Нелегальныя мігранты працягваюць штурмаваць польскія кардоны з беларускага боку. Ім у гэтым актыўна дапамагаюць супрацоўнікі сілавых структур рэжыму Лукашэнкі, заўважаюць польскія жаўнеры, якія нясуць службу на мяжы з Беларуссю.
1 жніўня бягучага году было прынятае рашэнне польскімі ўладамі аб тым, што на мяжы з Беларуссю пачалася новая ваенная аперацыя пад кодавай назвай «Бяспечнае Падляшша». Гэтая аперацыя стала працягам дапамогі, якую Узброеныя Сілы краіны аказвалі органам Памежнай аховы.
Аперацыя праводзіцца ў адказ на міграцыйны ціск на ўсходняй мяжы Польшчы. Галоўнай задачай вайскоўцаў Войска Польскага, якія ўдзельнічаюць у аперацыі, заяўлена дапамога ва ўтрыманні шчыльнасці дзяржаўнай мяжы. Пра тое як праходзіць аперацыя і з чым даводзіцца сутыкацца на мяжы польскім жаўнерам мы паразмаўлялі з прэсавым сакратаром аперацыі «Бяспечнае Падляшша» ” падпалкоўнікам Камілем Далонзкам.
— Сітуацыя на мяжы, якая цягнецца з 2021 года, застаецца без змен. Па-ранейшаму адбываюцца масавыя пераходы мяжы людзьмі, якія спрабуюць нелегальна пераадолець агароджу, які стаіць на мяжы. Маштаб гэтай з'явы ніяк не змяншаецца. Кожны дзень мы фіксуем ад 80 да 100 чалавек, якія нелегальна спрабуюць трапіць у Польшчу. Некаторыя з іх не маюць намеру заставацца ў Польшчы, а працягваюць рух у бок Заходняй Еўропы. З моманту пачатку аперацыі «Бяспечнае Падляшша», 1 жніўня гэтага года, калі 18-я механізаваная дывізія ўзяла на сябе адказнасць за падтрымку Памежнай службы ў ахове дзяржаўнай мяжы на ўчастку ўсходняй мяжы Польшчы, мы кожны дзень сутыкаемся з нелегальнымі мігрантамі.
Які характар нелегальнай міграцыі на польскай мяжы?
— Ні для каго не сакрэт, што тое, што адбываецца на ўсходняй мяжы і масавы прыток нелегальных мігрантаў — гэта з’ява, інспіраваная беларускім і расійскім рэжымамі. Гэтыя нелегальныя мігранты ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі памежнай службы Беларусі першапачаткова накіроўваюцца на тэрыторыю Беларусі, а адтуль дастаўляюцца на ўчастак мяжы з Польшчай, дзе беларускія супрацоўнікі дапамагаюць у перасячэнні мяжы. У нармальных умовах любая служба, якая ахоўвае мяжу, не дапусціла б такіх людзей да дзяржаўнага кардону. Іх знаходжанне на мяжы з Польшчай таксама кантралюецца і адбываецца з дазволу беларускіх сілавых служб. Як гэта выглядае з нашага ракурсу: пераходы мяжы адбываюцца як масава, групамі па 20-30 чалавек, так і паасобку. Часам гэта адзінкавыя людзі, часам групы па 2-5 чалавек. Выкарыстоўваючы простыя паўсядзённыя прылады, напрыклад, дамкрат для пад'ёму аўтамабіляў, яны згінаюць пралёты ў агароджы, што стаіць на польскай мяжы, і праз праём пераходзяць на другі бок. Наша задача як Узброеных Сіл — не дапусціць такіх правапарушэнняў і схапіць такіх людзей і перадаць іх памежнікам. Калі такое здарэнне ўжо адбылося, мы праводзім пошукавыя мерапрыемствы па выяўленні такіх людзей у бліжэйшай паласе паблізу дзяржаўнай граніцы і пасля іх захопу перадаём памежнікам.
Непакоіць тое, што штодня расце агрэсіўнасць з боку мігрантаў, зазначае наш суразмоўца
— З кожным днём мы заўважаем рост агрэсіі ў адносінах да салдат і афіцэраў Памежнай службы. Нелегальныя мігранты закідваюць салдат камянямі і кідаюць галлё. Апошнім часам з'явіліся дымавыя факелы, з'явіліся петарды, а таксама нешта новае, чаго раней не было, пра што нават ніхто з нас не мог падумаць, што такое можна зрабіць - паўэрбанкі, якія выкарыстоўваюцца для зарадкі тэлефонаў, пасля праколу пачынаюць моцна дыміць і выкарыстоўваюцца для стварэння чагосьці накшталт дымавой заслоны.
Гэтыя розныя хітрыкі прыдумваюць самі людзі, ці беларускія службы ім падказваюць?
— Цяжка адназначна сказаць, ці гэтыя прыстасаванні, з дапамогай якіх незаконна пераадольваюць мур на мяжы, выдаюць людзям беларускія памежнікі, ці яны самі прыдумалі магчымасць выкарыстоўваць гэтыя патэнты. Мы не можам сказаць гэтага выразна. Таксама нельга сказаць, што кожная з гэтых груп падрыхтаваная службамі суседняй краіны. Аднак салдаты бачаць на мяжы, што ў групах людзей, якія перасякаюць мяжу, або за імі стаяць беларускія памежнікі, якія інструктуюць і падказваюць, як прайсці мяжу. Тут бачна поўнае супрацоўніцтва, нельга сказаць, што гэта робіцца без ведама і згоды беларускага боку.
Ці польскі бок атрымлівае інфармацыю ад людзей, якія праходзяць, што адбываецца з другога боку мяжы?
— Усе мерапрыемствы, звязаныя з затрыманнем і допытам такога чалавека, распытваннем аб тым, як ён перасякаў мяжу і што адбываецца па той бок мяжы, — гэта кампетэнцыя Памежнай службы. Магу гарантаваць, што размовы з мігрантамі на гэтую тэму вядуцца. Таксама мы назіраем за тым, што адбываецца пры перасячэнні мяжы, як гэта арганізавана, якія элементы выкарыстоўваюцца. Як салдаты, мы проста вывучаем тактыку іх дзеянняў, каб быць падрыхтаванымі, каб ведаць, чаго чакаць, у якіх месцах, з якой інтэнсіўнасцю, і там мы рыхтуем нашы сілы і адаптуем нашу тактыку да таго, што адбываецца на мяжы.
Ці прызначаныя войскам рэсурсы на ахову мяжы дастатковыя?
— Я магу казаць толькі за Войска Польскае, таму што пра колькасць ахоўнікаў і паліцыянтаў, якія ўдзельнічаюць у ахове мяжы, трэба пытацца ў адпаведных службаў. Зараз у ахове мяжы ўдзельнічаюць каля 5,5 тысяч вайскоўцаў, але ва ўсёй аперацыі будзе задзейнічана да 17 тысяч вайскоўцаў. Гэтыя вайскоўцы з'яўляюцца на мяжы ў ратацыйным парадку. Яны час ад часу мяняюцца, каб не было вялікай нагрузкі, як фізічнай, так і псіхічнай, для салдат, якія нясуць службу на мяжы. Трэба разумець, што гэта нялёгкая служба, кожны дзень на мяжы салдаты сутыкаюцца з агрэсіяй і прысутнасцю мігрантаў. Часам салдатам ад гэтага трэба адпачыць, і па гэтай прычыне была ўведзена сістэма ратацыі. Па рашэнні міністра абароны ва ўсёй аперацыі «Бяспечнае Падляшша» будзе задзейнічана да 17 тысяч жаўнераў.
Міграцыйны крызіс – гэта навіна для Польшчы, але ён цягнецца ўжо тры гады, чаму за гэты час войска змагло навучыцца?
— Наша прысутнасць на мяжы доўжыцца амаль 3 гады. Гэты перыяд даў нам вялікі вопыт, паказаў шмат рэчаў, да якіх мы з самага пачатку ставіліся як да памылак дзяцінства, і цяпер імкнёмся іх паслядоўна ліквідаваць. Напрыклад, паляпшаем сацыяльныя ўмовы знаходжання салдат на мяжы. Спачатку мы не чакалі, што пратрымаемся тут так доўга. Пэўныя інвестыцыі па гэтай прычыне не рабіліся. Я маю на ўвазе інвестыцыі ў вайсковыя пасты непасрэдна на лініі мяжы. Салдаты пабудавалі сабе часовыя месцы службы. Цяпер мы паступова замяняем яго на каравульныя пасты, якія даюць салдатам годнае месца для выканання задач і хаванне ад непагадзі. Вайсковец, які прыбывае на мяжу, праходзіць серыю трэніровак у галіне выключна паліцэйскай дзейнасці, у тым ліку ўмення выкарыстоўваць меры прымусу і ўменне выкарыстоўваць тактыку барацьбы з натоўпам. Гэтыя навыкі салдаты будуць выкарыстоўваць падчас службы, бо мы ўдзельнічаем у міратворчых місіях за мяжой.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч