Беларуская Служба

Чаму некаторыя заходнія палітыкі займаюць прапуцінскую пазіцыю? Прычына ў сексе або грашах – Юрый Фяльштынскі

08.03.2024 17:56
ФСБ – гэта самая буйная спецслужба ў свеце з самым вялікім бюджэтам.
Аўдыё
  • Юрый Фялштынскі разважае пра расійскую агентуру.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com/leo2014

Расія – адзіная дзяржава свету, якой кіруе дзяржбяспека. Гэта цэлая сістэма, у ёй выдатна пачуваюцца прадстаўнікі колішняга КДБ, а цяпер ФСБ. Пра гэта кажа расійскі гісторык Юрый Фяльштынскі. Яго калега, суаўтар іх сумеснай кнігі «ФСБ узрывае Расію» Аляксандр Літвіненка заплаціў жыццём за сваю барацьбу з расійскім рэжымам – ён быў атручаны палоніем у Вялікабрытаніі. Да Юрыя Фялштынскага ў ЗША, дзе ён жыве, ФСБ не дабралася.

Амаль штодзённа мы чуем навіны пра расійскіх шпіёнаў, у тым ліку ў вышэйшых эшалонах заходняй улады. Ці сапраўды расійская агентура запускае свае шчупальцы ўсюды?

- КДБ, ФСБ – гэта самая буйная спецслужба ў свеце з самым вялікім бюджэтам. Мы не ведаем, колькі людзей працуе на гэтую структуру – дзясяткі ці сотні тысяч. Акрэсліваць, хто агенты – вельмі складаная праца. Калі зацыкліцца на лоўлі шпіёнаў, можна больш шкоды сабе нанесці, чым атрымаць карысці. Часам гэта элементарна, адразу бачна, хто агент, часам расійскія ўлады «спальваюць» агентаў, калі адбываюцца нейкія вельмі важныя аперацыі, і яны ідуць на рызыку засвяціць агентуру. Праблема ёсць, і часам яна датычыць вышэйшых дзяржаўных асобаў, хаця юрыдычна даказаць, што чалавек – агент, практычна немагчыма. Нават калі мы бачым, што чалавек займае пракрамлёўскую, прапуцінскую пазіцыю, мы не можам сцвярджаць, што ён завербаваны расійскай выведкай. Напрыклад, былы канцлер Германіі Шродэр – абсалютна прапуцінскі чалавек, але назваць яго агентам хутчэй нельга, паколькі ніхто не мае доказаў. Былы прэзідэнт Чэхіі Мілаш Земан, цяпер Фіца ў Славакіі, Віктар Орбан у Венгрыі, Берлусконі, Трамп. Усе гэтыя людзі маюць свае прычыны займаць прапуцінскую пазіцыю. У нейкіх выпадках гэта завязана на грошах, у іншых – гэта дзяўчынкі. Берлусконі – класічны прыклад, ён лятаў у Крым, каб атрымліваць прыемнасць у далёкіх ад журналістаў месцах. Свет не змяніўся за апошнія 2 тысячы гадоў, гэта заўсёды або секс, або грошы.

Некаторыя заходнія палітыкі заяўляюць, што вайну ва Украіне развязаў Пуцін, што гэта яго вайна. Але Расіяй кіруе калектыўная сістэма дзяржбяспекі, і, калі б не было Пуціна, яго справу мог бы працягваць хтосьці іншы, напрыклад, Патрушаў.

- Глядзець на гэтую вайну як на вайну Пуціна – гэта з аднаго боку сур’ёзнае спрашчэнне, а з іншага – сур’ёзная памылка. Пуціна прывяла да ўлады калегія ФСБ. Гэта калектыўнае кіраўніцтва, Пуцін сам у інтэрв’ю прызнаўся, што рашэнне пра ўварванне ва Украіну ў 2014 годзе прымалі Пуцін, Патрушаў і Бортнікаў, і ў 2022 годзе – Пуцін, Патрушаў і Бортнікаў. Гэта не быў Кабінет міністраў, Дзяржаўная дума. Расіяй кіруе ФСБ. Гэта першы выпадак у сусветнай гісторыі, калі дзяржавай кіруе дзяржбяспека. Таму задача значна больш складаная, чым толькі дабіцца зняцця Пуціна. Хаця, калі адыходзіць чалавек, які кіруе доўга, як Сталін, як Брэжнеў, звычайна нешта мяняецца ў краіне.

Вы напісалі разам з Аляксандрам Літвіненкам кнігу пра тое, як спецслужбы ў Расіі ладзілі тэракты супраць мірных грамадзян пад канец 90-ых. Ці тады ўжо вы дапускалі, што гэтая ж улада дойдзе да таго, што развяжа поўнамаштабную вайну ў Еўропе?

- Не, тады я не зазіраў так далёка, тады тэмай былі толькі выбухі ў жылых дамах у верасні 1999 года. Іншая справа, што, калі ў 2014 годзе адбылася анексія Крыма, я ў 2015 годзе напісаў кнігу «Трэцяя сусветная. Бітва за Украіну», ужо было зразумела, што гаворка ідзе патэнцыйна пра сусветную вайну. Я не ведаю, калі гэтая вайна закончыцца, якой цаной удасца перамагчы, але ўжо відавочна, што ўсе гэтыя падзеі будуць названыя сусветнай вайной, хаця яшчэ невядома, з якой даты гісторыкі пачнуць адлік.

нг