Беларуская Служба

У Лукашэнкі можа быць пазашлюбная дачка - СМІ

06.12.2024 15:46
«Ёсць прыкметы, якія сведчаць пра тое, што яна вельмі падобная да лукашэнкаўскай пароды».
Крысціна Моцная і Аляксандр Лукашэнкакрыніца: «Бюро»

Журналісты-расследвальнікі «Бюро» высветлілі, што ў Лукашэнкі можа быць пазашлюбная дачка.  

Асабістай цырульніцай Лукашэнкі і аўтаркай ягонага славутага зачосу на лысіне была Сняжана Моцная. Раней Альянс расследвальнікаў выявіў, што цырульніца са Шклова бясплатна атрымала ад аднаго з «кашалькоў» Лукашэнкі кватэру коштам 250 тыс. долараў. 

У 1991 годзе яна (тады піянерважатая) выйграла раённы конкурс прыгажосці. Прыз ад спонсараў конкурсу, магнітафон «Беларусь», ёй уручаў народны дэпутат, дырэктар саўгаса «Гарадзец» Лукашэнка. А напрыканцы 90-х яна стала яго асабістай цырульніцай. У Адміністрацыю Лукашэнкі на вуліцы Карла Маркса, 38 яе вазілі на службовым аўто. «Прывозілі да Лукашэнкі, каб яна [яго] прычэсвала. Таму што, дапусцім, узяць яго вобраз там 94-га года, там 96-га, гэта такі быў даволі калгаснаваты тыпаж, ну вось яму параілі ўзяць кагосьці, хто б сачыў за яго вобразам», - расказалі журналістам асобы, блізкія ў той час да Лукашэнкі.

Сняжана Моцная. Крыніца: shopogoliki.by Сняжана Моцная. Крыніца: shopogoliki.by

Увесну 1999 года Моцная зацяжарала, а потым атрымала кватэру ў цаглянай новабудоўлі палепшанай планіроўкі на вуліцы Магілёўскай у Мінску. У лютым 2000 года ў Сняжаны нарадзілася дачка Крысціна. Ні тады, ні пазней Сняжана Моцная замужам афіцыйна не была. А ў графе «бацька дзіцяці» яна пазначыла Моцнага Аляксандра Рыгоравіча. Як выявілі «Кіберпартызаны», такога чалавека ў Беларусі проста не існуе. Пра тое, што гэта дачка Лукашэнкі, журналістам «Бюро» сказалі дзве крыніцы, якія раней былі ў атачэнні кіраўніка Беларусі.

«Ёсць прыкметы, якія сведчаць пра тое, што яна вельмі падобная да лукашэнкаўскай пароды. Па-першае - лоб, бровы, адлегласць паміж вачыма і адлегласць паміж вачніцамі - яны дастаткова на вялікай адлегласці адна ад адной. То бок гэта вось такое сямейнае [падабенства] - у самога Лукашэнкі так. І ў тым ліку ў яе. У яе яшчэ вялікі рот, і калі ўзяць фатаграфію Лукашэнкі без вусоў, то менавіта вось гэты фрагмент - яны таксама даволі падобныя», - заявілі супрацоўнікі сілавых структур, якіх вучаць «счытваць твары».

24-гадовая Сняжана Моцная. Крыніца: Instagram 24-гадовая Сняжана Моцная. Крыніца: Instagram

Пасля нараджэння дачкі Сняжана Моцная трапіла на працу ў МЗС, дзе даслужылася да першага сакратара Галоўнага ўпраўлення Еўропы. Потым у Мінск перабралася яе маці Лідзія, якая стала вядучай спецыялісткай у Камітэце дзяржкантролю. А сама Сняжана ідзе ў бізнэс, становіцца вядучай спецыялісткай кампаніі «БелПоўдзеньнафтапрадукт», куды перацягвае са Шклова сваю сястру Ларысу. У 2009 годзе Ларыса пераходзіць у «Беларусьгандаль» Упраўлення спраў Лукашэнкі. 

А Сняжана нейкі час папрацуе ў Палацы Рэспублікі і Федэрацыі хакея Беларусі, а потым стане працаваць выключна ў кампаніях «кашалькоў» Лукашэнкі: «Трайпле», «Сохры», «Газ Венчурэ», «БСЗТ - Новыя тэхналогіі». Паводле звестак «Кіберпартызанаў», у 2023 годзе Моцная была памочніцай кіраўніка кампаніі «Брэміна груп», якая належыць Аляксею Алексіну, Мікалаю Вараб’ю і Аляксандру Зайцаву, і па сумяшчальніцтве працавала ў кампаніі «Эліксір Маладосці Плюс».

вс