Беларуская Служба

Трамп ідзе ў унісон з чаканнямі грамадства ЗША

28.02.2025 06:38
60% амерыканцаў лічаць, што пакуль ён лепшы прэзідэнт чым быў Джо Бадэн на пачатку свайго тэрміну.
Аўдыё
  • Большасць амерыканцаў падтрымліваюць дзеянні Трампа
Ілюстрацыйнае фотаEPA/AL DRAGO / POOL Dostawca: PAP/EPA

Пасля прыходу Трампа да ўлады з вуснаў экспертаў ды палітыкаў, асабліва еўрапейскіх, гучаць акрэсленні “какафонія”, “хаос” у дачыненні да палітыкі, якую вядзе новы амерыканскі прэзідэнт. Зусім інакш лічаць амерыканцы: больш за 40% кажуць, што краіна ідзе ў добрым кірунку, а амаль 60% амерыканцаў лічаць, што пакуль ён лепшы прэзідэнт чым быў Джо Бадэн на пачатку свайго тэрміну. З чым гэта звязана, размова з палітолагам Аляксандрам Лагвінцом.

Дональд Трамп займае пасаду прэзідэнты толькі месяц, а ўжо выклікаў не раз здзівіць, абурыць, напалохаць увесь свет. Спектр рэакцый вельмі розны. У Кітаі пануе стрыманасць, у Расіі – захапленне, у Еўропе абурэнне. У першую чаргу гэта звязана з адным з перадвыбарных абяцанняў Трампа - спыніць вайну ва Украіне за 24 гадзіны. Амерыканскі прэзідэнт вайну не спыніў за месяц, толькі робіць усё больш і больш прарасійскія заявы. Больш за тое, амерыканскія афіцыйныя  асобы часам супярэчаць адзін аднаму настолькі, што міністр абароны Германіі назваў палітыку Трампа  «какафоніяй».

Таксама ўнутры краіны адбываюцца пратэсты і гучыць крытыка дзеянняў прэзідэнцкай адміністрацыі. У першую чаргу з-за спынення міжнароднай дапамогі ды масавыя звальненні дзяржаўных службоўцаў. Аднак крытыкуе Трампа – меншасць, большасць падтрымлівае яго пачынанні. Пра гэта сведчаць цвёрдыя дадзеныя, кажа палітолаг Аляксандр Лагвінец.

- Пасля месяцу знаходжання пры ўладзе адміністрацыя Трампа карыстаецца падтрымкай амерыканцаў. Пра гэта сведчаць нядаўна апублікаваныя вынікі апытанняў грамадскай думкі. Гарвардскі цэнтр палітычнага аналізу высветліў, што амерыканцы больш падтрымліваюць Трампа, асабліва па ключавых пытаннях парадку дня, якія прасоўвае цяперашняя адміністрацыя. Ідзецца пра больш жорсткую анты эміграцыйную палітыку, скарачэнне дзяржаўных выдаткаў і ўвядзенне мытных пошлін у адказ на дзеянні іншых краін. Для сярэдняга амерыканца гэта важныя рэчы. У параўнанні з першым месяцам Джо Байдэна Трамп выйграе. Яго падтрымліваюць 60% амерыканцаў. Апроч пераймання Мексіканскага заліву ў Амерыканскі ды адмовы даваць грамадзянства дзецям мігрантаў, па астатніх пытаннях прапановы Трампа па рашэнні праблем ЗША падтрымліваюцца большасцю амерыканцаў. Больш за тое, папулярнасць партыі Дэмакратаў працягвае падаць. Гэта трэба ўлічваць.

Вы сказалі, гэта трэба браць пад увагу, то бок украінцы павінны падпісаць невыгодную для іх дамову аб перадачы ЗША радовішчаў карысных выкапняў?

- Ідзецца пра тое, што апроч эмацыйных аспектаў дзеянняў адміністрацыі, асноўныя крокі маюць шырокую грамадскую падтрымку. Гэта значыць, што гэта не выпадковасць, што Трамп зноў стаў прэзідэнтам Злучаных Штатаў. Трэба гэта ўлічваць у сваёй палітыцы. Трэба разумець, што з боку амерыканскай адміністрацыі цяпер ёсць транзакцыянісцкі падыход. У іх не проста капрызы, а праявы стану грамадскай думкі ў ЗША. Такая сітуацыя будзе трываць, але ў Амерыцы ёсць розныя сілы і сітуацыя можа змяніцца пазней.

Вы бывалі неаднаразова ў ЗША, нават там жылі, чым Вы тлумачыце гэта кансерватыўны паварот амерыканцаў?

- Усё залежыць ад камунікацыі і таго, пад якім соусам падаецца. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца сацыяльныя сеткі. Больш амерыканцаў давяраюць інфармацыі з сацсетак Трампа, чым СМІ. Трамп не кажа пра ізаляцыянізм, ён кажа, што хоча зрабіць Амерыку вялікай, дзейнічаць на карысць амерыканскага народу і з усімі дамаўляцца. Ён прапануе вельмі спрошчаную схему, кажучы, што іншыя краіны карыстаюцца з гандлю з намі. Гэта несправядліва, яны павінны нам больш плаціць за доступ на наш рынак. Сярэдні амерыканец з гэтым згодны.  

Лютаўскае апытанне Harvard Caps / Harris паказала, што: 58% выбаршчыкаў больш задаволеныя прэзідэнцкай працай Трампа, чым Байдэна. Падтрымка дэмакратычнай партыі сягае рэкордна нізкага ўзроўня ў 36%. Пры гэтым амерыканцы хочуць, каб Украіна вяла перамовы аб міры з Расіяй, але большасць выяўляюцца супраць тэрытарыяльных саступак і жадаюць, каб ЗША далі гарантыі бяспекі.

Юры Ліхтаровіч