Беларуская Служба

«Нам не падабаецца эмбарга, але яно не павінна засланяць маштаб польскай падтрымкі вайны»

25.09.2023 11:03
Так пра апошнія праблемы ў адносінах Польшча-Украіна пішуць украінскія эксперты і аглядальнікі.
  .
Збожжа ў зернясховішчы. Ілюстрацыйны здымак pixabay.com/Mexxicana

Нягледзячы на тое, што ўкраінскія каментатары не падтрымліваюць польскае эмбарга на збожжа, многія з іх крытыкуюць рытарычнае перабольшанне, у якое, на іх думку, трапілі ўлады ў Кіеве. Яго кульмінацыяй стала выступленне прэзідэнта на Генеральнай асамблеі ААН на мінулым тыдні. Уладзімір Зяленскі заявіў у Нью-Ёрку, што «некаторыя сябры ў Еўропе гуляюць у салідарнасць у палітычным тэатры, робячы з зерня трылер». – Яны фактычна дапамагаюць падрыхтаваць сцэну для маскоўскага акцёра, – дадаў ён. Ён не назваў Польшчу па імені, але многімі гэта было ўспрынята як напад на палякаў. Піша DGP.

Пра «эмоцыі, якія забіваюць давер» піша ў блогу на сайце «Украінскай праўды» дырэктар Цэнтра «Новая Еўропа» і член Кансультатыўнага камітэта прэзідэнтаў Польшчы і Украіны Алёна Гетманчук. «Ніякі сур'ёзны польска-ўкраінскі крызіс не вырашаўся праз публічныя абвінавачванні, эмацыйныя ўсплёскі і танны тролінг. «Дыпламатыя імя і ганьбы», якую Украіна адточвала падчас вялікай вайны, цяпер дае вынік, адваротны ад задуманага», – каментуе вядомая аналітык.

Гетманчук прызнае, што «роля Варшавы часам недаацэньваецца Кіевам», нагадваючы, што Польшча «жадала стаць лагістычным транзітным цэнтрам для Украіны, прапаноўваючы амерыканцам тую ж ролю, якую адыгрываў Пакістан падчас вайны ў Афганістане (Жэшаў, як Пешавар), але Варшава заўсёды рэзка рэагавала на спробы ператварыць яе ў транзітную сталіцу на шляху ў Берлін, Лондан ці Вашынгтон».

Юрый Панчанка, заснавальнік уплывовага выдання «Еўрапейская праўда» і часты каментатар польска-ўкраінскіх спраў, крытыкуе Польшчу за «таксічную рэакцыю» на пазоў Кіева да Сусветнай гандлёвай арганізацыі, бо «суд ці арбітраж – гэта цывілізаваны спосаб вырашэння праблем». Аднак Панчанка адзначае, што «бліжэй да канца тыдня сталі зʼяўляцца сігналы аб тым, што бакі разумеюць небяспеку такой эскалацыі і гатовыя да дыялогу». «Іншае пытанне, ці можна было пачакаць і не сапсаваць адносіны з важным саюзнікам да заканчэння вайны. Канечне, так, урэшце, страта польскага рынку для нашага збожжа і кукурузы непрыемная, але не фатальная.

У той жа час, пагадзіўшыся на такія ўмовы аднойчы, потым нам будзе складаней патрабаваць роўнасці. І гэты аргумент аказаўся для нашых уладаў больш значным, чым намер пазбегнуць сварак да канца вайны». Панчанка таксама піша, што ўкраінскія чыноўнікі на чале з прэзідэнтам сваімі няўдалымі заявамі «толькі павялічылі ўзровень напружанасці».

ав/DGP