіцыст Сяргей Кавальчанка таксама дапускае магчымасць падману:

- Калі б Прыгожын сапраўды быў у другім самалёце, яму трэба было як мага хутчэй уцячы ў бок мяжы, таму што цяпер у Расіі за яго ніхто ні капейкі не заплаціць.

Тым часам, незалежныя беларускія СМІ пішуць, што лагер вагнераўцаў пад Асіповічамі дэмантуюць. На эксклюзіўным спадарожнікавым здымку сэрвісу Planet Labs, які атрымала «Свабода», можна заўважыць актыўную фазу дэмантажу лагера вагнераўцаў у вёсцы Цэль, што пад Асіповічамі. Калі меркаваць па фота, прыбралі ўжо траціну ўсіх намётаў.

ав

слухайце аўдыё