Міністэрства замежных спраў працуе над запускам спецыяльнага IT-сэрвісу, які прадухіліць дзейнасць несумленных візавых пасрэднікаў, што дзейнічаюць у многіх краінах. Яны блакуюць месцы ў чарзе да консула — за грошы, нават некалькі тысяч долараў, «аддаюць» іх іншаземцу, які афармляе візу ў Польшчу. Працэдура вядомая гадамі – у інтэрнэце лёгка можна знайсці прапановы хутка запісацца на прыём у польскім консульстве па візу ў абмен на «хабар».
– Дамовіцца на сустрэчу ў консульстве чалавеку, які мае легальны дазвол на працу ў Польшчы, было проста немагчыма. Калі на сайце e-konsulat пачыналася рэгістрацыя, усе магчымыя даты знікалі за некалькі секунд – паведаміў выданню Rzeczpospolita адзін з дырэктараў IT-кампаніі ў Польшчы, дзе працуюць замежнікі.
Міністэрства замежных спраў на працягу многіх гадоў афіцыйна супрацоўнічае са знешнімі кампаніямі па візавых заяўках. Сярод іншага гэта: TLS ва Украіне, VF Services LLC у Беларусі, BLS на Філіпінах і VFS Global Services Private Limited у Індыі.
Браніраваць месца ў чарзе зможа толькі заяўнік візы
«Консульскі дэпартамент МЗС плануе ў бліжэйшы час запусціць дадатковую электронную паслугу для праверкі асобы, якая мае намер запісацца на прыём у консульскую ўстанову праз інтэрнэт-сэрвіс», — паведамляе польскі МЗС.
Неафіцыйна вядома, што для гэтага будзе выкарыстоўвацца біяметрыя — увайсці ў візавую анкету можна будзе з дапамогай індывідуальных біяметрычных функцый такіх, якія абараняюць доступ да мабільных тэлефонаў, як адбітак пальца або распазнаванне твару.
Чакаецца, што сэрвіс па блакіроўцы несумленных пасрэднікаў будзе ўведзены ў канцы гэтага года.
Для эксперыменту Міністэрства будзе вызначаць аб'екты ў паасобных краінах, якія падвяргаюцца найбольшаму міграцыйнаму націску, напрыклад, у Індыі, Філіпінах, Узбекістане, - паведамляе Rzeczpospolita.
яс