У тыднёвым часопісе Do Rzeczy тэма, якая выклікае вельмі шмат эмоцый у людзей ва ўсім свеце. Гэта кліматычныя змены і стаўленне да іх розных асобаў, у тым ліку навукоўцаў ды палітыкаў. Аўтар, Лукаш Важэха (Łukasz Warzecha), піша пра адносна новае прыкладанне ў Польшчы, якое высылае паведамленні Урадавага цэнтру бяспекі пра розныя экстрэмальныя з’явы ў надвор’і, як вельмі высокая тэмпература, навальніцы ці іншае. Аўтар піша, што ён заблакаваў магчымасць атрымання гэтых паведамленняў, паколькі не хоча, каб яго палохалі. І менавіта гэтым займаюцца шматлікія палітыкі ці навукоўцы або псеўданавукоўцы, калі падкрэсліваюць сувязь паміж экстрэмальна высокай тэмпературай ці ляснымі пажарамі і дзейнасцю чалавека.
«На момант напісання гэтага тэксту за акном роўна 33,6 градуса па Цэльсію. Нічога незвычайнага ў гэтым няма – цяпер лета і ў Польшчы тэмпература вышэй за 30 градусаў – гэта нармальна. Аднак з розных бакоў ідуць імпульсы ды ідэалагічная інфармацыя, каб пераканаць нас, што мы маем справу не з звычайным надвор'ем, а з абсалютна выключнымі і экстрэмальнымі зʼявамі» – піша аўтар. І прыводзіць прыклады тэмпературных рэкордаў за апошнія 100 гадоў у Польшчы. Яны даходзілі да 40 градусаў Цэльсія. Згадвае таксама тэму лясных пажараў, якія гэтым летам бушавалі ў Грэцыі. І прыводзіць вытрымку з артыкулу супрацоўніка Факультэту сельскай гаспадаркі Універсітэту ў грэчаскіх Салоніках. Паводле яго падлікаў, у 50-70-ыя гады мінулага стагоддзя ў Грэцыі было ў сярэднім 612 лясных пажараў у год, а бальшыня з іх здарыліся па прычыне неасцярожнасці чалавека. Пад канец ліпеня гэтага года ўлады Грэцыі паведамлялі пра 660 пажараў, і што большасць з іх былі выкліканы дзейнасцю чалавека.
Важэха падсумоўвае, што феноменам кліматычнай прапаганды зʼяўляецца тое, што яна кожны факт інтэрпрэтуе ў сваю карысць. У іншым артыкуле, таксама прысвечаным кліматычным зменам, аўтар прыводзіць дадзеныя, што толькі 1,6% навукоўцаў згодныя, што клімат на Зямлі стаў цяплейшым у выніку дзейнасці чалавека.
нг