У Польшчы не сціхае рэзананс пасля рашэння былога суддзі Адміністрацыйнага суда сталіцы Томаша Шмыта (Tomasz Szmydt) з’ехаць у Беларусь і папрасіць там палітычнага прытулку. Выданне Do Rzeczy прыводзіць меркаванне дэпутата Еўрапарламенту ад партыі «Права і справядлівасць» Ёахіма Брудзіньскага (Joachim Brudziński). Той кажа, што калі б не вета прэзідэнта Анджэя Дуды, гэтага магло б не адбыцца.
Адказваючы на пытанне радыёстанцыі RMF FM, якім чынам «Права і справядлівасць» не заўважыла такіх людзей, як Шмыт, у сваім палітычным асяроддзі, еўрадэпутат адказаў, што нельга цалкам звязваць Шмыта з асяроддзем ПіС.
«Шмыт быў прадстаўніком асяроддзя, якое вуснамі вельмі важных суддзяў заяўляла пра сябе, што яны - надзвычайная каста», – сказаў Брудзіньскі, падкрэсліваючы, што менавіта «Права і справядлівасць» патрабавала рэфармавання судовай сістэмы.
Палітык нагадаў, што ў 2000 годзе Вярхоўны суд прыняў рашэнне, што суддзі не павінны падвяргацца ніякаму кантролю з боку структур контрразведкі. На ягоную думку, гэта памылка. «Безумоўна, іх трэба правяраць», – адзначыў Брудзіньскі.
Згадваючы пра спробу Аб'яднаных правых сілаў рэфармаваць судовую сістэму, у выніку якой Еўракамісія распачала працэдуру за парушэнне вяршэнства права, Брудзіньскі спаслаўся на тагачаснае рашэнне кіраўніка дзяржавы.
«Трэба шчыра сказаць, што калі б не вета прэзідэнта Анджэя Дуды, магчыма, такіх сітуацый не было б, таму што мы рэфармавалі б сістэму правасуддзя, у тым ліку аператыўнага кантролю за суддзямі», - сказаў еўрадэпутат ПіС.
У чацвер старшыня Вярхоўнага адміністрацыйнага суда прыняў заяву Шмыта аб адстаўцы з пасады суддзі з неадкладным уступленнем у сілу. Гэта значыць, што ён ужо не суддзя.
нг