Пасол ЗША ў Польшчы Марк Бжэзіньскі даў інтэрв’ю выданню Rzeczpospolita.
Бжэзіньскі атрымаў званне Чалавека году Эканамічнага форуму ў Карпачы. «Гэтая ўзнагарода стала для мяне вялікім сюрпрызам. Я прымаю яе ад імя больш чым 600 супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Польшчы. Мае калегі імкнуцца развівацца польска-амерыканскія адносіны. Для мяне вялікі гонар прыняць гэтае званне ад іх імя», – адказаў пасол.
Бжэзіньскага таксама спыталі, як ён ацэньвае адносіны паміж Варшавай і Вашынгтонам. «Наш хаўрус налічвае больш за 200 гадоў. На працягу сотняў гадоў амерыканцы змагаліся за свабоду Польшчы, а палякі змагаліся за свабоду Амерыкі – яшчэ з часоў Тадэвуша Касцюшкі і Казімежа Пуласкага. Мы жывём у час, калі Польшча і ЗША маюць адну свабоду. Наша агульная справа – падтрымліваць народ Украіны. У Польшчы знаходзіцца больш за 10 тысяч амерыканскіх салдат, якія размешчаны па ўсёй краіне. Мы выконваем задачу прэзідэнта Джо Байдэна: бараніць кожны сантыметр тэрыторыі НАТА, у тым ліку, і Польшчы», – сказаў ён.
«Польшча і ЗША супрацоўнічаюць у вайсковым плане настолькі цесна, наколькі могуць саюзнікі... Мы размаўляем на адной тэхналагічнай мове – у тым сэнсе, што выкарыстоўваем аднолькавую тэхніку. Танкі Abrams, верталёты Apache, знішчальнікі F-35, пускавыя ўстаноўкі HiMARS – гэта абсталяванне, якое мы выкарыстоўваем у самых важных месцах па ўсім свеце. І ўсім гэтым мы дзелімся з Польшчай», – дадаў пасол ЗША.
Паводле яго слоў, «супраца – гэта абарона каштоўнасцяў». «Яна абапіраецца на агульныя каштоўнасці, якія мы, амерыканцы, лічым універсальнымі. Вось чаму, калі нашы салдаты прыбываюць у Польшчу, яны наведваюць Музей Варшаўскага паўстання. Яны таксама наведваюць Асвенцым, каб убачыць наступствы адмовы ад каштоўнасцяў. Гэта важны элемент іх падрыхтоўкі», – адзначыў Марк Бжэзіньскі.
нг