Апроч значнага павелічэння запасаў зброі і боепрыпасаў на межах альянсу з Беларуссю і РФ, у будучыні ўсходні фланг НАТА будзе ўмацаваны з дапамогай робатаў і аўтаматызаваных сістэм узбраення. Як паведаміў газеце Welt am Sonntag брыгадны генерал сухапутных войскаў НАТА Томас Ловін, гэтыя меры павінны, перш за ўсё, узмацніць стрымальны эфект у дачыненні да ваеннай агрэсіі Расіі.
Паводле яго дадзеных, уздоўж мяжы з РБ і РФ будзе створаны ўчастак, абаронены ў першую чаргу з дапамогай сістэм назірання і дыстанцыйнага кіравання - у мэтах стварэння перашкод магчымаму пасоўванню суперніка. Сама сістэма назірання будзе складацца з прылад, якія збіраюць дадзеныя на зямлі, у паветры, у космасе і нават у лічбавай прасторы. Атрыманая інфармацыя будзе даступная ў рэжыме рэальнага часу прадстаўнікам краін НАТА.
У той жа час брыгадны генерал падкрэсліў, што, нягледзячы на аўтаматызацыю, асноўная функцыя стрымлівання застаецца ў руках саміх людзей. "З дапамогай беспілотных сістэм немагчыма надоўга адпужаць або спыніць саперніка, - падкрэсліў ён. - У рэшце рэшт, заўсёды размова ідзе аб салдатах супраць салдат".
Афіцыйная назва новай канцэпцыі НАТА – Eastern Flank Deterrence Line ("Лінія стрымлівання на ўсходнім флангу"). Па словах Ловіна, яна таксама ўлічвае досвед Украіны ў яе абарончай барацьбе супраць агрэсіі Расіі.
DW Беларусь/нг