Беларуская Служба

Міністр абароны Нямеччыны: Напад Расіі на краіны НАТА магчымы на працягу пяці гадоў

19.01.2024 14:30
Bundesverteidigungsminister Boris Pistorius.
Bundesverteidigungsminister Boris Pistorius.BENJAMIN WESTHOFF / Reuters / Forum

Міністр абароны Нямеччыны Барыс Пісторыус перасцерагае ад пашырэння ваенных дзеянняў, звязаных з уварваннем ва Украіну. Аднак ён адхіляе заклікі павялічыць ваенную дапамогу Германіі Украіне. «Мы не можам прайсці ўвесь шлях», – кажа ён. Германія, на яго думку, пакуль паставіла ўсё, што магла.

«Мы чуем пагрозы з Крамля практычна кожны дзень – нядаўна зноў у адрас нашых сяброў у краінах Балтыі. Таму трэба ўлічваць, што Уладзімір Пуцін аднойчы можа нават напасці на краіну НАТА», – сказаў палітык у інтэрв'ю нямецкаму выданню Tagesspiegel.

Разам з тым Пісторыус не лічыць верагодным расійскі напад на дадзены момант.

«Нашы эксперты прагназуюць перыяд ад пяці да васьмі гадоў, на працягу якога гэта можа быць магчыма», – сказаў нямецкі міністр. Сваім папярэджаннем і заклікам да «баявой гатоўнасці» бундэсвер хацеў «патрэсці нямецкае грамадства».

Пісторыус ужо выказаў ідэю мадыфікацыі абавязковай вайсковай службы, прапановы па гэтай тэме ён чакае ад свайго ведамства да красавіка. Паводле яго слоў, ён таксама гатовы адкрыць доступ ва ўзброеныя сілы для салдат, якія не маюць нямецкага грамадзянства.

«Мы не будзем першымі ўзброенымі сіламі ў Еўропе, якія зробяць гэта», – сказаў міністр, дадаўшы, што ў краіне ёсць людзі, якія жывуць у Германіі ў другім-трэцім пакаленні, але пакуль не маюць нямецкага грамадзянства.

НАТА плануе вучэнні па адпрацоўцы абарончай вайны супраць Расіі. Стратэгі Паўночнаатлантычнага альянсу зразумелі, што такі сцэнар больш рэалістычны, чым гэта было раней. Вучэнні Steadfast Defender 2024 пачнуцца на наступным тыдні і прадоўжацца да мая. Чакаецца, што яны стануць найбуйнейшымі вайсковымі манеўрамі НАТА з часоў заканчэння халоднай вайны. Прыме ўдзел і Швецыя.

Die Welt/onet.pl/вх