Беларуская Служба

Польшча не адкрые свайго рынку для ўкраінскага збожжа

13.09.2023 12:07
Польскі ўрад гатовы прадоўжыць эмбарга ў аднабаковым парадку.
Аўдыё
  • Польшча не адкрые свайго рынку для ўкраінскага збожжа
Здымак мае ілюстрацыйны характарskyradar/pixabay.com/CC0 Public Domain

Урад Польшчы не адкрые свайго рынку для ўкраінскага збожжа. Польскія ўлады паведамілі, што калі ЕС не вырашыць аб прадаўжэнні эмбарга, польскі бок зробіць гэта ў аднабаковым парадку. Нагадваем, дзеянне эмбарга ЕС на імпарт украінскага збожжа заканчваецца ў пятніцу, 15 верасня.

Прэм'ер Матэвуш Маравецкі заявіў, што пасля 15 верасня Польшча працягне поўную забарону на імпарт украінскага збожжа. Рашэнне па гэтай справе ў аўторак прыняў Савет міністраў:

- Экспарт і транзіт у Афрыку і Азію – так. Зрыў польскага рынку – не. Мы будзем абараняць айчынных вытворцаў збожжавых, нягледзячы на тое, якім будзе рашэнне Еўракамісіі.

Прэм’ер таксама абвясціў, што накіраваў ультыматум Еўракамісіі з выразнай просьбай падоўжыць забарону на імпарт чатырох збожжавых з Украіны. Гэта датычыцца імпарту пшаніцы, кукурузы, рапсу і сланечніка.

«Мы не дазволім, каб украінскае збожжа дэстабілізавала польскую вёску», – дадаў кіраўнік польскага ўраду і нагадаў, што палякі вельмі дапамагалі ўкраінскім уцекачам:

- Польскія сем’іі з польскіх гарадоў, гарадкоў і вёсак адкрылі свае сэрцы і дзверы сваіх дамоў, каб прыняць украінскія жанчыны і дзеці, якія ўцякалі ад расійскага тэрору. Палякі зрабілі для Украіны больш, чым хто-небудзь іншы ў Еўропе, як у гуманітарнай, ваеннай, так і палітычнай сферах.

Міністр сельскай гаспадаркі Роберт Тэлюс (Robert Telus) паясніў, што пасля 15 верасня транзіт збожжа праз тэрыторыю прыфрантавых краінаў, у тым ліку Польшчу, будзе дазволены:

- Транзіт збожжа будзе дазволены, як адбывалася да гэтай пары.

Міністр па еўрапейскіх справах Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк(Szymon Szynkowski vel Sęk) запэўніў, што Польшча не паддасца ціску з боку Украіны, якая патрабуе адмены эмбарга. Палітык дадаў, што ўкраінскі бок, які абвастрае адносіны з Польшчай, сам сабе шкодзіць:

- Украінскі бок гуляе жорстка, часам перасякаючы межы дыпламатычнай гульні. Гэта нас не ўражвае, паколькі мы абараняем інтарэс польскіх фермераў і не паддадзімся на ціск Украіны. Украінскі бок таксама павінен задумацца – ці аплочваецца яму зараз пагаршаць адносіны з Польшчай. Паводле мяне, не.

Міністр па еўрапейскіх справах таксама заявіў, што новая польская забарона будзе ўведзеная на нявызначаны тэрмін:

- Паводле ўчарашняга паседжання Савета міністраў забарона будзе дзейнічаць да часу стабілізацыі на сельскагаспадарчым рынку. Тэрмін заканчэння ейнага дзеяння нявызначаны, паколькі зараз цяжка сцвердзіць, калі гэтая сітуацыя стабілізуецца.

Паўліна Пехна-Венцкевіч(Paulina Piechna – Więckiewic) з апазіцыйных «Левых сілаў» лічыць, што Польшча павінна абараняць айчынных вытворцаў прадуктаў харчавання, аднак шляхам перамоваў з Еўрасаюзам, а не правакаваць чарговую спрэчку:

- Добра было б не ствараць чарговай спрэчкі з Еўрасаюзам. Добра было б, разам з іншымі краінамі, бо гэта не толькі ў польскім інтарэсе, пераканаць ЕС, што Польшча, якая мяжуе з Украінай, ужо панесла сур’ёзныя кошты, звязаныя з вайной ва Украіне і польскія фермеры патрабуюць такой падтрымкі з ЕС.

У сваю чаргу дэпутат ад апазіцыйнай «Грамадзянскай кааліцыі» Марыюш Вітчак (Mariusz Witczak) запэўніў, што ўсе палітычныя партыі ў Польшчы згодныя ў пытанні прадаўжэння эмбарга на імпарт украінскага збожжа. Паводле палітыка, Еўрапейская камісія не будзе накладаць на Польшчу ніякіх штрафных санкцый у сувязі з працягам забароны на ўвоз украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі:

- Я перакананы, што ўдасца пераканаць ЕС да рашэнняў, якія падтрымліваюць усе палітычныя сілы ў Польшчы. Я не чуў, каб нейкая партыя ў Польшчы не падтрымлівала прапановы прадаўжэння эмбарга, паколькі яно гарантуе харчовую бяспеку і стабільнасць польскай сельскай гаспадаркі.

Дэпутат ад кіроўнай партыі «Права і справядлівасці» Рышард Чарнэцкі(Ryszard Carnecki) нагадаў, што забарона ЕС на ўвоз украінскага збожжа тычыцца не толькі Польшчы, але таксама Балгарыі, Венгрыі, Румыніі і Славакіі, то бок пяці прыфрантавых краінаў:

- Пытанне тычыцца не толькі Польшчы, але агулам пяці краінаў – членаў. Таму гэта шырэйшая праблема. Гэта павялічвае шанец на станоўчае рашэнне Еўрасаюза.

Нагадваем, эмбарга распаўсюджваецца на пяць краін ЕС і датычыць чатырох відаў збожжавых з Украіны, якіх нельга прадаваць на рынках згаданых краінаў. У сваю чаргу іх транзіт праз тэрыторыі згаданых краінаў магчымы. Забарона была ўведзена часова і дзейнічае да 15 верасня. Польшча, Балгарыя, Румынія, Славакія і Венгрыя патрабуюць ейнага прадаўжэння да канца года.

Такое рашэнне падтрымлівае таксама еўракамісар па пытаннях сельскай гаспадаркі Януш Вайцяхоўскі (Janusz Wojciechowski). Паводле яго, за гэта сведчыць статыстыка: падчас абмежаванняў Украіна не толькі не скараціла, але і павялічыла экспарт прадуктаў харчавання на 400 тысяч тон у месяц:

- Гэта галоўны аргумент для падаўжэння гэтых часовых мер, якія я рашуча падтрымліваю, пра што я таксама казаў на пасяджэнні Камітэта па сельскай гаспадарцы Еўрапарламента.

Канчатковае рашэнне па справе прадаўжэння эмбарга – на ўзроўні ЕС – будзе прымаць Еўракамісія. Паводле каментатараў, гэта можа адбыцца, напрыклад, падчас сённяшняй сустрэчы Калегіі камісараў ЕС у Страсбургу.

IAR/аз

Урад Польшчы прыняў пастанову з заклікам аб падаўжэнні эмбарга на ўвоз украінскага збожжа

12.09.2023 14:22
Да 15 верасня дзейнічае забарона Еўрасаюза на імпарт украінскага збожжа ў пяць прылеглых да Украіны дзяржаў.