«Мы павінны і будзем рабіць гэта, адназначна пацвярджаючы з абодвух бакоў поўную ўзаемападтрымку ў супрацьстаянні са злом. Няма нічога больш важнага, чым падтрымка Украіны ў яе ваенных намаганнях па абароне ад расійскага нападу», – з заявіў прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск пасля прыбыцця ў Кіеў у панядзелак, 22 студзеня. Кіраўніка польскага урада цытуе партал businessinsider.com.pl.
«Нам таксама трэба абмеркаваць шмат двухбаковых пытанняў. Ёсць нейкі канфлікт інтарэсаў, мы гэта добра ведаем, будзем гаварыць аб гэтым у духу сяброўства, каб як мага хутчэй вырашыць гэтыя праблемы, а не захоўваць іх ды не памнажаць», – абяцае прэмʼер Польшчы.
Як дадаў палітык, «вельмі важна стварыць адчуванне, што Польшча зʼяўляецца самым надзейным і стабільным саюзнікам Украіны ў гэтай смяротнай сутычцы са злом і што я насамрэч у Кіеве таксама дзеля польскай бяспекі».
Паводле Дональда Туска, «гэта справа не толькі Украіны, але ўсяго вольнага свету і Польшчы ў прыватнасці, хоць бы з геаграфічнага пункту гледжання. Мы будзем гаварыць пра тое, як мы можам мабілізаваць Захад на больш энергічныя дзеянні. Гэта адна з асноўных мэт майго візіту«.
Падчас свайго візіту ў Кіеў у прэмʼера Польшчы запланаваны перамовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і прэмʼер-міністрам Дзянісам Шмыгалем.
Прэмʼер-міністр Рэспублікі Польшча таксама прымае ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, звязаных з Днём саборнасці Украіны, які адзначаецца 22 студзеня. Гэтае дзяржаўнае свята, заснаванае ў 1999 годзе, прымеркаванае да гадавіны падпісання 22 студзеня 1919 году Акту аб’яднання Украінскай Народнай Рэспублікі з Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікай.
эж