Беларуская Служба

Канфлікты ва Украіне і на Блізкім Усходзе здамінавалі форум у Давосе

17.01.2024 12:25
54-ы Сусветны эканамічны форум у Давосе працягнецца да бліжэйшай пятніцы.
Аўдыё
  • Канфлікты ва Украіне і на Блізкім Усходзе здамінавалі форум у Давосе
54-
54-ы Сусветны эканамічны форум у ДавосеPAP/EPA/LAURENT GILLIERON

Сустрэчы з лідарамі краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, перамовы з генсакратаром НАТА, генсакратаром ААН і кіраўніцтвам Еўракамісіі – гэта некаторыя пункту візіту прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ў швейцарскім Давосе. У Сусветным эканамічным форуме бярэ ўдзел і кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі. Сёлета ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў міжнароднай сустрэчы застаюцца выклікі, звязаныя з канфліктамі ва Украіне і на Блізкім Усходзе.

Прэзідэнт Анджэй Дуда і міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі працягваюць сустрэчы ў рамках Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе. Учора абодва палітыкі сустрэліся, між іншым, з генеральным сакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам, з якім абмяркоўвалі, сярод іншага, падтрымку Украіны і ўмацаванне ўсходняга флангу НАТА.

Пра далейшую падтрымку Украіны прэзідэнт Анджэй Дуда размаўляў таксама са сваім украінскім калегам Уладзімірам Зяленскім. Палітыкі сустрэліся ў Доме Украіны, дзе зараз працуе выстава, прысвечаная расійскім ваенным злачынствам ва Украіне.

Прэзідэнт Дуда перасцярог, што на Захадзе бачная пэўная « стомленасць» расісйкай вайной. Трэба змагацца з гэтай з’явай і прапанаваць Украіне канкрэтную дапамогу, сказаў кіраўнік польскай дзяржавы:

- Трэба імкнуцца да поўнага членства Украіны ў НАТА. Зразумела – гэта не магчымае падчас вайны, але Украіна павінна атрымаць такое запрашэнне.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, які выступіў перад удзельнікамі Сусветнага эканамічнага форуму, выказаў супраціў любым планам замарожвання вайны:

- Ці можа замарожванне канфлікту ва Украіне пакласці канец вайне? Хачу нагадаць, што пасля 2014 года былі спробы замарозіць канфлікт у Данбасе. Былі ўплывовыя палітыкі, якія гарантавалі мірны ход гэтага працэсу: канцлер Германіі і прэзідэнт Францыі. Аднак Пуцін – гэта драпежнік, які ніколі не насыціцца «замарожанымі прадуктамі».

Украінскі прэзідэнт заклікаў таксама ўзмацніць санкцыі супраць Расіі. Падтрымку па гэтай справе аб’яцалі ЗША і Еўракамісія.

Старшыня Еўракамісіі заявіла, што Украіна мае шанец выйграць вайну з Расіяй, але дзеля гэтага ёй неабходная далейшая падтрымка міжнароднай супольнасці. Украіне патрэбная не толькі ваенная тэхніка, але і надзея на лепшую будучыню, дадала Урсула фон дэр Ляен:

- Украінцам патрэбныя сродкі стрымлівання будучых расійскіх нападаў, але ім таксама патрэбна надзея. Украінцы павінны ведаць, што іх барацьба забяспечыць лепшую будучыню іхным дзецям. Лепшая будучыня Украіны – гэта Еўропа. Мы былі вельмі рады, што ў мінулым месяцы вырашылі пачаць перамовы аб уступленні Украіны ў ЕС. Гэта будзе гістарычным дасягненнем Украіны і адказам Еўропы на заклік гісторыі.

Між тым, сёння раніцай прэзідэнт Анджэй Дуда разам з кіраўніком украінскага МЗС, дэмакратычнай лідаркай Беларусі і венгерскай прэзідэнткай прыняў удзел у дэбатах, прысвечаных еўрапейскай бяспецы. У сваю чаргу пра развіццё ініцыятывы «Рэгіён трох мораў» кіраўнік Польшчы будзе гаварыць з лідарамі Літвы, Латвіі і Харватыі.

На сённяшні дзень Сусветнага эканамічнага форуму запланаваныя выступленні прэзідэнтаў Францыі, Аргенціны і кіраўніка амерыканскай дыпламатыі Энтані Блінкена.

Амерыканцаў апрача вайны ва Украіне непакоіць канфлікт на Блізкім Усходзе. Дарадчык прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван адзначыў, што адміністрацыя працуе са сваімі партнёрамі, каб прадухіліць ператварэнне вайны Ізраіля з арганізацыяй «ХАМАС» у больш маштабную вайну. Гаворачы аб канфлікце з паўстанцамі з групоўкі Хуці ў Емене, амерыканскі палітык выказаў меркаванне, што ягоны ход будзе залежаць ад пазіцыі Тэгерана і іншых сталіц Блізкага Усходу.

У Давосе Анджэй Дуда таксама працягвае перамовы з прадстаўнікамі бізнесу і замежных фінансавых інстытутаў. У планах, між іншым, размова з віцэ-старшынёй VISA і ўдзел у нефармальнай сустрэчы лідараў сусветнай эканомікі.

Падчас дэбатаў, якія праходзяць у рамках форуму прэзідэнт падкрэслівае, што, нягледзячы на вайну ва Украіне, Польшча і краіны Цэнтральнай Еўропы – гэта бяспечнае месца для інвестыцыяў:

- Польшча і іншыя краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы застаюцца бяспечным месцам для сусветных інвестараў. Яны прапануюць стабільнае эканамічнае асяроддзе, таксама дзякуючы ўдзелу ў найважнейшых стратэгічных альянсах, такіх як НАТА і Еўрасаюз.

Анджэй Дуда дадаў, што Польшча прапануе інвестарам стабільнасць, бяспеку і добрую абарону ад карупцыі, а таксама маладыя кваліфікаваныя кадры і распалажэнне на скрыжаванні сусветных транспартных шляхоў.

Нагадваем, лозунг сёлетняга саміту ў Давосе – гэта «Аднаўленне даверу». Эканаміст Галоўнай гандлёвай школы ў Варшаве Артур Барташэвіч(Artur Bartoszewicz) зазначыў, што запланаваныя дыскусіі тычыцца тэмаў, якія абмяркоўваюцца на форуме гадамі:

- Гэта, напрыклад, пытанне галечы і прорваў у развіцці паміж найбяднейшымі і найбагацейшымі краінамі. Між тым, таксама ў багатых краінах назіраецца выразнае расслаенне. Падчас кожнага эканамічнага крызісу багатыя слаі грамадства багацеюць, а бедныя становяцца больш беднымі. Наступная пастаянная тэма – пытанне клімату.

Эканаміст нагадаў, што форум быў заснаваны з мэтай асабістых сустрэч паміж сусветнымі лідарамі і бізнесменамі. Аднак паводле яго, сустрэчы ў Давосе не апраўдваюць чаканняў:

- На практыцы, частка ўдзельнікаў проста разлічвае ўдзел у форуме. Там проста трэба штогод паказацца, а сапраўдныя рашэнні прымаюцца далёка ад форума.

54-ы Сусветны эканамічны форум у Давосе працягнецца да бліжэйшай пятніцы. За гэты час у двухстах запланаваных дэбатах прыме ўдзел амаль тры тысячы гасцей – у тым ліку кіраўнікі дзяржаў, прадстаўнікі найбуйнейшых кампаній, фінансавых інстытутаў, палітыкі і эксперты.

IAR/аз

Бяспека і вайна ва Украіне – галоўныя тэмы сустрэч прэзідэнта А. Дуды на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе

16.01.2024 10:15
Прэзідэнт паразмаўляе, у тым ліку, з кіраўніком НАТА Енсам Столтэнбергам.

Зяленскі ў Давосе: Заходні свет здольны супрацьстаяць расійскай агрэсіі, калі будзе непахісным і салідарным

16.01.2024 18:02
«Хачу нагадаць, што пасля 2014 года былі спробы замарозіць канфлікт на Данбасе. (...) Але Пуцін такі драпежнік, які ніколі не насыціцца замарожанымі прадуктамі».