Беларуская Служба

Польшча купіць дырыжаблі за 1 млрд долараў і ўстановіць іх на мяжы з Беларуссю

22.05.2024 19:02
Іх задача – павысіць эфектыўнасць выяўлення паветраных аб’ектаў, асабліва тых, якія рухаюцца на малых вышынях, такіх як крылатыя ракеты, верталёты або дроны.
Польшча прыме на ўзбраенне дырыжаблі ранняга папярэджанняMariusz Błaszczak/Twitter

Польшча купляе дырыжаблі ранняга папярэджання. Віцэ-прэм'ер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш паведаміў, што Варшава падпіша пагадненне аб набыцці ў ЗША чатырох паветраных суднаў на агульную суму ў 960 млн амерыканскіх долараў, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Іх задача – павысіць эфектыўнасць выяўлення паветраных аб’ектаў, асабліва тых, якія рухаюцца на малых вышынях, такіх як крылатыя ракеты, верталёты або дроны.

На пачатку года паведамлялася, што Дзярждэпартамент ЗША дазволіў продаж Польшчы чатырох аэрастатаў з сістэмамі РЛС. Гаворка ідзе пра праграму пад кодавай назвай Barbara, якая тычыцца набыцця дырыжабляў, абсталяваных радарам ранняга папярэджання.

Мінабароны Польшчы таксама паведаміла, што аэрастаты будуць несці службу ўздоўж польскай усходняй і паўднёва-ўсходняй межаў, у тым ліку і на мяжы з Беларуссю.

Ужо ў 2018 годзе Агенцтва ўзбраенняў Мінабароны Польшчы пачало аналізы, звязаныя з магчымасцю набыцця такога тыпу сістэм у рамках праграмы Barbara. Яе мэта – набыццё аэрастатаў, абсталяваных радыёлакацыйнымі станцыямі. Іх задача – павысіць эфектыўнасць выяўлення паветраных аб’ектаў, асабліва тых, якія рухаюцца на малых вышынях, такіх як крылатыя ракеты, верталёты або дроны.

Праца такой радыёлакацыйнай станцыі «на паветраным шары» значна больш эфектыўная, чым наземнай РЛС, у першую чаргу дзякуючы вышыні, на якой знаходзіцца антэна. Радар, размешчаны ў некалькіх сотнях метраў над зямлёй і вышэй, не толькі «бачыць» значна далей – РЛС на аэрастаце таксама не перашкаджае крывізна зямлі. Акрамя таго, для радара, які ўстаноўлены на дырыжаблі, памехаў не ствараюць геаграфічныя перашкоды на мясцовасці альбо абʼекты інфраструктуры, якія абмяжоўваюць поле зроку наземнай станцыі. Войска гэта выкарыстоўвала ўжо на мяжы 19-20 стагоддзяў для каардынацыі артылерыйскага агню з паветраных шароў, зазначае з сваю чаргу рэсурс Portal Obronny.

Сёння сучасныя аэрастаты набылі «другую маладосць», бо яны абсталяваныя сучаснымі радарамі, непасрэдна звязанымі з сістэмамі апрацоўкі і перадачы дадзеных на зямлі. Дырыжаблі ранняга папярэджання становяцца эфектыўным інструментам для выяўлення такіх пагроз, як беспілотныя лятальныя апараты, верталёты і крылатыя ракеты, якія ляцяць на мінімальнай вышыні. Перавагі стацыянарнага аэрастата, які знаходзіцца на прывязі, у тым, што ён можа заставацца на месцы вельмі доўга, яго эксплуатацыя не асабліва складаная, а з-за сувязі з зямлёй пастаянна падаецца сілкаванне на радар і іншыя электронныя сістэмы.

вс