Ужо звыш двух гадоў на польска-беларускай мяжы назіраецца сітуацыя, якая дэстабілізуе жыццё Польшчы, асабліва яе ўсходняй часткі. Гаворка пра так званы міграцыйны крызіс, калі беларускія памежнікі не затрымліваюць нелегальных мігрантаў, якія намераны прабрацца ў Польшчу, а наадварот, часта ім дапамагаюць. Папярэднія польскія ўлады паставілі перад сабой задачу стрымаць міграцыю, памежнікі былі прымушаныя карыстацца дэ-факта нелегальным спосабам і выпіхваць мігрантаў, якім удалося трапіць у Польшчу, назад за мяжу (з анг. push back). Новы спікер Сейма Шыман Галоўня заявіў, што дзяржава ўжо не будзе карыстацца гэтым спосабам. Аднак да чаго можа прывесці ліберальнае стаўленне да мігрантаў, паказвае сітуацыя на мяжы ЗША і Мексікі, аб чым піша тыднёвы часопіс Do Rzeczy.
Калі Дональд Трамп будучы прэзідэнтам, стараўся зрабіць мяжу як мага больш герметычнай, дык Джо Байдэн гэтую палітыку змяніў, назваўшы яе «антыгуманнай», адмовіўся ад далейшага будаўніцтва сцяны на мяжы з Мексікай. У выніку мігрантаў стала значна больш – у снежні граніцу нелегальна перасякала каля 10 тыс чалавек кожны дзень. Здараецца, што камеры рэгіструюць нават пераход узброенага мігранта, а памежнікі не ў стане яго затрымаць па прычыне адсутнасці адпаведных кадраў. Агулам у мінулым годзе паўднёвую мяжу перайшло каля 3,3 млн мігрантаў. І гэта не толькі мексіканцы, але таксама расіяне, украінцы, кітайцы, афрыканцы, здараюцца і беларусы. Тым часам колькасць дэпартацый зменшылася. Большасць нелегалаў выпускаюць з загадам з’явіцца ў судзе праз некалькі гадоў (нават праз 9 гадоў у некаторых выпадках), паколькі суды не ў стане хутка разгледзець вялізную колькасць заяваў аб прытулку.
Мігранты запаланілі не толькі штат Тэхас, але таксама тысячы адпраўляюцца далей – у Нью-Ёрк, Чыкага ды іншыя вялікія гарады. Мэр Нью-Ёрка заяўляў, што ніколі раней у жыцці ён не сустрэўся з праблемай, канца якой не бачна. «Гэтая праблемы разбурыць Нью-Ёрк» – напісаў Эрык Адамс у 2022 годзе. Трэба адзначыць, што Адамс – прадстаўнік Дэмакратычнай партыі, як і Джо Байдэн. А рэспубліканскі губернатар Тэхасу Грэг Эбот нават выслаў аўтобус з мігрантамі ў рэзідэнцыю віцэ-прэзідэнта Камілы Харыс. Магчыма, гэтую ідэю трэба будзе ўзяць на ўзбраенне таксама ў Польшчы, калі ў выніку чарговых сігналаў пра польскую гасціннасць, якую пасылаюць у свет спікер Сейма Шыман Галоўня і прэм’ер-міністр Дональд Туск, у краіну пацячэ магутная хваля мігрантаў з Беларусі або з поўдня ў рамках пераразмеркавання.
Да прэзідэнцкіх выбараў у ЗША засталося 11 месяцаў, а папулярнасць Джо Байдэна падае, між іншым у выніку яго міграцыйнай палітыкі. Гарачыя дэбаты на гэтую тэму ў дзяржаве працягваюцца. Рэспубліканцы абяцаюць, што яны могуць згадзіцца далей падтрымліваць Украіну, калі дэмакраты згодзяцца змяніць міграцыйную палітыку.
нг