Беларуская Служба

«Калі б сёння нейкі марсіянін прыляцеў на зямлю, то падумаў бы, што ідзе вайна паміж ЗША і Еўропай, а з Расіяй няма ніякіх праблем»

17.02.2025 16:48
Сусветныя СМІ і аналітыкі ацэньваюць значэнне і прагназуюць магчымыя наступствы штогадовай канферэнцыі па бяспецы, якая з пятніцы па нядзелю праходзіла ў Мюнхене.
Аўдыё
  • Мюнхенская канферэнцыя па пытаннях бяспекі
    ()
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі (злева) і канцлер Германіі Олаф Шольц на палях Мюнхенскай канферэнцыі PAP/EPA/SVEN HOPPE/POOL

Канферэнцыю эксперты называюць гістарычнай, згаджаючыся ў тым, што яна азначае пачатак новай эры міжнароднага супрацоўніцтва. Але таксама з’явіліся параўнанні з Мюнхенскім пагадненнем 1938 года, на моцы якога была падзеленая Чэхаславакія, прычым без удзелу Прагі ў перамовах.

На канферэнцыю ў Мюнхене ад беларускага боку была запрошаная лідарка беларускай дэмакратычнай супольнасці Святлана Ціханоўская. «Менавіта такой я бачу сваю Беларусь - еўрапейскай краінай без палітвязняў і тыраніі, дзе людзі могуць свабодна жыць і ўмацоўваць дэмакратыю», - сказала Ціханоўская падчас адной з дыскусій. У Мюнхене яна таксама падымала пытанне палітвязняў. Святлана Ціханоўская зазначыла, што палітыка ціску на рэжым Лукашэнкі прыносіць вынікі.

Аднак нумарам адзін на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы было пытанне Украіны і расійскай агрэсіі, а таксама пытанне глабальнай бяспекі і бяспекі на еўрапейскім кантыненце. Паводле экспертаў, Мюнхен паказаў, што старое «трансатлантычнае партнёрства» - трывалы саюз паміж ЗША і краінамі Еўропы - перастала працаваць. За апошнія некалькі дзён еўрапейскія лідары атрымалі мэсідж ад каманды Дональда Трампа: не варта разлічваць на тое, што за сталом перамоваў аб спыненні вайны ва Украіне знойдзецца месца для прадстаўнікў Еўропы. Больш за тое, у намечаных на найбліжэйшы тыдзень расійска-амерыканскіх перамовах на гэтую тэму не будзе нават самой Украіны. І менавіта адсюль параўнанне з Мюнхенам 1938 года: маўляў, тады лёс Чэхаславакіі вызначаўся без яе ўдзелу, а цяпер будучыня Украіны будзе вырашаецца без удзелу Кіева.

Па выніках мюнхенскай канферэнцыі можна зрабіць выснову, што наступіў час пахаладання ў амерыканска-еўрапейскіх адносінах. Новая адміністрацыя Трампа і ён сам часта абвінавачваюць Еўрасаюз у розных грахах – рэальных і выдуманых. Былы прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі ўпэўнены, што ў Еўропы ёсць мілітарны і эканамічны патэнцыял для супрацьстаяння расійскаму імперыялізму, без дапамогі ЗША. Экс-прэзідэнт таксама мяркуе, што Еўропа не можа дапусціць да таго, каб ЗША дыктавалі свае ўмовы адносна міру ва Украіне.

- Амерыканцы кажуць: «Мы вам пакажам, як уладкаваць Еўропу, а вы за яе будзеце адказваць». На шчасце, у пытанні Украіны Еўропа гаворыць у адзін голас і працягвае дапамагаць Кіеву як эканамічна, так і пастаўляючы вайсковую дапамогу. Больш за тое, Еўропа пачынае павялічваць свой мілітарны патэнцыял.

Стратэгічнае партнёрства Еўропа-ЗША дае трэшчыну, заўважаюць палітыкі і эксперты. Мы назіраем за тым, як пачынае разрушацца ранейшая архітэктура міжнароднай бяспекі, заявіў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павал Коваль, які прымаў удзел у канферэнцыі.

- Калі б сёння нейкі марсіянін прыляцеў на зямлю, то падумаў бы, што ідзе вайна паміж ЗША і Еўропай, а з Расіяй няма ніякіх праблем. Я думаю, што непаразуменне паміж Еўропа і ЗША не дасягне свайго піку, бо горка глядзець на тое, як разрушаецца архітэктура бяспекі, у якой жылі мы, а таксама нашы бацькі, для якіх ЗША і старая Еўропа былі гарантам бяспекі.

Змена падыходу ЗША да Еўропы і Украіны прымусіла еўрапейскіх палітыкаў задумацца над тым, каб інтэнсіўна пачаць працу над умацаваннем ЕС. «Еўрапейскія дзяржавы павінны інвеставаць у абаронны патэнцыял», сказаў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

- Гэта павінна адбыцца цяпер, прычым гэта павінна быць вялізная інвестцыя. Я маю на ўвазе рашэнні, фінансаванне, лагістыку... Еўрасаюз і яго члены павінны хутка прыняць рашэнні адносна сваёй бяспекі.

Дональд Туск накіраваўся ў Парыж на сустрэчы ў вярхах кіраўнікоў урадаў і краіны Еўрасаюза. Адразу ж пасля завяршэння Мюнхенскай канферэцыі іх запрасіў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Адной з галоўных прычын сталі нападкі віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Ды Вэнса на еўрапейскую палітыку - многія ўдзельнікі канферэнцыі палічылі іх абразлівымі. Аднак многім людзям па абодва бакі Атлантыкі выступленне Вэнса прыйшлося вельмі па душы, а прэзідэнт Дональд Трамп нават назваў прамову бліскучай.

Занепакоенасць на еўрапейскім кантыненце выклікала таксама пазіцыя ЗША па Украіне. Заключыць здзелку, каб пакласці канец вайне ва Украіне, Вашынгтон і Масква збіраюцца незалежна ад меркавання самой Украіны - ды і ўсёй Еўропы ў цэлым.

Сёння ў Саудаўскай Аравіі пачаліся ўступныя перамовы паміж прадстаўнікамі ЗША і Расіі наконт заканчэння баявых дзеянняў. На сустрэчу прадстаўнікі Кіева не былі запрошаныя.

Украіна не будзе ўдзельнічаць у перамовах паміж ЗША і Расіяй аб спыненні вайны ва Украіне на гэтым тыдні ў Саудаўскай Аравіі. Пра гэта заявіў журналістам прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падчас брыфінгу з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў.

«Украіна расцэньвае любыя перамовы аб Украіне без Украіны як беспаспяховыя, і мы не можам іх прызнаць… Ніякіх дамоўленасцяў пра нас без нас», — сказаў Уладзімір Зяленскі.

Сам ён плануе ў сераду, 19 лютага, наведаць Саудаўскую Аравію.

Раней стала вядома, што ў сталіцы Саудаўскай Аравіі 18 лютага пройдуць перамовы прадстаўнікоў Расіі і ЗША.

Амерыканскі бок прадставяць дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа, дарадчык прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Майк Уолц і спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Блізкім Усходзе Стыў Уіткаф.

Расію на перамовах прадставяць міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў і памочнік прэзідэнта Юры Ушакоў.

Паводле СМІ, ЗША маюць намер правесці асобныя двухбаковыя перамовы з Расіяй і Украінай, а толькі пасля гэтага сумесныя перамовы з удзелам абодвух бакоў.

вс

слухайце аўдыёфайл