Беларуская Служба

Дональд Трамп з рэкордным адрывам выйграў рэспубліканскі прэзідэнцкі праймерыз

26.01.2024 15:10
Калі рашэнне суда не прымусіць яго прыпыніць кампанію, ён можа выйграць прэзідэнцкія выбары гэтай восенню.
Donald Trump.
Donald Trump.Фота: PAP/EPA/MICHAEL REYNOLDS

Пра падрыхтоўку да выбарчай кампаніі ў ЗША згадвае тыднёвік Sieci. Дональд Трамп з рэкордным адрывам выйграў рэспубліканскі прэзідэнцкі праймерыз. Рэспубліканцы паказалі, што яны падтрымліваюць яго, нягледзячы на доўгі спіс прычын, па якіх яны маглі б ад яго адвярнуцца. Тым часам кампанія Джо Байдэна не можа зварухнуцца з месца. Аўтарка піша, што, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надворʼя, на прамову Трампа ў штаце Аёва прыйшлі натоўпы людзей.

У невялікім штаце з насельніцтвам крыху больш за 3 мільёны рэспубліканцы пачалі сезон галасавання, які абярэ свайго кандыдата на лістападаўскія выбары прэзідэнта краіны. З 1970-х гадоў Аёва зʼяўляецца адпраўным пунктам прэзідэнцкай гонкі. Апытанні аднадушна паказалі на перамогу Трампа, а вялікая колькасць удзельнікаў стала відавочным сведчаннем таго, хто зʼяўляецца фаварытам мясцовых прыхільнікаў рэспубліканцаў. Былы прэзідэнт набраў 52% галасоў і такім чынам стаў першым кандыдатам у гісторыі праймерызаў у Аёве, за якога галасавала больш чым палова галасуючых. Гэта толькі пачатак кампаніі, але гісторыя паказвае, што вельмі часта кандыдат, абраны ў гэтым штаце, фактычна станавіўся кандыдатам ад партыі. Так што заявы Трампа аб вонкавай палітыцы, правапарадку і міграцыі сапраўды знаходзяць водгук у масах.

Аўтарка таксама тлумачыць наступныя этапы выбарчай барацьбы і шанцы іншых кандыдатаў. Яна адзначае, што Трампу ўдалося пераканаць людзей, што тыя, хто «гніе ў турме» за штурм Капітолія, – нявінныя пакутнікі, і ён адзіны, хто можа выратаваць – на гэты раз назаўжды – Амерыку ад карумпаваных элітаў.

Так што Трамп хутчэй за ўсё стане кандыдатам у прэзідэнты ад рэспубліканцаў і, калі рашэнне суда не прымусіць яго прыпыніць кампанію, ён можа нават выйграць прэзідэнцкія выбары гэтай восенню.

Аляксандра Рыбіньска (Aleksandra Rybińska)/нг