Беларуская Служба

Амаль усе ўкраінскія бежанцы (94,3%) станоўча ацэньваюць дапамогу, якую яны атрымалі ў Польшчы - апытанне

08.09.2023 20:19
Пасля заканчэння вайны амаль палова бежанцаў мае намер вярнуцца ва Украіну.
Украінцы на польскай памежнай чыгуначнай станцыі Пшэмысль Shutterstock/0simon0 SzymonLaszewski

Даследаванне, праведзенае навукоўцамі Варшаўскага ўніверсітэта і Варшаўскай эканоміка-гуманітарнай акадэміі і апублікаванае ў газеце Rzeczpospolita, пралівае святло на жыццё, погляды і планы ўкраінскіх грамадзян, якія апынуліся ў Польшчы пасля пачатку расійскага нападзення. Вынікі даследавання сведчаць аб разнастайнасці сярод украінскіх бежанцаў на многіх узроўнях.
Даследаванне паказвае, што ўкраінскія ўцекачы ў Польшчы па-рознаму ацэньваюць свой даход і ўмовы жыцця.

Амаль палова апытаных лічыць, што даход недастатковы (44,9%), а амаль тры пятыя (56,9%) мяркуюць, што ўмовы жыцця пагоршыліся.
Магчымай прычынай такога дысанансу ў ацэнках з'яўляецца больш высокі кошт жыцця ў Польшчы ў параўнанні з Украінай. Перш за ўсё ўкраінцы ў Польшчы могуць дазволіць сабе аплачваць такія выдаткі, як харчаванне (86,4%), вопратку (67,1%), аплату жылля (65%) і лекі (50,1%).

Большасць рэспандэнтаў задаволеныя сваёй працай і лічаць, што нацыянальнасць не ўплывае на ацэнку выкананай імі працы, адзначае газета.
Што тычыцца заработнай платы, то каля 30% бежанцаў маюць сярэднямесячны даход больш за 3 тыс. злотых (каля 654 еўра) чыстымі, а амаль кожны пяты (17,7%) не мае даходу наогул.

Характэрна, што амаль усе бежанцы (94,3%) станоўча ацэньваюць дапамогу, якую яны атрымалі ў Польшчы, у тым ліку адзенне, прадукты харчавання, сродкі гігіены (59,1%), а таксама жыллё (42,1%) і фінансавую падтрымку ( 36,8%).

Пасля заканчэння вайны амаль палова бежанцаў мае намер вярнуцца ва Украіну. Кожны дзясяты хоча застацца на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчы, а 16,5% – застацца тут на некаторы час пасля заканчэння вайны. Кожны пяты ўкраінец яшчэ не вырашыў, што ён будзе рабіць са сваім жыццём пасля вайны, чытаем у газеце Rzeczpospolita.

вс