Нямецкае выданне Bild атрымала ад сваіх крыніц у бундэсверы таемныя дакументы, якія змяшчаюць сцэнар нападу Расіі на ўсходні фланг НАТА ў 2025 годзе. Польшча стане аб'ектам правакацыі, закліканай апраўдаць напад Расіі.
Бундэсвер падрыхтаваў сакрэтны дакумент, які змяшчае сцэнары развіцця падзей пасля магчымага замарожвання вайны ва Украіне, пад назвай «Шлях да канфлікту», які трапіў да журналістаў выдання Bild. Паводле дакумента, Расія, магчыма, рыхтуецца да тайнага, а потым і да адкрытага нападу на ўсходні фланг НАТА.
Першы ўдар можа адбыцца ў ліпені 2024 года ў выпадку паспяховага наступлення ва Украіне. Для гэтай мэты Расія будзе выкарыстоўваць гібрыдную вайну, у тым ліку кібератакі, накіраваныя супраць краін Балтыі. За гэтым рушаць услед сумесныя ваенныя вучэнні Беларусі і Расіі. У кастрычніку 2024 года адбудзецца эскалацыя і размяшчэнне ракет сярэдняй і вялікай далёкасці ў Крулявецкай вобласці РФ.
У дакуменце бундэсвера мяркуецца, што ў снежні 2024 года адбудуцца сутыкненні ў Сувалкскім калідоры на мяжы Польшчы, Літвы і Беларусі.
Новы памежны крызіс з чалавечымі ахвярамі стане для расіянаў падставай абвясціць у ААН, што Захад рыхтуе напад на Расію. У адказ на заклік Польшчы і Літвы ў студзені 2025 года НАТА адправіць на ўсходні фланг 300 тыс. салдат, у тым ліку 30 тыс. вайскоўцаў нямецкага бундэсвера. Bild падкрэслівае, што ў дакладзе не гаворыцца, ці стрымаюць гэтыя меры напад Расіі.
Расійскі бок адхіляе здагадкі аб спланаваным нападзе на НАТА. Уладзімір Пуцін назваў «поўнай лухтой» меркаванне Джо Байдэна ў снежні 2023 года аб тым, што ў выпадку перамогі Расіі ва Украіне яна будзе рыхтаваць напад на Паўночнаатлантычны альянс. Аднак варта нагадаць, што расіняе да самага пачатку ўварвання ва Украіну сцвярджалі, што не маюць такіх планаў.
biznesalert.pl/эж