Беларуская Служба

Лукашэнка зноў спрабуе заігрываць з Захадам

22.07.2024 15:19
Лукашэнка адчуў слабасць Пуціна ды правярае даўжыню смычка, на якім яго Масква трымае, перакананы палітолаг Павал Усаў.
Аўдыё
  • Эксперт пра спробу Лукашэнкі пачаць дыялог з Захадам
Ілюстрацыйнае фотаSERGEI SAVOSTYANOV/SPUTNIK/KREMLIN POOL / POOL

Лукашэнкаўскія чыноўнікі анансавалі новыя вызваленні палітвязняў. Сам дыктатар заяўляе пра неабходнасць знайсці «шляхі супрацоўніцтва» з ЕС. Лукашэнка адчуў слабасць Пуціна ды правярае даўжыню смычка, на якім яго Масква трымае, перакананы эксперт.

Старшыня лукашэнкаўскага Вярхоўнага суда анансаваў чарговую хвалю вызвалення палітвязняў. У эфіры БТ чыноўнік рэжыму расказаў, што 14 чалавек былі памілаваныя, і рыхтуюцца яшчэ некаторыя прапановы па памілаванню». На дадзены момант праваабаронцам вядома пра 18 палітвязняў, якія датэрмінова выйшлі на свабоду 3 ліпеня. Сёння на волю выйшаў старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалай Казлоў.

Таксама 22 ліпеня Лукашэнка заявіў аб неабходнасці пошуку «шляхоў супрацоўніцтва» з Еўрасаюзам, бо гэта суседзі, у якіх можна нешта купіць ці нешта прадаць. Пару дзён таму рэжым увёў у аднабаковым парадку для грамадзян еўрапейскіх краін бязвізавы ўезд у Беларусь да канца бягучага году.

Мы папрасілі пракаментаваць гэтыя рашэнні ўладаў у Мінску палітолага Паўла Усава.

- Гэтыя крокі з боку Лукашэнкі выкліканыя тым, што ён адчувае слабасць Пуціна, які завяз ва Украіне. Таму ў Мінску спрабуюць вярнуцца да ранейшай палітыкі лавіравання і правяраюць як далёка могуць пайсці. Пры тым, што яны вызваляюць людзей селектыўна, толькі тых, хто больш не пагражаюць сістэме ды асабіста дыктатару. Яшчэ яны выпускаюць хворых, бо ім важна, каб перад выбарамі 25-га года ніхто з палітвязняў не памёр у турме. Разам з тым сістэма нічога не змяніла ў сваім функцыянаванні. Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, людзей арыштоўваюць за ўдзел у падзеях 2020-га года, каментары ў сацыяльных сетках. У Беларусі рэжым працягвае зачышчаць палітычную і сацыяльную прастору, ствараючы стабільныя ўмовы для прэзідэнцкіх выбараў 2025-га году, калі Лукашэнка паспрабуе вярнуць легітымнасць. У выніку Лукашэнка цалкам кантралюе сітуацыю ўнутры краіны і пачаў цяпер шукаць магчымасць выйсці з-пад кантролю Расіі. Рэжым шукае шляхі для кулуарнага дыялогу з Захадам. Аднак, як толькі Масква даведаецца пра жаданне Лукашэнкі вярнуцца да палітыкі перад 2020-м годам, пачнецца такі моцны прэсінг, што ўсе размовы з Захадам хутка скончацца.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Слухайце размову ў аўдыёфайле

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі