Беларуская Служба

Польскія выбары: грамадзяне сказалі «не» людзям, якія былі ў палітыцы па 30 гадоў

17.10.2023 17:43
Вынікі парламенцкіх выбараў у Польшчы сталі сюрпрызам для некаторых палітыкаў.  
Iwona Śledzińska-Katarasińska
Iwona Śledzińska-KatarasińskaPAP/Rafał Guz

Усе сённяшнія польскія СМІ пішуць пра вынікі парламенцкіх выбараў, якія прайшлі ў краіне ў мінулую нядзелю. Нашы калегі звяртаюць увагу на тое, хто прайшоў, а хто не прайшоў у Сейм альбо Сенат. Так, папулярны партал Onet.pl піша, што частка дзеячаў, якія шмат гадоў у палітыцы, не трапілі ў парламент. Адным з іх з’яўляецца лідар папулістычна-нацыяналістычнай «Канфедэрацыі» Януш Корвін-Міке. Ён быў кандыдатам у Сейм, але выбаршчыкі адмовілі яму ў падтрымцы. Магчыма таму, што ў Корвіна-Міке даволі, мякка кажучы, «арыгінальныя» погляды на жыццё. Ён пазітыўна выказваецца пра Расію, Пуціна і Лукашэнку, лічыць, што жанчыны дурнейшыя за мужчын, мяркуе, што дзяцей трэба біць (бо тады іх выхаваеш на добрых людзей) і з’яўляецца прыхільнікам прыватызацыі ўсяго: сістэмы адукацыі, службы аховы здароўя і г.д.

У Сейм таксама не прайшоў Мацей Гдуля з левых сіл, што з’яўляецца сюрпрызам, таму што ён – медыйны палітык: яго добра ведалі выбаршчыкі. Сенсацыяй стала тое, што ў Сейм не была выбраная прадстаўніца цэнтрысцкай «Грамадзянскай кааліцыі» Івона Слядзіньска-Катарасіньска. Гэта вядомая палітык, бо была дэпутатам ажно... 32 гады – з моманту першых свабодных выбараў у Польшчы, якія прайшлі ў 1991 годзе.

Выбаршчыкі таксама вырашылі адправіць на пенсію Тадэвуша Цыманьскага (68 гадоў), які стартаваў у Сейм ад права-каталіцкай партыі «Права і справядлівасць». Усё дарослае жыццё ён быў палітыкам: у першай палове 1990 гадоў займаў пасаду бургамістра горада Мальбарк, у Сейме правёў больш за 20 гадоў, у Еўрапарламенце – 5 гадоў. Цыманьскі – прыемны і неагрэсіўны палітык, таму шматлікія каментатары задаюць сабе пытанне, чаму ён зноў не прайшоў у Сейм. Магчыма, выбаршчыкам надакучылі тыя ж самыя твары.
Таксама ўпершыню з часоў свабодных выбараў у Сейм не трапіў прадстаўнік нямецкай нацыянальнай меншасці ў Польшчы.

Партал Onet.pl таксама піша пра новых дэпутатаў, якія прайшлі ў парламент. Так, у Сенат выбраны Адам Боднар – былы польскі омбудсман, юрыст, выкладчык і абаронца правоў чалавека. За яго прагаласавала больш за 560 тыс. выбаршчыкаў, што з’яўляецца свайго роду рэкордам.

Упершыню ў Сейм ад «Грамадзянскай кааліцыі» быў выбраны Апалоніюш Тайнер – былы польскі спартовец, майстар спорту ў лыжным дваябор’і, спартыўны дзеяч і трэнер. Поспехі польскіх лыжных скакуноў – гэта яго заслуга.

Лукаш Літэўка на фоне свайго перадвыбарчага плакату Лукаш Літэўка на фоне свайго перадвыбарчага плакату

Таксама ад «Грамадзянскай кааліцыі» ў ніжнюю палату парламента прайшоў Багуслаў Валашаньскі – журналіст і аўтар дакументальных гістарычных фільмаў, якія ведае амаль кожны паляк. Прычым інтрыга заключаецца ў тым, што пра свой удзел у выбарах ён не паведамляў амаль да апошняга. Партыя высунула Валашаньскага ў горадзе Пётркаў-Трыбунальскі, дзе заўсёды перамагала «Права і справядлівасць». І гэта была добрая ідэя, бо журналіст набраў шмат галасоў.

У Сейм таксама прайшоў грамадскі дзеяч з Сілезіі, мясцовы дэпутат ад левых сіл Лукаш Літэўка. 34-гадовы хлопец – спартовец-аматар, дапамагае дзіцячым дамам і прытулкам для жывёл ды агулам займаецца грамадскай і дабрачыннай дзейнасцю. Мо дзякуючы сваёй працы яго патрымалі выбаршчыкі, бо на Лукаша свой голас аддало больш людзей, чым на лідара сацыял-дэмакратаў Уладзімежа Чажастага, паведамляе партал Onet.pl.

вс

галоўнае фота: Івона Слядзіньска-Катарасіньска