Беларуская Служба

Міністр Збігнеў Раў: Вывад вагнераўцаў з Беларусі не паўплывае радыкальна на бяспеку польскай мяжы

28.08.2023 15:10
Кіраўнік МЗС ацаніў сітуацыю на мяжы Польшчы з Беларуссю.
Аўдыё
  • На думку Збігнева Раўа, вывад вагнераўцаў з Беларусі не паўплывае радыкальным чынам на бяспеку польскай мяжы.
. .
"Вагнераўцы". Ілюстрацыя.фота: Shutterstock/Andrey Sayfutdinov

У выніку крушэння самалёта, якое адбылося на мінулым тыдні ў Цвярской вобласці, згінуў кіраўнік Групы «Вагнера» Яўген Прыгожын. Гэтая інфармацыя надоечы была пацверджана афіцыйна расійскімі ўладамі пасля правядзення ўсіх экспертыз. Палітыкі ў Польшчы задаюцца пытаннем, ці пасля гэтага вагнераўцы пакінуць Беларусь, ці застануцца ў краіне, і як польская дзяржава павінна рэагаваць на пагрозы з боку Беларусі. Пра гэта, між іншым, журналіст радыёстанцыі Унэт (Radio Wnet) размаўляў з міністрам замежных спраў Польшчы Збігневам Раўам (Zbigniew Rau).

У СМІ паяўляюцца звесткі, што лагер «вагнераўцаў» у Беларусі ліквідуюць. Ці гэта азначае, што небяспека з гэтага боку знікае?

- Я не думаю, што пагроза знікае. Вагнераўцы ў гэтым лагеры пад Мінскам павінны былі ўзмацняць псіхалагічны ціск, у першую чаргу, на краіны нашага рэгіёну. Гэта быў фрагмент больш маштабнай ідэі, таму што мы ведаем, што амаль тры гады на нашу мяжу аказваецца міграцыйны ціск пад кантролем беларускіх службаў, які сам па сабе не меў нічога агульнага з прысутнасцю вагнераўцаў у Беларусі. Пераважная большасць мігрантаў спачатку трапіла ў Расію, потым іх перакінулі ў Беларусь, іх праваднікамі былі і застаюцца супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў. Вагнераўцы ўнеслі псіхалагічны ціск, улічваючы злачынную рэпутацыю гэтай групы. Гэты псіхалагічны, а таксама вайсковы прэсінг на Польшчу, пераважна з Беларусі, мае больш складаны характар. З аднаго боку, гэта міграцыйны ціск, з другога – нагадаю, што практычна з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў Беларусі пастаянна праходзяць беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні. Іх мэта – запалохванне, плюс гэтая заява пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі. Так што з гэтай перспектывы прысутнасць «Групы Вагнера» ў Беларусі мала што ўнесла, і факт яе адыходу ў Расію таксама мала зменіць.

Літва закрыла два памежныя праходы з Беларуссю. Ці тое ж самае павінна зрабіць Польшча? Пры якіх падзеях на мяжы, польскі ўрад можа прыняць падобнае рашэнне?

- Калі такое рашэнне будзе прынятае, яно будзе ўзгадняцца з нашымі балтыйскімі партнёрамі – Літвой і Латвіяй. Але перш за ўсё гэта будзе вынік міграцыйнага ціску, які кантралюецца і арганізуецца беларускім бокам. Сёлета гэты ціск прыкметна ўзмацняецца. З пачатку года, паводле звестак Памежнай варты, было ўжо каля 20 тысяч спробаў незаконнага пранікнення на тэрыторыю Рэспублікі Польшча. Беларускі бок высылае сігналы, што ён хацеў бы пачаць перамовы з польскім бокам, але мы пры кожнай нагодзе даносім беларускім дыпламатам, што ключом да разгляду такой магчымасці павінна быць вызваленне палітвязняў. З нашага пункту гледжання надзвычай важныя палітвязні – гэта перш за ўсё Анджэй Пачобут і іншыя грамадскія актывісты ў Беларусі. Тут сітуацыя ніяк не паляпшаецца. На самой справе становіцца горш.

Ці польскія ўлады павінны аднолькава ставіцца да рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, ці нейкім чынам адрозніваць падыход да іх?

- Калі гаворка ідзе пра стварэнне пагрозы і міграцыйны ціск, не толькі на Польшчу, гэта абсалютна ўзаемазалежныя дзеянні. Лукашэнка не пайшоў бы на гэта, калі б у яго не было дамоўленасці з Масквой. Нават калі б гэта быў яго ўласны праект, у чым я моцна сумняваюся, яго трэба было б зацвярджаць у Маскве. Няма ніякіх сумненняў у тым, што адкрыццё Беларуссю гэтага міграцыйнага фронту на мяжы з Польшчай было прэлюдыяй да запланаванага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, задачай была дэстабілізацыя Польшчы як краіны, супраца з якой абсалютна неабходная дзеля падтрымкі Украіны Захадам.

Польскія ўлады цвёрда трымаюцца пазіцыі, што з Расіяй Пуціна нельга весці перамовы. Аднак на Захадзе з’яўляюцца ідэі аб такіх перамовах, напрыклад, ёсць прапановы аб замарожванні вайны ва Украіне ў рамках нейкіх пагадненняў, як мінскія.

- Зразумела, такая прага новых стасункаў з Расіяй прысутнічае не толькі ў паўднёвых краінах, прадстаўнікі якіх сустрэліся нядаўна ў Саудаўскай Арабіі, ці ў дзяржавах блоку БРІКС, кіраўнікі якіх правялі канферэнцыю ў Паўднёвай Афрыцы. Усё часцей мы бачым імкненне наладжвання адносінаў з Расіяй пасля заключэння перамір'я альбо нават спынення агню. Калі мы не бачым гэтага ў палітыцы ўрадаў, асабліва ў Заходняй Еўропе, то ў колах аналітыкаў і дарадцаў гэта распаўсюджаны падыход. Вы, несумненна, памятаеце, што чаканні ўкраінскага наступу вясной-летам спалучаліся з тым, што практычна незалежна ад яго вынікаў трэба дамагацца спынення агню і пераходзіць да дыпламатыі. На маю думку, Расія стала такой краінай, дзе прынцыпы палітычнай сістэмы не могуць быць асновай для разважанняў аб надзейным палітычным дыялогу, накіраваным на стабілізацыю міжнародных адносін або любых новых «перазагрузак».

Размаўляў Лукаш Янкоўскі/пераклад нг