Беларуская Служба

Аб'яднаная Еўропа перажывае гістарычны момант

27.06.2024 14:23
ЕС фармальна запусціў перамовы аб уступленні Украіны ды Малдовы ў Еўрасаюз.
Аўдыё
  • ЕС адчыняе свае дзверы для Украіны і Малдовы
Ілюстрацыйнае фотаEPA/OLIVIER MATTHYS Dostawca: PAP/EPA.

На гэтым тыдні ў Люксембургу адбылася першая сустрэча, якая далае афіцыйны старт перамовам аб уступленні Украіны і Малдовы ў Еўрапейскі Саюз. Гэта гістарычны момант, кажуць палітыкі ў Брусэлі, Кіеве ды Кішынёве.

Пра пачатак перамоў аб уступленні Украіны і Малдовы ў ЕС урачыста паведаміла старшыня Еўрапейскай Камісіі Уршуля фон дэр Ляен.

- Гэта вельмі добрая навіна, што сёння Еўрапейскі Саюз пачынае перамовы аб далучэнні з Украінай і Малдовай. Мы перажываем сімвалічны ды вельмі значны момант для гэтых дзвюх краін і для нашай Супольнасці. Мы ўшаноўваем каштоўнасці і прынцыпы, якія нас яднаюць. Еўрапейскі Саюз заўсёды быў нечым большым чым толькі палітычным ды эканамічным аб’яднаннем. Гэта сведчанне нашага калектыўнага памкнення да жыцця ў міры, бяспецы, дэмакратыі і дабрабыце. Народы Украіны і Малдовы прадэманстравалі сваю рашучасць ды адданасць, каб стаць часткай дадзенага праекту.

Украіна ды Малдова зрабілі чарговы крок насустрач Еўрасаюзу. Гэта не першы крок на шляху еўрапейскай інтэграцыі для абедзвюх краін, але надзвычай важны. ЕС пачаў перамовы ад далучэнні з Кіевам ды Кішынёвам.

Пры гэтым шлях Украіны і Малдовы ў Еўрасаюз пачаўся не цяпер, а ўжо дзесяць гадоў таму - у 2014 годзе, калі гэтыя дзяржавы падпісалі Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС. У цэлым курс на еўраінтэграцыю Кіеў і Кішынёў браў і раней, але прарасійскія ўрады пад ціскам Масквы не раз прыпынялі супрацоўніцтва з Еўрапейскай супольнасцю. Цяпер, калі Расія стала агрэсарам, былыя постсавецкія краіны спяшаюцца з’інтэгравацца з Еўрапейскім Саюзам. ЕС, які доўга не пагаджаўся пра гэта нават размаўляць, змяніў сваю палітыку. Прычына - геапалітычная сітуацыя на кантыненце. Пра гэта нагадала міністр замежных спраў Бельгіі Аджа Лабіб, - краіны, якая цяпер узначальвае працу Супольнасці.

- Гэта гістарычны момант для нас і важная вяха ў нашых адносінах. Працэс пашырэння з'яўляецца геа-стратэгічнай інвестыцыяй у мір, бяспеку, стабільнасць і росквіт. Гэта рухаючая сіла для паляпшэння эканамічных і сацыяльных умоў нашых грамадзян, памяншэння дыспрапорцый паміж краінамі і падтрымкі каштоўнасцяў, на якіх заснаваны Еўрасаюз.

Перамовы Малдовы  і Украіны з ЕС будуць няпростымі. Яны падзеленыя на 35 абшараў, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і транспарту і заканчваючы фінансавымі пытаннямі, канкурэнцыяй, падаткамі і энергетыкай. Канчатковы тэрмін завяршэння перамоў не вызначаны. Верагодна, яны будуць цягнуцца шмат гадоў. Старшыня Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль аднойчы казаў, што магчымая дата ўступлення Украіны ў ЕС — 2030 год, але і гэта аптымістычны сцэнар.

Украінскія палітыкі не губляюць аптымізму ў справе далучэння да ЕС. Украіна гатовая да новага ўзроўню адносін з Еўрасаюзам, заявіў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі.

- Гэта сапраўды гістарычны тыдзень. Украіна дамагалася гэтага дзесяцігоддзямі, і дадзены вынік - асабістае дасягненне кожнага, хто 24 лютага выбраў Украіну, хто змагаецца за нашу краіну, хто ўмацоўвае Украіну ўсім неабходным.

Украінскі прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль паабяцаў зрабіць усе неабходнае, каб паспяхова завершыць перамовы.

- Мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб гэтага дасягнуць. Мы выдатна разумеем, што наперадзе яшчэ шмат працы, але мы да яе гатовыя. Мы паказалі, што можам дзейнічаць хутка і дасягнуць немагчымага. Сённяшняя падзея пацвярджае гэта. Мы шчыра верым, што моцная Украіна немагчымая без ЕС, як і моцны Еўрасаюз немагчымы без Украіны.

Таксама аптымістычна выказаўся прэм'ер-міністр Малдовы Дорын Рэчан, зазначыўшы, што пачатак перамоў ёсць прызнаннем поспехаў яго краіны ў правядзенні змен у адпаведнасці з рэкамендацыямі ЕС.

- Гэта гістарычны момант для Малдовы ў гістарычна важныя для Еўропы часы. Жорсткая вайна Расіі ва Украіне яшчэ раз паказала, што Адзіная Еўропа азначае больш бяспечны, мірны і квітнеючы кантынент.

Кіраўнік урада Малдовы запэўніў, што яго краіна не ўхіляецца ад адказнасці і будзе змяняцца згодна з патрабаваннямі ЕС. Цяпер ва Украіне і Малдове пачнецца працэс праверкі заканадаўства на адпаведнасць нормам Еўрасаюза. Верагодна, гэта працягнецца да канца года, а потым пройдуць перамовы, разбітыя тэматычна на перамоўныя абшары. Закрыццё перамоў і зацвярджэнее кожнага абшару будзе патрабаваць аднагалоснасці ад усіх краін Еўрапейскага Саюза.

Незалежныя эксперты звяртаюць увагу на стратэгічнае значэння пачатку перамоў аб далучэнні да ЕС для двух постсавецкіх краін. Украінскі палітолаг Уладзімір Фясенка ў інтэрв'ю Польскаму радыё зазначыў, што для пераважнай большасці ўкраінскага грамадства пачатак перамоў з ЕС стаў вельмі важнай падзеяй. Паводле сацыялагічных даследаванняў, 85% украінцаў хацелі б, каб іх краіна была ў Еўрасаюзе.

- Гэта важна са стратэгічнага пункту гледжання, таму што гэта ўмова мадэрнізацыі краіны. Для нас важны сам рух да Еўрасаюзу, бо гэты рух стымулюе барацьбу з карупцыяй і ўнутраныя рэформы. Гэта вельмі важна для ўкраінцаў. Еўрасаюз убачыў, што ўкраінцы здольныя і гатовыя змагацца не толькі за сваю краіну, але і за свабоду і еўрапейскія каштоўнасці.

Эксперт падкрэслівае, што ў Кіеве ніхто не мае ілюзій, што Украіна хутка ўвойдзе ў ЕС. Добра тое, што Кіеў і Кішынёў маюць унутры ЕС саюзнікаў, якія гатовыя ім дапамагаць у працэсе інтэграцыі. Гэта Польшча і Швецыя. Варшава і Стакгольм заявілі, што будуць супрацоўнічаць у падтрымцы палітыкі ЕС у дачыненні да Украіны ды Малдовы. Такія заявы зрабілі міністры замежных спраў Польшчы і Швецыі пасля сустрэчы ў Варшаве.  Гаворыць кіраўнік польскай дыпламатыі Радаслаў Сікорскі.

- Польшча і Швецыя будуць працягваць аказваць падтрымку Украіне, а таксама Малдове. У мінулым мы эфектыўна супрацоўнічалі пры правядзенні Усходняй палітыкі ЕС. Сёння мы размаўляем пра новую ролю для Ўсходняга партнёрства. Менавіта гэта будзе важнай тэмай падчас польскага старшынства ў ЕС.

Еўрапейскі Саюз пачаў афіцыйныя перамовы аб уступленні Украіны і Малдовы ў ЕС. Тэрмін іх завяршэнне не вядомы. Гучаць меркаванні, што далучэння можа адбыцца не раней 2030-га года.

Юры Ліхтаровіч