Гэтае рашэнне анансуецца як «адказ на гібрыдную вайну, абвешчаную ўсяму ЕС рэжымамі ў Маскве і Мінску». Беларусаў, якія ратуюцца ў Польшчы ад пераследу, не павінна закрануць, супакойваюць, юрысты.
Польскі ўрад анансуе змены ў заканадаўстве, накіраваныя на супрацьдзеянне нелегальнай міграцыі. Гаворка ідзе пра доўгатэрміновую міграцыйную стратэгію дзяржавы пад назвай «Вярні кантроль, гарантуй бяспеку», якая прадугледжвае часовае, тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак. Апроч таго, прэм'ер-міністр Польшчы заявіў, што ўрад не будзе выконваць пастановы ЕС, якія абмяжоўваюць бяспеку польскіх меж. Элементам новай міграцыйнай палітыкі таксама павінна стаць часовае тэрытарыяльнае прыпыненне права на прытулак.
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў пра тое, збіраецца прыпыніць дзеянне права аб прадстаўлення прытулку. Кіраўнік польскага ўраду нагадаў, што ў траўні на такі крок рашылася Фінляндыя. У Польшчы ў гэтым бачаць адказ на гібрыдную вайну, якую вядуць Расія і Беларусь.
- Дзяржава павінна вярнуць сабе 100% кантроль за тым, хто прыязджае ў Польшчу. 100 працэнтны кантроль! Задача дзяржавы забяспечыць тое, каб у Польшчу траплялі людзі, якія хочуць сумленна працаваць, плаціць падаткі, інтэгравацца з польскім грамадствам. Адным з элементаў міграцыйнай стратэгіі будзе часовае і тэрытарыяльнае прыпыненне дзеяння права на прытулак, і я буду дамагацца, каб Еўропа прызнала гэтае рашэнне, бо мы ведаем, як злоўжываюць гэтым правам Лукашэнка і Пуцін, гандляры людзьмі насуперак самой ідэі палітычнага прытулку.
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі дадаў, што ўрад Польшчы мае права абмяжоўваць міграцыю да мінімуму.
- У свой час я скарыстаўся Женеўскай канвенцыяй і быў палітычным уцекачом у Вялікабрытаніі ў 1980-ыя гады. Наколькі я памятаю права на палітычны прытулак мае нацыянальны характар, а не Еўрапейскага Саюза. Наколькі мне вядома, гэта наша нацыянальнае рашэнне.
Паралельна з гэтым польскі ўрад рыхтуе план паскоранага вяртання палякаў з-за мяжы, абяцаючы, між іншым, што з пункту гледжання бяспекі Польшча будзе адным з самых прывабных месцаў у свеце.
Суботняя заява прэм'ер-міністра Дональда Туска адносна права на прытулак стала прадметам шырокага абмеркавання. Так дэпутат ад Грамадзянскай кааліцыі Мацей Врубель заявіў у эфіры Польскага радыё, што часовае прыпыненне права на прытулак не азначае парушэння правоў чалавека:
- Гэта не мае нічога агульнага з прыпыненнем дзейнасці праў чалавека ў нашай краіне. Права на прытулак і часовае прыпыненне на частцы нашай тэрыторыі – гэта адзін з элементаў. Наша заканадаўства і міжнароднае права надалей гарантуе статус уцекача. Прытулак – гэта толькі адзін з элементаў.
Грамадзянская кааліцыя тлумачыць, што прыпыненне права на прытулак неабходнае для абароны Польшчы ад расійска-беларускіх гібрыдных нападаў на ўсходняй мяжы. Палітыкі гэтай партыі таксама кажуць, што такія дзеянні ўратуюць Шэнгенскую зону ад развалу.
У сваю чаргу палітыкі партыі «Права і справядлівасць» (ПіС) заявілі, што прыпыненне права на прытулак не вырашыць праблему нелегальнай міграцыі. Еўрадэпутат ад ПiС Патрык Які сказаў Польскаму радыё, што ўрадавыя заявы - звычайны папулізм.
- На маю думку, не можна прыпыніць права на прытулак. Усё адно гэта далёка не вырашэнне праблемы. Нават, калі прытулак будзе прыпынены, нагадаю, што падчас найбольшай атакі на польскую мяжу большасць людзей не прасілі прытулку. Яны імкнуліся перайсці праз польскую мяжу ды ісці далей. Гэта папулізм і пустыя словы.
«Дональд Туск пераходзіць на сцежку ПіС» дзеля большай папулярнасці, — сказаў у эфіры Польскага радыё палітолаг Войцех Масцібродзкі з Універсытэту WSB Merito.
- Дональд Туск часта кажа, што «Грамадзянская платформа» не ПіС, але дзейнічае як гэтая партыя. Адсюль жорсткі камунікат пра дзеянні на мяжы, бо менавіта гэта чакаюць людзі.
Юрысконсульт Аліна Рубаноўская лічыць, што ўзмацненне жорсткасці міграцыйнай палітыкі не закране непасрэдна бежанцаў з Украіны. Украінцы, якія знаходзяцца ў Польшчы, рэдка падаюць заявы на атрыманне міжнароднай абароны. У першую чаргу гэта звязана з тым, што тады бежанец не можа працаваць, чакаючы прытулку.
- Па-першае, у кожнага ёсць сям'я, якую трэба ўтрымліваць. Па-другое, вы таксама павінны здаць свой пашпарт, а наўзамен вы атрымаеце польскі часовы пашпарт. Мы кожны дзень маем справу з замежнікамі і бачым, што ўкраінцы хочуць захаваць свой украінскі пашпарт і мець толькі часовы від на жыхарства або, калі магчыма, сталы від на жыхарства ў Польшчы. Украінцы карыстаюцца міжнароднай абаронай вельмі рэдка.
Больш за тое Аліна Рубаноўска зазначае, што ў інтэрнэце часта можа быць ілжывы або зманіпуляваны кантэнт, да якога трэба падыходзіць вельмі асцярожна.
- Усё гэта падсілкоўваецца рознымі вэб-сайтамі, якія вырываюць з кантэксту пэўныя прапановы. Калі заходзіш у каментары, то валасы ўстаюць дыбам. Але гэта нармальна, што Дональд Туск клапоціцца пра бяспеку сваёй краіны. Трэба глядзець з іншага пункту гледжання: што гэтая палітыка сапраўды можа быць лепшай, а не тое, што нам усім скажуць з'язджаць адсюль.
Беларусам таксама не варта хвалявацца, тым больш панікаваць. Міжнароднай абароны беларусаў не пазбавяць, да Лукашэнкі не адправяць, але трэба памятаць пра шэраг важных правіл, кажа праўнік і сябра ўправы Беларускага фонду салідарнасці Вольга Дабравольская.
- Панікаваць не трэба. Беларусаў, якія атрымалі міжнародную ахову, не будуць яе пазбаўляць. Будуць магчымасці і ў далейшым часе падаваць заяўкі на міжнародную ахову. Хутчэй за ўсё, на практыцы заяўкі на міжнародную ахову не будуць прымацца ў падраздзяленнях Памежнай службы на польска-беларускай мяжы. Але трэба разумець, што цяпер ідзе абвастрэнне міграцыйнай стратэгіі, таму трэба памятаць, каб заўсёды дзейнічаць паводле польскіх законаў ды своечасова легалізаваць сваё перабыванне.
Кіроўная «Грамадзянская кааліцыя» хоча часова прыпыніць права на прытулак у Польшчы. Такое рашэнне пазаўчора агучыў прэм’ер-міністр Дональд Туск падчас партыйнага з'езду ў Варшаве. Гэта рэакцыя на выкарыстанне нелегальнай міграцыі як зброі з боку рэжымаў Пуціна ды Лукашэнкі. Беларусаў, якія былі вымушаныя з’ехаць, ратуючыся ад пераследу карнікаў дыктатара, гэтыя змены не закрануць, прагназуюць эксперты.
Юры Ліхтаровіч